Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
Ты памятаеш той дзень, калі даведалася пра дыягназ?
— Так, памятаю. Вельмі добра памятаю. Я пайшла да практолага ў прыватную клініку. Ён мне адразу сказаў, нават не дачакаўшыся вынікаў аналіза, што ў мяне злаякасная пухліна.
Шчыра кажучы, я адразу падумала: «Як гэта так? Без аналізаў, без усяго — і дыягназ?» Але з іншага боку я разумела, што такімі рэчамі не жартуюць. Прыйшла да дому, а ў мяне адчуванне, што ў руках падарвалі бомбу. Мне здавалася, што жыццё скончылася, гэта ўсё — яго няма. На наступны ж дзень ужо са старэйшай дачкой я вярнулася да лекара. Я была нібы ў тумане, не магла зразумець, што адбываецца. Мне здавалася, што гэтая хвароба можа закрануць ўсіх, толькі не мяне. Так, быццам чула, так, ведала, так, калі-нікалі дзесьці сутыкалася. Але на маём шляху мала сустракалася людзей, якія перажылі рак. Зараз разумею, ацэньваючы ўсё, што шмат аб чым не ведала. Дыягназ стаў для мяне шокам. У тую хвіліну гэта было вельмі жахліва. Усведамленне таго, што ў цябе анкалогія… Мне тады здавалася, што гэта смерць. Іншага варыянту я не разглядала. Такі стан доўжыўся пару дзён.
Толькі потым, праз нейкі пэўны час, я зразумела, што так, гэта яшчэ адзін этап майго жыцця. Мы толькі купілі кватэру, рабілі рамонт у ёй. Я ляжала ў лякарні, калі дачкі пераязджалі. Пасля аперацыі я прыехала ўжо ў новую кватэру.
Мне некалькі разоў прыходзілася пачынаць усё з пачатку. І я гэта ўспрыняла як чарговы жыццёвы этап, чарговую сцяну, якіх у маім жыцці было нямала — і ўзялася за працу. Я стала разважаць, думаць, што гэта ўсё не проста так. У чалавека ў жыцці нічога не бывае без прычыны. Няма чароўнай палачкі, няма залатой анцілопы. Шмат чаго няма. І ты павінен прыняць гэта. І я прыняла, што для мяне гэта — нейкі знак.
Я спрацавала на пазітыў, а не на негатыў. Толькі на пазітыў. І ў мяне пайшло. Я чакала, калі прыйдзе аналіз. Аналіз сапраўды падцвердзіў анкалагічнае захворванне. Але тады для мяне ўжо не было шоку. Я ўжо прыняла. Я сама сабе сказала: «Так, гэта праблема. Так, гэта складана, але гэта вырашальна». І ўсё. Пайшоў працэс лячэння.
Што было складаней: прыняць дыягназ ці новы склад жыцця?
— Само лячэнне, аднаўленне было вельмі складаным. Спецыфіка такая, што я не магла два месяцы сядзець. Мне нельга было гэтага рабіць. Зараз кажуць, што гэтага няма, неяк хутка выпісваюць з лякарні. Тады гэта было так: тры тыдні ў лякарні пасля аперацыі і два месяцы толькі лежачы ці стоячы. Па-іншаму ніяк.
Тут на дапамогу да мяне прыйшла мая сям’я. І дзеці, і сястра, і пляменнікі — усе неяк мабілізаваліся, таму што мяне трэба было адвезці да лякарні, прывезці, а я не магла сядзець, г.зн. лежачы мяне ў машыне вазілі. Калі не маглі мае дзеці — везлі пляменнікі, зяць. Мабілізаваліся ўсе. Чаго я, шчыра кажучы, не магла сабе ўявіць. Я ведала, што мы разам, але каб настолькі? Здарылася пераацэнка сям’і, і для ніх, і для мяне.
А потым, вядома ж, перыяд прыняцця таго, што ў мяне анкалагічнае захворванне, што стома. Мне нават было прасцей, мабыць, прыняць анкадыягназ, чым прыняць стому.
