Наталля Купа, 24 гады пасля анкадыягназу

Текст на русском языке ЗДЕСЬ.

Памятаеш, з чаго ўсё пачыналася?

Фота Кацярыны Малаш

— Безумоўна. Гэта быў 99-ы год. Майму сыну было амаль 3 гадкі. Зусім маленькі, малюсенькі. І я нават памятаю, як гэта пачалося. На жаль, тады ў майго сына здараліся прыступы ўдушша. Пазней, праз некалькі гадоў, яму паставяць астму, але ў той час яшчэ не ведалі, што з ім. І вось у чарговы раз яму стала дрэнна, мама да мяне тэлефануе, я адпрошваюся з працы, выклікаю таксі. Мы едзем у лякарню. Пашы ставяць кропельніцы, а я застаюся на кушетачцы начаваць. Гэта было дзіцячае аддзяленне. Для бацькоў не было прадугледжана ложка. Я на чымсьці цвёрдым спала, і ноччу ў мяне раптам падымаецца высокая тэмпература. Тады я яшчэ не ведала, што гэта такое. Я думала, што гэта нейкія нервы. І мне яшчэ вельмі моцна забалела ў раёне страўніка. Раніцай я нават пайшла ў суседнюю лякарню —  у бальніцу хуткай дапамогі, якая знаходзілася побач з 3-й дзіцячай. Мяне лекары аглядзелі, нешта праверылі … Падрабязнасцяў я не памятаю. «Нічога страшнага, матуля, не хвалюйцеся. Напэўна, гэта па- просту стрэс» — і я павярталася да сына. І вось пачынаючы з таго разу, у мяне стала перыядычна падымацца па начах высокая тэмпература. Адразу і рэзка 38,5 градусаў. Яна трымалася літаральна пару гадзін, а потым рэзка да раніцы падала. І пры гэтым прафузны пот, калі ўся вопратка на мне рабілася мокрая. Толькі калі я трапіла на прыём да анколага, лекар сказаў, што гэта тыповы сімптом майго захворвання: лімфагранулематозу, або, па-іншаму, лімфомы Ходжкіна.

Тады ж Інтэрнэту не было. Я палезла ў кнігі, у энцыклапедыі. Калі я прачытала, што гэта такое… Гэта было глыбокай восенню. Я прачытала, і вось тады першы раз мяне ахапіў вельмі моцны страх. Я зразумела, што калі падцвердзіцца, то гэта анкалагічны дыягназ. У тым маім уяўленні, у тым узросце і ў тыя гады, я думала, што рак – гэта ўсё. Гэта канец. Гэта смерць.

Я была маладая, мне было ўсяго 27 гадоў. Мне так запомніўся гэты момант, цяпер, магчыма, такога і няма, але ў тыя гады здавалася, калі ты маладая, прыгожая, то ў цябе ніяк не можа быць ніякай анкалогіі. Г. зн. калі я прыходзіла ў жніўні-кастрычніку 99-га ў паліклініку з усімі сваімі сімптомамі, адзін раз мне далі бальнічны лісток, другі раз далі, а потым, памятаю, лекар на мяне накрычала і абазвала сімулянткай, сказала, што я прыкідваюся, што я не хачу працаваць. Гэта быў вельмі непрыемны момант. Мне было вельмі крыўдна. А потым, калі анкадыягназ ужо выставілі, мы з гэтым лекарам неяк выпадкова сутыкнуліся ў паліклініцы, і яна, дзякуй Богу, выбачылася перада мной: «Наташа, ну як можна было падумаць, што ты, такая квітнеючая юная дзяўчына, і раптам у цябе анкалогія?!»

Як атрымалася справіцца з шокам ад дыягназу?

— Я памятаю, мы сустрэліся з сяброўкай. З лепшай сяброўкай маёй, Ганначкай. І вось мы шмат-шмат гадзін гулялі па горадзе. Гэта быў вечар, было цёмна. І яна мне кажа: «Наташа, нават калі анкалогія, нават калі табе засталося, магчыма, мала, нават калі пяць гадоў, ты ж можаш за гэтыя пяць гадоў паспець зрабіць так шмат, як нейкія людзі за ўсё доўгае жыццё не зробяць». І вось гэтая думка мне вельмі глыбока запала ў душу. І я зразумела, што сапраўды трэба пастарацца пражыць так гэтае жыццё, колькі мне яго адмерана, каб прынесці нейкую карысць свету, чалавецтву. Не ведаю. Тады мяне натхніла менавіта гэтая думка, што я магу нейкім чынам паслужыць. Я пакуль яшчэ не ведала, як, але я ведала, што мне патрэбна нейкае служэнне.

