У сярэдзіне траўня 2022 года кола анкапацыентаў і іх блізкіх зрабіла чарговае кулінарнае падарожжа. Разам з гідам па веснавой кулінарнай кухне XVIII стагоддзя Аленай Мікульчык усе прысутныя ўвасобілі сябе сучаснікамі Саламеі Русецкай, першай у гісторыі не толькі Рэчы Паспалітай, а і Ўсходняй Еўропы, жанчыны-лекара, аўтаркі прыгодніцкага мемуарнага рамана “Авантуры майго жыцця”.
Трэба зазначыць, што медыцынская навука пачала набываць вялікую папулярнасць менавіта ў XVIII стагоддзі. Але ніводная жанчына не магла ў той час атрымаць адпаведную медыцынскую адукацыю, бо ўніверсітэты былі адчынены толькі для мужчын. Жанчына магла стаць доктарам толькі дзякуючы самаадукацыі або свайму бацьку, брату, мужу падчас супрацы з імі. Саламеі, ураджэнцы Навагрудка, пашчасціла ўзяць шлюб з доктарам Якубам Гальпірам, які не толькі не забараняў жонцы дапамагаць яму лячыць хворых, але і спрыяў яе медыцынскай адукацыі, да якой далучыў італьянскага лекара. Менавіта такім чынам дапытлівая і працавітая Саламея стала вельмі запатрабаванай дакторкай у любой мясціне, дзе б яна не жыла.
Паколькі кулінарнае падарожжа, якое ладзіла гісторык кулінарыі, знаўца беларускай кухні, шэф-кухар Алена МІКУЛЬЧЫК, адбывалася напярэдадні лета, калі ўжо пайшла ў рост першая трава, то і стравы адпавядалі сезону. Вельмі ўражлівым стала для ўдзельнікаў падарожжа гатаванне шляхецкага халадніку ды скібак са звычайнай сніткі і крапівы. Здавалася б, пустазелле, а шляхта ім не грэбавала.
На гарачае гатавалі індычку, рэцэпт якой нарадзіўся ў XVIII стагоддзі, калі шампанскае пачалі масава спажываць па ўсёй Еўропе. Да яе дадалі не меньш гістарычны соус Бешамель. А напрыканцы на дэсерт гатавалі каву па-старабеларуску. У XVIII стагоддзі яна яшчэ не была такой папулярнай, масавым напоем яна стане на рубяжы стагоддзяў, у XIX-м нават прафесія адпаведная з’явіцца – кавярка – жанчына, якая ўмее гатаваць каву. Каву спачатку пілі па-турэцку: моцную, густую і без цукру, са спецыямі, але шмат каму не падабаўся гаркавы смак. Каб атрымліваць асалоду, каву пачалі спажываць з цукрам або мёдам, а пасля таго, як семкі сланечніка сталі ўжываць у ежу, мясцовыя кулінары вынайшлі цукеркі. Шляхце спадабалася!
Што сказаць, сапраўды, хто шукае, той знойдзе! І нават пад нагамі! Кулінарныя падарожнікі ў XVIII стагоддзе зараз ведаюць, што шукаць не толькі ў крамах, але і ўвесну на лясных дарогах, каб парадаваць сябе і блізкіх карыснымі і экалагічнымі стравамі. Спадзяемся, цяпер ведаеце і вы, нашы чытачы!