Адзінае, у маім жыцці з’явіліся фарбы. Я ўбачыла жыццё ў адценнях, у адценнях розных коляраў. Стала аглядвацца, глядзець не як зашораная кабыла, якая ідзе, бяжыць наперад, а я бегла па жыцці, мне патрэбна было ўсё паспець: зрабіць тое-гэтае, там кватэру купіць, яе адрамантаваць, дзеці і далей, далей, далей… А ў тую хвіліну, калі здарыўся эфект бомбы, якая выбухнула, такі стоп-кадр, я паглядзела па баках і зразумела, што і злева, і справа, і ззаду — вакол мяне — ёсць жыццё. І такім чынам мне адкрылася, што жыццё настолькі шматграннае, што ў ім столькі фарбаў…
Мы жывем, прачынаемся і лічым, што гэта нармальна, якія праблемы. Ан не. А прачнуцца — гэта таксама шчасце. Заснуць шчаслівай — гэта таксама шчасце. Бачыць дзяцей, і ўвогуле бачыць сонца… У жыцці столькі фарбаў, якіх мы не заўважаем наўпрост. Мы прыймаем гэта як належнае. Гэта няпраўда. Гэта ўсё падарункі. Гэта не даецца проста так. Гэта трэба пачуць. Гэта трэба ўбачыць. Гэта трэба зарабіць. Я не маю на ўвазе грошы, а я маю на ўвазе зарабіць сваімі адносінамі да жыцця, каб убачыць усё гэтае. Мы не бачым паўтаноў. Я не кажу, што ўсе. Гэта будзе няпраўда. Але ў асноўным мы стараемся жыць, каб апрануцца, абуцца, зарабіць грошай, жыць у дастатку. Гэта вельмі добра. Гэтае жаданне правільнае. Але за гэтым жаданнем, за гэтым бегам, за гэтымі гонкамі па вертыкалі мы не бачым фарбаў. А я іх убачыла. Не ведаю, што хто скажа… Я ў прынцыпе ўдзячная ўсяму таму, што са мной здарылася. Мне сёння не перашкаджае ані стома, ані што іншае. Я жыву паўнавартасным жыццём. Я гэтак жа сама хаджу ў тэатры, у кіно. Як усе нармальныя людзі. Чаму я не нармальная?
Ну ёсць у мяне яшчэ такое хараство: стома. Я яе называю «дзяўчынка мая», я з ёй вельмі сябрую. Ну так проста здарылася ў жыцці. Трэба гэта прыняць, зразумець і ісці далей.
Няўжо можна «пасябраваць» са стомай?
— Гэта складана. Гэта сапраўды складана. Сёння, праз 7 гадоў, мы з ёю дамовіліся. Але ў той час… Складана, вельмі складана, таму што шмат часу займае догляд за стомай. Асабліва тады, калі яна з’явілася. Да гэтага ні скура, ні твой арганізм не былі гатовыя. Са скурай складана, таму што ў цябе ўвесь час на скуры знаходзіцца рэч: кальцо, клей. Таму я падбірала: і кольца, і мазі, і апрацоўку.
Зараз, вядома, праблемаў няма. А тады былі праблемы, былі пухіры. Здымаеш кальцо — пад ім усё цалкам раздражнёнае. І думаешь толькі: «Гасподзь, а як жа новае прыляпіць?», таму што баліць. Ты апрацаваў, удыхнуў-выдыхнуў, іншага варыянту няма, акрамя як ляпіць гэтае кальцо. Гэта першае.
А другое, я хачу сказаць, што мне трапіўся вельмі добры лекар, мой, які аперыраваў, лекар, які мне дапамагаў, падказваў, як трэба правільна рабіць, як трэба правільна паступаць, як апрацоўваць, як падбіраць, таму што нельга сказаць, што вы вазьміце вось гэты крэм, памажце і ўсё будзе выдатна. Гэта няпраўда. У кожнага свая скура. Я магу толькі выказваць сваё меркаванне, сказаць, што я карысталася вось гэтым і мне гэта дапамагло. Як крэм для твару. Мне падыходзіць, а камусьці не. Так і тут. Складана агулам сказаць, што вы ведаеце: крэм універсальны для ўсіх. Гэта няпраўда. Апрацоўваць чымсьці адным — гэта таксама няпраўда, што будзе ўсім падыходзіць. Я шукала — і я знайшла. Нават памер кальца, а яны бываюць розныя, я таксама падбірала, купляла. Спачатку 6. Не падышоў памер. Потым падбірала вытворцу. Вельмі многае залежыць ад складу клею, таму што гэты клей знаходзіцца на тваім целе 24/7 кожны дзень і кожны год, да тае пары, пакуль мы дыхаем. Па-іншаму быць не можа. І вось так, метадам проб і памылак, прыйшла да выніковага варыянту. Часам плакала, таму што баліць, але выбару няма. Стома — яна ёсць і ёсць.
Зараз скура мая адаптавалася. Таму я нічога цяпер не эксперыментую. Я знайшла для сабе варыянт кольцаў, памера, вытворцы. Нічога не мяняю на працягу вось ўжо шасці гадоў. Год я, напэўна, была ў пошуках. І потым паступова, паступова знайшла. Бывае часам раздражненне. У чалавека таксама на твары выскоквае прышчык і пабальвае. Бывае, калі штосьці дзесьці можа быць патрапіла ці там неакуратна нешта зрабіла — бывае, але гэта не трагедыя. Ну, пабалела, ну так.
