Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
А вы ніколі не задумваліся, чаму зробленыя з тварагу сырнікі называюць сырнікамі, а не тварожнікамі? Чаму парушана логіка ў назве?
Сырнікі Адказ можна знайсці ў кнізе шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык «Шляхецкая кухня». Аказваецца, самым распаўсюджаным сырам на нашай зямлі аж да XVIII стагоддзя быў тварожны сыр ці тварог. Такі сыр атрымлівалі з сыраквашы — заквашанага малака, адкуль і ўтварылася назва — прадукт, які атрымліваецца з СЫРога малака.
Блытаніна з назвамі адбылася тады, калі была наладжана прамысловая вытворчасць цвёрдага сычужнага сыру па еўрапейскіх тэхналогіях. Менавіта яго з тых часоў сталі называць сырам, а тварагом — тое, што раней было сырам. Але корань сыр настолькі прыжыўся ў сырніках, што нікому не прыходзіць у галаву яго мяняць.
У сям’і Наталлі Купа сырнікі ў адрозненне ад запяканкі лічыліся святочнай стравай. Рэцэпт, які дастаўся ад бабулі, з часам мама дапаўняла, мяняла прапорцыі. «А яшчэ ў гэтай стравы ёсць загадка, якую ні я, ні мая сястра не можам разгадаць, — распавядае Наташа. — Мы рыхтуем сырнікі па маміным рэцэпце, але яны ніколі не атрымліваюцца такімі смачнымі, як у яе. Колькі разоў мы ляпілі іх усе разам. І я ўсё роўна не разумею, які таемны кампанент мама кладзе!».
Што тут скажаш? Мастацтва кулінарыі, як і іншыя віды мастацтва, заўсёды індывідуальна. Галоўнае — тварыць з любоўю. І тады ўсё атрымаецца, няхай і па-іншаму. На тое яно і мастацтва, каб памнажаць разнастайнасць! Згодны? Тады гатуйце сырнікі па рэцэпце Наталлі з любоўю да сваіх дарагіх людзей і ўбачыце, што мы маем рацыю.
Чытаць/Скачаць рэцэпт на беларускай і рускай мовах можна ТУТ.
Каб дзівоснае сямейнае чаяванне адбылося, вам трэба падрыхтаваць усе інгрэдыенты і зрабіць усяго 5 дзеянняў. Наташын рэцэпт вам у дапамогу:
Інгрэдыенты:
— 400 г тварагу
— 2 ст.л цукру
— 0,5 ч.л солі
— 1-2 яйкі
— 2 ст.л смятаны
— 3 ст.л. маннай крупы
— 3-5 ст. л сланечнікавага алею
Спосаб прыгатавання:
- Тварог змяшчаем у глыбокую міску і размінаем. Дадаём яйка, соль, цукар, смятану, змешваем. У канцы дадаём манку, старанна размешваем.
- Цеста пакідаем на 15-30 хвілін, каб манка набрыняла. Пасля дадаём 1 ст.л алею, размешваем.
- Апошняй дадаём муку, вымешваем, але не рукамі. Цеста павінна атрымацца густое, але не тугое.
- Сталовай лыжкай бярэм шарык, кладзем у горку мукі, рукамі абвальваем у муце і фармуем сырнік таўшчынёй прыкладна 1,5-2 см.
- Абсмажваем на сярэднім агні на патэльні з алеем.
- Сырнікі смачныя і гарачыя, і астылыя, са смятанай або любым варэннем.
Смачна есці!