Ты хацела праз служэнне атрымаць вылячэнне?

Фота Кацярыны Малаш

— Калі я даведалася, што гэта анкалогія, для мяне тады гэта было або жыццё, або смерць. А хто гаспадар жыцця і смерці? І вось для мяне гэта было адназначна. Гэта толькі ў руках Божых. Я разумела, што і ад лекаў многае залежыць, але вынік, вынік залежыць толькі ад Бога.

І тады ў мяне пачаўся перыяд, калі мне здавалася, што я магу заслужыць. У той час я была знаёмая з Богам вельмі-вельмі павярхоўна. Літаральна вось толькі-толькі я Яго пачынала адкрываць у сваім жыцці. І мне здавалася, што калі я вельмі паспрабую, што калі я буду рабіць вельмі добрыя, добрыя справы, буду дапамагаць людзям, буду маліцца, буду чытаць-вывучаць Біблію і г.д., то я ў Бога вымалю вылячэнне. Тады быў такі перыяд. І я вось усім гэтым занялася.

Я ўзялася за малітву, цэлымі днямі чытала Біблію. У той час мне хтосьці са знаёмых вернікаў перадаў такі рабочы сшытак з пытаннямі і заданнямі па Бібліі. І ў мае першыя месяцы ў анкадыспансэры, спачатку ў аперацыйны перыяд, потым на хіміятэрапіі, я штодня з гэтым рабочым сшыткам і з агульным, дзе пісала адказы на заданні, з Бібліяй, у калідорах анкадыспансэра займалася самаадукацыяй. У палатах, у якіх бы я ні была, я ўсюды малілася. І ўсіх навакольных арганізоўвала на малітву.

А самы апафіёз быў —  цяпер нават смешна ўспамінаць — калі я, паверыўшы ў нейкую пазітыўную псіхалогію, казала ўсім вакол, што вельмі важна захоўваць бадзёры дух, добры настрой. І падбівала жанчын у палатах … спяваць. Уявіце: увечары абыход, да нас заходзіць медсястра ці лекар, а мы ўсёй палатай спяваем. Розныя песні спявалі: народныя, сучасныя, але абавязкова, каб пазітыўныя. Як гэта ўсё разам працавала, не ведаю.

Пэўна давялося сутыкнуцца з непераадольнымі бар’ерамі?

— Так, былі. Калі была толькі здагадка, што найхутчэй за ўсё ў мяне анкалогія. Але потым, калі я стала звяртацца да Бога, маліцца, мне здалося, што Бог ужо забраў гэтае захворванне. І вось калі, дапусцім, у снежні 99-га года я сябе вельмі дрэнна адчувала: мне нават складана было прайсці 500 метраў, была наймоцная слабасць, я спынялася, адпачывала, шукала дзе-небудзь крамку прысесці, то ў студзені, калі я ўжо наўпрост звярнулася да Бога і папрасіла Яго пра вылячэнне, мне раптам рэзка стала лепш. Я сябе адчула добра. Гэта быў такі дзіўны момант! Але і момант такой спакусы: я паверыла, што я ўжо здаровая, што Ён мяне ўжо вылечыў. І калі я лягла ў шпіталь на дыягнастычную аперацыю, я таксама сябе адчувала выдатна.

Памятаю той дзень, калі прыйшоў аналіз. І вось уваходзіць лекар-хірург, мужчына, На жаль, забылася яго імя, і хавае вочы. Ён не мог глядзець мне ў вочы! А я да яго пытаюся: «Ну як, ну як вынік? Не пацвердзілася ж?». І вось ён такі, не гледзячы на мяне, адказвае: «Ну як магло не пацвердзіцца, пацвердзілася, вядома». Я бачыла, што ён вельмі моцна нервуецца, кажа раздражнёна. Я потым толькі зразумела, што ён вельмі моцна нерваваўся, перажываў за мяне.

