Марына Юрэвіч, 23 гады пасля анкадыягназу

Текст на русском языке ЗДЕСЬ.

Як у цябе дыягнаставалі пухліну?

Фота Віктара Андрэева

— Летам 1999 года маю маму адправілі ў Бараўляны ў анкацэнтр, каб праверыць шчытападобную залозу. Я паехала з ёй і таксама праверылася. У яе было дабраякаснае новаўтварэнне, яна не захацела аперавацца, а мне, праверыўшы, прапанавалі выдаліць правую долю. Я пагадзілася. Мяне дрэнна прааперавалі, праз год зноў вымушана была звяртацца да лекараў, праходзіць новае абследаванне.

З вынікамі біяпсіі лекары накіравалі мяне ў Рэспубліканскі Цэнтр Пухлін Шчытападобнай Залозы, які працуе на базе Мінскага анкадыспансера. І там адразу сказалі, што патрэбна тэрміновая аперацыя. Аказалася, у мяне не проста рак шчытападобнай залозы, а яго рэдкая разнавіднасць: медулярны. У мяне лекары нават спыталі, ці ёсць у мяне дзеці. Класічнае эфектыўнае лячэнне радыёактыўным ёдам на такую пухліну не дзейнічае наогул. Калі што і дапаможа, то толькі пасляаперацыйная хімія і прамянёвая тэрапія.

Як ты адрэагавала на дыягназ?

— Асаблівага шоку не было, прынамсі, сёння не памятаю. Памятаю толькі, калі сказалі дыягназ, захацела марожанага. Было лета. Муж быў са мной побач. Я гляджу на гэта марозіва і думаю: «А калі гэта апошняе марозіва ў маім жыцці?».

Я прасіла Бога аб адным, каб паспець самой вырасціць дзяцей. У той год у мяне старэйшы сын ішоў у першы клас, а малодшы — у дзіцячы сад. І з таго часу кожнага 1 верасня, пакуль дзеці хадзілі ў школу, я чамусьці плакала.

Што было самым цяжкім падчас лячэння?

— Вельмі цяжка пераносіла хіміятэрапію. Былі моцныя ванітаванні. Дзеці раздражнялі першыя два дні пасля працэдуры. Я марыла, каб хутчэй усё скончылася. І скончылася, дзякуй Богу.

Пасля лячэння жыццё моцна змянілася?

— Так, кардынальна. Але гэта не тычылася хваробы, здароўя. Практычна адразу пасля лячэння мы з мужам развяліся. Ён так вырашыў. Было вельмі цяжка, сіл часта не хапала. Муж не прыходзіў да дзяцей, толькі аліменты плаціў.

Для мяне галоўная радасць была ў тым, што пасля кожнай праверкі лекары казалі: «У Вас усё добра». Вырасталі крылы. З часам жыццё ўвайшло ў сваю каляіну. Пачалося звычайнае жыццё, як ва ўсіх, са сваімі клопатамі.

Хто цябе падтрымліваў пасля разводу?

Фота Віктара Андрэева

— Мне пашанцавала, у мяне добрыя сябры. Адна сяброўка — з майго пад’езда, мы сябруем з дзяцінства. Нашы дзеці практычна аднаго ўзросту. Калі трэба было забраць з садка сына, яна заўсёды дапамагала. Я заўсёды магла пакінуць дзяцей у яе, калі трэба было кудысьці ад’ехаць. Іншая cяброўка жыла ў той час у Вілейцы, цяпер пераехала ў Маладзечна, таксама заўсёды дапамагала. Трэцяя cяброўка, са Слуцка, з якой я вучылася разам у тэхнікуме, — мая «камізэлька». Я часцей за ўсё з ёй дзялюся, калі на душы «кошкі скрабуць».

За гэтыя 23 гады хвароба не вярталася?

— Вярнулася. Гэта быў 14-ы год. У мяне быў незразумелы стан, які я не магла растлумачыць самой сабе, не тое, што лекарам. Калі баліць нага, ты так і кажаш лекару. А мне хацелася захутаць горла ў шалік, хоць прастуды не было, толькі невялікая тэмпература. Мяне накіравалі ў Мінск. Там зрабілі дадатковы аналіз крыві на гармоны і высветлілася, што ўсе нормы шматкроць перавышаныя. Зрабілі КТ, выявілі новаўтварэнні ў лёгкіх. Лекары былі ўпэўненыя, што гэта метастазы.

Пачалося іншае жыццё. Мы ж увесь час чуем: з метастазамі не жывуць. І я хадзіла, сціснуўшы зубы да болю. Неўсвядомлена. Калі мяне аперавалі, каб узяць біяпсію і ўжо канчаткова пацвердзіць або абвергнуць дыягназ, я была настолькі заціснутая, што не магла задыхаць пасля наркозу. А калі пачула размову лекараў, што гэта метастазы, запанікавала, забылася, як дыхаць. Лекары нават планавалі паставіць трубку. І я так спалохалася гэтага, што стала дыхаць. Тады толькі адна думка была ў галаве: «Трэба дыхаць, перастаць панікаваць, а пра метастазы я падумаю заўтра».

