Шарлотка з батона ад Вольгі Хаменка

Текст на русском языке ЗДЕСЬ.

А хіба такое магчыма? З батона? Звычайна ж змешваюць муку, яйкі, цукар, дадаюць нарэзаныя на лустачкі яблыкі і запякаюць у духоўцы.

Сапраўды, сучасны яблычны пірог, які называюць шарлоткай, сёння менавіта такім чынам шмат якімі гаспадынямі і выпякаецца.

Але так было не заўсёды. Паводле інфармацыі гісторыка кулінарыі, шэф-кухара Алены Мікульчык, продкам сучаснай шарлоткі быў англійскі пудынг, які падавалі ў цёплым выглядзе. На дно формы выкладвалі белы хлеб, вымачаны ва ўзбітым яйку ці малацэ, затым яблычнае пюрэ з цукрам і зверху пакрывалі тым жа размочаным хлебам. Пры жаданні колькасць пластоў можна было павялічыць. Пасля запякання ў духоўцы шарлотку падавалі з узбітымі вяршкамі або салодкім соусам. Для такога пудынгу начынне магло быць не толькі яблычным, але з груш, сліў і розных ягад. Фруктовы пласт можна было замяніць на любы крэм ці мус, напрыклад, шакаладны.

Аднак у XV стагоддзі шарлоткай тыя ж брытанцы называлі вельмі папулярную ў той час мясную страву. Якім чынам праз стагоддзе англійскае слова «charlyt» (шарлот) у перакладзе стала азначаць мучны выраб, прыгатаваны з узбітых яек, цукру і малака, гісторыя маўчыць. Існуе некалькі легенд, якія натхняюць Вялікабрытанію, Францыю, Расію і Амерыку называць гэты дэсерт «сваім». Цікаўныя могуць лёгка знайсці інфармацыю аб гэтым.

Але для нас важна іншае: сямейны рэцэпт, якім падзялілася Вольга, нечакана прычыніўся да таго, першаснага, з XVI стагоддзя, чым да звычнага яблычнага пірага! «У гэтай шарлоткі, якую гатавала мая мама, ні з чым непараўнальны густ, — запэўнівае Вольга. — Паспрабуйце. Яна лёгка гатуецца. Я рэгулярна выпякаю. Да таго ж мне гэта нагадвае прыемны смак майго дзяцінства».

Шаноўныя чытачы, у вас ёсць магчымасць самастойна ацаніць неперадавальны смак мамінага ласунка  Вольгі. Далучайцеся да гатавання Шарлоткі з батона!

Чытаць/Скачаць рэцэпт на беларускай і рускай мовах можна ТУТ.

Інгрэдыенты:

Для гаршчэчка ёмістасцю 0,5 літра

— 2 тонкія лустачкі батона шырынёй 1 см
— 5-10 г сметанковага масла
— 1 сярэдні кісла-салодкі яблык
— каля 100 мл малака
— цукар – па жаданні

Спосаб прыгатавання:

  • Намазваем сметанковае масла на батон.
  • Яблык чысцім ад лупіны, наразаем на чацвярцінкі, выдаляем асяродак. Кожную чацвярцінку наразаем тонкімі долькамі па 2-3 мм.
  • Запаўняем гаршчэчак: першы пласт — батон, потым яблык. Пры жаданні дадаём цукар. Пласты чаргуем, пакуль не запоўним гаршчэчак даверху.
  • Наліваем малако да першага пласта яблыка, яго не павінна быць бачна.
  • Гаршчэчак з зачыненым вечкам змяшчаем у разагрэтую да 200 градусаў духоўку. Прыблізна праз 15 хвілін малако пачне закіпаць. Зніжаем тэмпературу да мінімума (130-160 градусаў) і пакідаем млець на 45-60 хвілін.
  • На стол страву падаем гарачай.

Смачна есці!

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.