І вось тады мяне накрыла. Мяне накрыла так, што… Мне здаецца, што я нават накрычала на лекара. Я цяпер ужо дакладна не памятаю. Але тады мяне эмоцыі пэўна накрылі. «Не, гэтага не можа быць, гэтага ніяк не можа быць. Я здаровая, я адчуваю сябе добра!» — я ў гневе крычала ў адказ. Мне і сёння сорамна перад лекарам, што я незаслужана гнеў свой звярнула на яго. Потым я выскачыла з палаты, мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было, патэлефанавала з тэлефона-аўтамата на паверсе ўсім сваім знаёмым, каб увесь свой боль, роспач расказаць ім па тэлефоне.

У той момант я зусім не думала пра пачуцці іншых людзей, я думала толькі пра сябе, што вось я ж хворая, мне засталося жыць мала, я ўсё ж такі памру … Эгаістычна паступіла я, усім патэлефанаваўшы. Асабліва шкада маю маму. Яна гіпертонік. Потым, пазней, яна мне расказвала, што яна ледзь перажыла гэты дзень. У яе ціск велізарны падскочыў, яна на працы, пакінуць не можа. Гэта было вельмі страшна і вельмі цяжка.

Як атрымалася прыняць рэальнасць?

Фота Кацярыны Малаш

Увечары да мяне сталі прыходзіць, адзін за адным, сяброўкі, вернікі з касцёла, сваякі. І ўсе ў адзін голас казалі: «Наташа, ты абавязкова вылечышся, ты выжывеш і дажывеш да глыбокай старасці».  Вось усе проста ў адзін голас. А ў мяне ж цэлы сшытачак быў з цытатамі з Бібліі. І вось увечары, калі ўсе сышлі, ужо амаль ноччу, пасля адбою я выйшла ў калідор са сваім сшыткам, там цмяная лямпачка і папросту стала абвяшчаць, прамаўляць усе гэтыя словы біблейскія, якія я запісала. І раптам адчула, што ў мяне з’явілася нейкая ўнутраная сіла. Нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Пасля такога прыступу адчаю ўвечары да мяне вярнуліся разважлівасць і вера. І я паверыла, што Гасподзь дапаможа, што я вылечуся. Я не ведаю, як гэта растлумачыць, але вось так адбылося. І ўсё, на наступны дзень я ўжо сабралася, узяла сябе ў рукі, зразумела, што мяне чакае, але ўжо больш не істэрыкавала. Я зразумела, што мне проста трэба прайсці гэты шлях, які б ён ні быў. Яго трэба прайсці да канца, а Гасподзь мне дапаможа. Так і адбылося.

Хто дапамагаў на шляху пераадолення?

— Дапамагалі абсалютна ўсе. Ніхто не сумняваўся, што можа быць нейкі дрэнны зыход. Усе верылі і ўсе мяне падтрымлівалі.

Але я думаю, што калі б я сама не сабралася, г. зн. калі б я не знайшла ўнутры сябе крыніцы, рэсурсу, калі б я абапіралася толькі на нейкія знешнія абставіны або на людзей, ці на што заўгодна знешняе, я не думаю, што быў бы такі эфект. Такім чынам выявілася, што я ўнутры сябе моц вось гэтую адчула, але толькі таму, што я паверыла, што Гасподзь – вельмі, вельмі добры.

Калі ўсё ж такі перыядычна мяне накрывалі цяжкія станы, таму што і лячэнне часам вельмі цяжка пераносілася, вельмі складаныя былі пабочныя эфекты, я ўвесь час унутры сябе прамаўляла: «Наташа, хіба Гасподзь хоча тваёй смерці?». Я мільён разоў прамаўляла гэтую фразу, потым глядзела на партрэт Ісуса і казала: «Гасподзь, хіба Ты хочаш, каб я памерла?». Ён усміхаецца, і я кажу: «Ты ж не хочаш. Як я магу памерці, калі ты гэтага не хочаш». І вось гэтая думка, як нітачка, за якую я схапілася і трымалася ўсё лячэнне і потым усе гады далей. Калі таксама перыядычна бывалі нейкія станы, пагаршэнне здароўя і падазравалі рэцыдыў, я кожны раз глядзела на партрэт: «Хіба ты хочаш маёй смерці?». Не.