Потым было яшчэ 2 аперацыі з разбежкай у паўгады. Пасля першай я стала часта закашлівацца, нават душыцца ежай, задыхалася пры хадзе, стала губляць сілы. Лекары праверылі, нічога не выявілі, спісвалі на псіхасаматыку, на дэпрэсію. Я сама вырашыла праверыцца на астму. Яе не знайшлі. Здала ў чарговы раз аналіз крыві на гармоны, ён апынуўся зусім дрэнны, і тады я папрасіла сваіх сябровак аб дапамозе. Мы прыехалі ў Мінск, дамагліся агляду і высветлілася, што пухліна стала расці далей, з’явілася ў гартані. Мне прапанавалі паставіць трахеястому. Назаўжды. Я пагадзілася. Праўда, пабаялася ўдакладніць, чаму назаўжды.

Са мной у палаце ляжала бабулечка, якую нават кармілі праз трахеястому, але пры выпісцы яе знялі. А ў мяне не. Не хапае смеласці задаць гэтае пытанне. Відаць, не хачу пачуць, што пухліну ўжо нельга прыбраць. Гэта цяжка. Перыядамі вельмі моцна накрывае. Але, спадзяюся, я прыняла сітуацыю.

Калі хвароба вярнулася, я звярнулася да Бога, прыйшла ў касцёл. Калі ішла ў першую пілігрымку ў Будслаў, я дзякавала Богу, за тое, што ён знайшоў мяне і прасіла прабачэння за тое, дзе я столькі гадоў была. Калі б гэтага не здарылася, то я б дагэтуль не задумвалася пра іншы бок жыцця.

У гэтым выгада ад хваробы?

— Гэта абсалютна не выгада. Проста ў мяне адкрыліся вочы на іншы бок жыцця, з’явіліся новыя каштоўнасці, жаданне стаць лепшай. Разуменне, што шкадаваць сябе нельга, не трэба зацыклівацца на хваробе. Трэба не баяцца ні прасіць аб дапамозе, ні сваёй слабасці. І нельга азлабляцца і наракаць, трэба з пакорай прыняць усё.

Чаму табе важна распавесці сваю гісторыю?

Фота Віктара Андрэева

— У 2014 годзе, калі я ляжала з лёгкімі, у аддзяленні ў асноўным ляжалі мужчыны. І калі я здавала кроў, загаварыла з мужчынам, які стаяў побач. Ён выглядаў спалоханым. Упершыню пачуў слова «рак». І я яму сказала, што разумею, што гэта такое, што 14 гадоў таму я праходзіла комплекснае лячэнне. І гэта яго падбадзёрыла. Відаць было па вачах. Я ж перад ім стаяла жывая, сапраўдная, усмешлівая.

Пра што ты марыш?

— Я б вельмі хацела вызваліцца ад трубачкі, каб папросту дыхаць так, як усе. А па вялікім рахунку, я хачу быць у міры з сабой, каб быў спакой. І каб дзеці былі шчаслівыя. Вось такія звычайныя мары.

Ты саромеешся трахеястомы?

— Не. Звычайна на людзях я хаджу ў шаліку, а дома з сяброўкамі хаджу адкрыта з гэтым нашыйнікам.

Што б ты параіла блізкім цяжкахворых?

— Калі я апошні раз ездзіла ў РНПЦ анкалогіі ім. Аляксандрава, на прыпынку пачула размову дзвюх жанчын. Яны абмяркоўвалі хваробу чалавека, якога наведвалі. І фактычна аплаквалі яго. Маўляў, у яго метастазы ўжо пайшлі, не жыхар, асуджаны. А гэта ж мая сітуацыя. Было вельмі непрыемна чуць. Нельга ў такіх месцах гучна такія рэчы абмяркоўваць. Верагоднасць такіх хворых побач заўсёды ёсць, але гэтыя жанчыны не думалі пра гэта.

І наогул, нават калі рак, нават калі метастазы, не трэба ставіць крыж на чалавеку. Трэба працягваць нармальна жыць, у меру сваіх сіл, здароўя. І дзякаваць Богу кожны дзень, раніцай і ўвечары, за пражыты дзень, за тое, што прачнуўся.

Твае пажаданні тым, хто праходзіць лячэнне

— Далей жыць і не зацыклівацца на хваробе, з цярпеннем і любоўю ўсё прымаць.

P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі Мачанку з грудзінкі з блінамі па сямейным рэцэпце Марыны  Юрэвіч і Яблычную смокву ў адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.

Дзякуем Веры Лебядзеўскай за пераклад размовы на беларускую мову.

 

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.