Вядома, я кажу, што я са стомай пасябравала, таму што спецыфіка гэтага захворвання ў тым, што яна — адзін з органаў, яна ад цябе не залежыць, ты ўвогуле ім не кіруеш. Па-іншаму трэба нармалізаваць свае харчаванне, крыху падкарэктаваць. Як мой лекар сказаў, што можна есці ўсё, але ў разумных межах. Тым не менш, калі я іду на нейкую сустрэчу, калі еду адпачываць, я разумею, што мне не варта есці капусту, гарох, таму што гэтым працэсам я не кірую і адрэгуляваць гэта хутка я ўжо не змагу.
У мяне людзі пытаюць: «Як ты ходзіш на манікюр, да цырульніка?» Так і хаджу. Я ўсюды хаджу, усюды бываю. Хаджу на манікюр, хаджу да цырульніка, плаваю ў моры, у басейне… Усё роўна мы кіруем сваім арганізмам. Калі я хачу спакойна адпачыць у маёй сітуацыі з маёй характэрнай асаблівасцю, я рэгулюю харчаванне. І не болей таго. Так, складана, так, нялёгка, так, не даецца пстрычкай або ўзмахам чароўнай палачкі. Але… моцнымі не нараджаюцца.
Хіба ты не нарадзілася моцнай?
— Вельмі шмат хто кажа: «Ну вядома, ты моцная, ты можаш справіцца.». Вось у мяне ёсць знаёмая жанчына, якая любіць гаварыць, што я моцная. Якая я моцная? Я такая ж жанчына. Я таксама магу і плакаць, і хвалявацца, маю досыць праблемаў. Я ні ад чаго не агароджаная. Але я папросту іду наперад, метадам проб, памылак, удараў. А па-іншаму як? Калі я зараз складу свае ручкі і скажу: «Вы ведаеце, я — такая няшчасная, у меня анкалогія, у мяне стома, я хутка памру». Што памяняецца? Ні-чо-га. Мы ўсе смяротныя. Няма чалавека, які будзе жыць вечна.
Але я лічу, што трэба жыць, ісці наперад, калі ты гэтага хочаш, вядома. Калі не хочаш, то гэта — твае праблемы. Я такіх людзей не асуджаю і ніколі не асуджала, але гэта не пра мяне. Я не гатовая сядзець і чакаць. Я жыву, жыву па поўнай праграме. Па сваёй праграме. Не чыёйсці. Я хачу ісці ў нагу з часам, з тэндэнцыямі як моды так і стылю, у адпаведнасці са сваім ўзростам. У мяне цудоўныя дзве дачкі, у мяне выдатная ўнучка. І яны, і маё ўласнае «я» патрабуюць таго, каб жыць сёння, заўтра, паслязаўтра, г.зн не спыняючыся. Таму толькі хачу адно сказаць: моцнымі не нараджаюцца, імі становяцца, ці то дзякуючы, ці то насуперак.
Ці ёсць мара, якая дапамагае ісці наперад?
— Такой глабальнай мары ў мяне няма. Сёння я хачу стварыць свой ютуб-канал, гэта мая мара — я яе вынашваю ўжо нямала часу — і аб’яднаць такіх людзей, як я. Каб мы маглі пакамунікаваць, пагаварыць, дзесьці камусьці нешта параіць. Не як ісціна ў першай інстанцыі, але каб людзі, такія ж як і я, не баяліся зносінаў, не баяліся выходзіць да людзей, каб яны не баяліся ездзіць на мора адпачываць. Гэта цудоўна — бачыць гэтыя фарбы, жыць. Таму мая мара сёння — дапамагчы такім, як я, таму што гэта сапраўды складана, таму што с гэтым ты жывеш штохвілінна, штоімгненна. Бо не ва ўсіх людзей ёсць падтрымка. Вялікая колькасць людзей у маім становішчы баяцца аб гэтым гаварыць, баяцца быць адхіленымі.
Каб дапамагчы сабе, што могуць зрабіць стамаваныя людзі?
— Стамаваныя людзі альбо іх сваякі, я вас прашу, вы задавайце свае пытанні пад відэа, а я іх усе прагляджу, памяркую над адказамі і праз нейкі час адкажу. Альбо пішыце на oncopatient.by@gmail.com. Мне перададуць усе вашыя пытанні, усе без выключэння, і мы потым выпусцім яшчэ адно відэа-інтэрв’ю, ужо з адказамі на вашыя пытанні. І вось так паціху, дзякуючы вашым пытанням, мы з вамі і запусцім новы ютуб-канал.
P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі Курыцу, тушаную з брокалі па сямейным рэцэпце Вольгі Суравец і гістарычнае Бульбяное пюрэ з макам у адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.
Дзякуем Веры Лебядзеўскай за пераклад размовы на беларускую мову.