У той час я пазнаёмілася з рознымі дзяўчатамі, яны прыкладна аднаго ўзросту былі са мной: Лена, Таня і Наташа. Мы перыядычна супадалі: то ляжалі ў адной палаце, то ў суседніх палатах былі, калі супадалі хіміятэрапіі. Мы ўсе выжылі.

Наташка нарадзіла потым дваіх дзяцей. Яна выкладчыца музыкі, працуе ў музычнай школе. Танюша, яна ледзь старэйшая за мяне, для мяне проста гераіня. Яна была цяжарная, калі захварэла. Ёй прапаноўвалі зрабіць аборт, каб спыніць развіццё хваробы, але яна адмовілася.   Яна дайшла да 4-й стадыі падчас цяжарнасці. Яна нарадзіла гэтае дзіця. Для мяне гэта мацярынскі подзвіг! Яна не адмовілася ад дзіцяці, нарадзіла, такім коштам! І нават з 4-й стадыяй яна выжыла і цяпер у рэмісіі. А ў Лены была ўласная дачка і яна яшчэ ўдачарыла дзяўчынку. Гэтая дзяўчынка ўжо дарослая. І гэта так выдатна!

Ты бачыш хоць адзін плюс ад хваробы?

Фота Кацярыны Малаш

— Сказаць, што ў нейкай хваробы можа быць перавага перад здаровым станам, вядома, я такога ніколі не скажу. Але жыццё ёсць жыццё і калі хвароба ўсё ж такі прыйшла, мне здаецца, яна можа шмат чаму навучыць. Падчас хваробы можна перажыць нейкі такі досвед, які можа цябе ўзбагаціць. Я думаю, са мной так і адбылося.

Вось калі шчыра, да хваробы я была абсалютна згубленая. Абсалютна. Нават думаю, што ў мяне была дэпрэсія. Я некалькі гадоў жыла ў нейкім такім стане, панічным, мне амаль нічога не хацелася, у мяне не было цікавасці да жыцця. Я проста жыла. І ў мяне было вельмі шмат нейкіх крыўдаў, нейкіх нават прэтэнзій. Мне здавалася, што жыццё са мной такое несправядлівае і г.д. але калі я захварэла, дзіўным чынам я толькі падчас хваробы здабыла сэнс жыцця. І я не ведаю, ці магло быць па-іншаму. Г.зн. я не ўпэўнена, калі б я не захварэла, здабыла б я гэты сэнс?

Хвароба прымусіла мяне настолькі глыбока паглядзець на ўсё: на гэтыя пытанні жыцця і смерці, на глыбокія філасофскія пытанні, хоць яны тычыліся майго паўсядзённага жыцця.

Да хваробы мяне жыццё не цешыла, і толькі ў хваробе я навучылася радавацца. Гэта нейкі парадокс. Я не кажу, што цяпер не бывае перыядаў упадніцтва. Бывае. Часам накатвае. Але я ўсё роўна ведаю, што гэта часова і што мы, разам з Богам, пераможам. Да гэтага часу бывае дрэннае самаадчуванне, працяглыя перыяды, калі проста стамляешся, стамляешся ад дрэннага самаадчування і нядужання. І апускаюцца рукі. Але я ведаю, што гэта ненадоўга. Вось я трошкі адляжуся, я сама сабе паплачуся, а потым у мяне з’явяцца сілы і я зноў буду жыць далей. І ў мяне ёсць дзеля чаго жыць.

Як з’явіўся гэты сэнс, дзеля якога хацелася жыць?

— 2000-ы год. Калі пачалося лячэнне, я ўспомніла пра «Ракавы корпус»  Салжаніцына, які мы праходзілі ва ўніверсітэце і раман менавіта пра гэта. Я пачынаю інтуітыўна шукаць усё, што звязана з Салжаніцыным, і знаходжу ў яго дзіўную цытату, якая стала маім дэвізам — «Пакуль я пішу, мне адтэрміноўка». З гэтага пачалося маё служэнне, якое я сама сабе прыдумала. Цудоўна, так?

У той час я працавала журналістам. Пасля завяршэння лячэння я сышла з журналістыкі і пайшла ў сферу дадатковай адукацыі. Але там часта мае абавязкі былі звязаны з журналістыкай. А яшчэ падчас лячэння, падчас хіміятэрапіі я для сябе адкрыла казкі. Клайва Льюіса. Сяброўка прынесла кнігу «Хронікі Нарніі». І я стала яе чытаць. І мяне настолькі гэта захапіла! Там у першай кнізе хлопчык трапляе ў Нарнію, а ў яго ў Лондане засталася хворая мама. Я не памятаю падрабязнасцяў, магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, у яе быў рак. Гэта значыць, у яе было смяротнае захворванне, і яна павінна была памерці. І хлопчык папрасіў аб выздараўленні мамы ў Аслана, льва, які ў Нарніі правобраз Хрыста, і мама вылечылася. І мяне тады гэта настолькі ўразіла, натхніла.

Можна маліцца за здароўе іншых людзей, а можна яшчэ пісаць казкі. Добрыя-добрыя, якія таксама будуць дапамагаць, дапамагаць людзям у цяжкую хвіліну. І вось так паволі я пачала пісаць казкі. Паволі-паволі. Адну, другую, дзясятую. Зараз у мяне, я нават не ведаю, колькі напісана. Можа, трыста, калі сумарна. А можа, больш. Дарэчы, трэба падлічыць.

У нейкі момант я нават вырашыла зрабіць казкі сваёй другой прафесіяй. Г.зн. зараз я працягваю працаваць у сферы дадатковай адукацыі, але я яшчэ адкрыла ІП і пішу казкі на заказ. А калі ў мяне назапасілася трошачкі вопыту, паколькі я яшчэ і метадыст, у мяне дзве адукацыі: журналісцкае і педагагічнае, — я зразумела, што свой вопыт напісання казак магу перадаваць іншым людзям. І зараз я распрацоўваю курсы, як складаць казкі. Атрымліваецца, што падчас хваробы я здабыла гэты сэнс.

Маё жыццё цяпер вельмі цэльнае. Мяне цяпер не разрываюць ніякія супярэчнасці, якія былі тады, ў 27 гадоў. Я магу сказаць, што цяпер маё жыццё больш напоўненае, больш шчаслівае, класнае. Вось цяпер я па-сапраўднаму жыву. Толькі зараз. А тады, да 27 гадоў, я не ведаю, што гэта было. Гэта было нешта не вельмі добрае. Таму для мяне хвароба стала дабраславеннем.

Пра што ты марыш?

Фота Кацярыны Малаш

— У мяне ёсць адна мара, якая звязаная з казкамі. Гэта здарылася год ці паўтара гады таму. Я раптам убачыла школу казак. Я нават убачыла будынак у Мінску, які падыходзіць для гэтай школы, з шыльдай «Школа казак». І я для яе нават пачала распрацоўваць праграму. Я ведаю, якія там будуць кабінеты, якія там будуць аддзелы, якія ў мяне там будуць гурткі. Гэта таксама нешта па тыпу дадатковай адукацыі, але там дзеці будуць вучыцца складаць казкі, інсцэнаваць і разыгрываць. Будзе гульнявы пакой з казкамі, кампутарныя гульні з казкамі і г.д.  — і вось гэтая адна мая такая мара, глабальная, але прафесійная.

А ў асабістым жыцці я хачу, каб мае блізкія былі здаровыя, таксама здабылі саміх сябе, здабылі той самы сэнс, які напаўняе кожнага чалавека і дазваляе пражываць багатае напоўненае жыццё. І каб у кожнага было маленькае ці вялікае, але служэнне людзям. Можна служыць глабальна, для масаў, а можна служыць у сваёй сям’і. Можна стварыць такі куток утульны, куды будзе добра, прыемна, душэўна вяртацца тваім блізкім. І гэта таксама служэнне, гэта таксама вялікая місія.

Самая вялікая мая мара — мне хочацца, каб кожны чалавек спазнаў шчасце, у якім заўгодна выглядзе, як яму гэта адкрыецца. Для мяне шчасце заўсёды звязана з Богам, і па- іншаму я ўжо не ўяўляю.

Усім жадаю здароўя і вялікай радасці ў жыцці, радасці кожнага дня.

P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі хатнія Сырнікі па сямейным рэцэпце Наталлі Купа і гістарычны далікатны сыр Архас у адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.

Дзякуем Веры Лебядзеўскай за пераклад размовы на беларускую мову.

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.