На змёрзлыя вуліцы шчодра паляцелі, танцуючы, сняжынкі. Лёгкія, ўзорныя – нібыта выразаныя з самай тонкай і крохкай паперы. А мастакі-маразы хутка пачнуць маляваць на вокнах разныя казачныя сюжэты. Пачынаецца тая пара, якая бліжэй за ўсё да традыцыйнага беларускага мастацтва – выцінанкі. Гэта ёсць самы прыдатны час, каб даведацца, чым гэтае чароўнае мастацтва жыве сёння і які аказвае эфект на тых, хто сутыкаецца з ім упершыню.
Знакамітая беларуская мастачка, народны майстар Вольга Бабурына, больш вядомая як Вольга Палуніца, гадоў дзесяць кіруе секцыяй выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, але ж выцінанкай яна займаецца значна больш. Мастачка удзельнічае ў розных творчых праектах, звязаных з выцінанкай, у міжнародных конкурсах, выставах, дзе прадстаўляе Беларусь, займаецца праектамі, звязанымі з прасоўваннем выцінанкі, яе ўжывання ў іншых сферах жыцця – робіць ўсё, каб выцінанка атрымала новае развіццё ў сучаснасці.
– У традыцыйных формах выцінанка можа і не выжыць, бо сусвет хутка змяняецца, але яна здольна перарадзіцца ў гэтым новым свеце, захаваўшы своеасаблівыя, спецыфічныя, характэрныя толькі ёй асаблівасці, – тлумачыць Вольга.
У сваёй творчасці яна выкарыстоўвае не толькі традыцыйныя для беларускага мастацтва народныя сюжэты і матывы, але і стварае свае ўласныя сімвалы. І часта звяртаецца да сучасных і глабальных тэм – для таго, каб яны сталі рукой, працягнутай да мастацтва, каб падняць яго вышэй на ўзровень і даць яму новае жыццё.
– Праз гэта я хачу паказаць, што выцінанка можа асвятляць сучасныя праблемы, – расказвае мастачка.
У 2012 годзе Вольга Бабурына прэзентавала серыю з 30 выцінанак паводле артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на сваёй выставе “Правы выцінанкі”. А ў 2015-м выйшла серыя ўладароў Вялікага Княства Літоўскага, выявы якіх змяшчаліся ў традыцыйнай кампазіцыі – дрэве жыцця. У гэтай працы мастачка паказала сваё успрыманне пэўнай гістарычнай асобы, стаўленне да яе, і якім бачыць яе ўплыў на гісторыю Беларусі.
– З усіх прац 15 былі мужчыны і 3 – жанчыны: Бона Сфорца, Соф’я Гальшанская і Барбара Радзівіл. І вось цяпер гэтыя гістарычныя асобы-жанчыны знаходзяцца на конкурсе гендэрнай роўнасці. Я хацела спрычыніцца да гэтай тэмы, таму што жанчыны таксама вельмі моцна ўплывалі на нашу гісторыю ва ўсе часы, і гэта якраз тыя асобы, на якія хочацца звярнуць увагу, – распавядае Вольга.
Яшчэ адна асабліва актуальная ў апошнія гады тэма, якая кранула душу мастачкі, – гэта экалогія. Яна нават называе зробленыя ў гэтай тэматыцы творы эка-выцінанкамі. Адзін з праектаў датычыцца ролі пластыку ў жыцці сучаснага чалавека.
– Для мяне было важным звярнуць увагу на тое, колькі пластыку нас атачае. За аснову кампазіцыі ўзяты абрысы, контуры пластыковай тары, якой мы карыстаемся, якія ўсярэдзіне я запаўняю выцінанкай. Атрымліваецца, напрыклад, пейзаж: бор, лугі, соцна ўзыходзіць, – але агулам гэта ёмістасць для аўтамабільнай алівы. Альбо дрэва з птушачкамі на ім, заключаныя ў бутэльку ад шампуня, – кажа мастачка.
Такі праект зацікавіў таварыства экалагічных арганізацый “Зялёная сетка”, якая выдала серыю адмысловых паштовак: з аднаго боку эка-выцінанкі, а з другога – звесткі пра пластык. Другі экалагічны праект – эка-торбы з натуральнага матэрыяла (дакладней, з былых ва ўжытку рэчаў), на якіх зробленыя прынты з дапамогай выцінанкі. Адмыслова для кожнай торбы мастачка выразала беларускіх дзікіх жывёл і фарбай наносіла на яе малюнак выцінанкі.
– Падштурхнула мяне тое, што я ўбачыла ў інтэрнэце сбор подпісаў на петыцыю, праз якую збіралі подпісы, каб не дазволіць выключыць рысь з Чырвонай кнігі, – успамінае аўтарка.
Але на гэтым спробы прасоўваць і папулярызаваць выцінанку не абмяжоўваюцца. Шмат гадоў Вольга Бабурына ладзіць майстар-класы, на якіх знаёміць людзей з гэтай творчасцю, выклікае ў іх цікавасць да адной з гістарычных беларускіх культурных плыняў. Яе мэта – далучыць да выцінанкі людзей, якія мала пра яе ведаюць і мала з ёй стасуюцца, ці ўвогуле не бачаць у ёй таго віду мастацтва, якім яны могуць захапляцца.
– Я не аднойчы сутыкалася з такім стаўленнем да выцінанкі, што “гэта ж проста папера”. Але ж мастацтва выцінанкі вартае ўвагі, яно мае высокую эстэтычную каштоўнасць. І гэта адчуваецца, калі людзі самі паспрабуюць нешта з паперы выразаць. На Беларусі ёсць выдатныя майстры, якія робяць працы з індывідуальным почыркам, але хочацца, каб павялічвалася колькасць аматараў, – тлумачыць Вольга.
Менавіта таму Вольга Палуніца згадзілася пачаць серыю сустрэч з анкапацыентамі. Як кажа яна сама: паперу і нажніцы можна знайсці паўсюдна, а эфект ад першых спроб зрабіць выцінанку неверагодны. Мастачка называе гэтую творчасць тым скарбам, які можна прынесці і паказаць людзям, як куфэрачак з цудамі…
– Гэта я і хачу зрабіць дзеля як мага большай колькасці людзей з розных сфер, якія не маюць спрычынення да школьнай адукацыі ці пазашкольнага развіцця дзяцей – тых, хто зможа проста рабіць нешта з бумагі для сябе. За гадзіну падаць матэрыял так, што чалавек захопіцца выцінанкай, і гэта будзе яму на карысць, – адказвае яна на пытанне, чаму гатовая дараваць свой час тым, хто прыходзіць на яе майстар-класы.
А яшчэ кажа, што праз сумесныя заняткі і распаўсюд інфармацыі спадзяецца далучыць да тэмы анкалогіі як мага больш людзей.
– У мяне некалі быў вельмі складаны момант, але ж я яго перажыла, перш за ўсё, дзякуючы падтрымцы людзей, якія адгукнуліся на мой крык аб дапамозе. Гэта ў ва мне тады адкрыла вялікую сілу дапамогі. І калі я пачула пра варштат у цэнтры рэабілітацыі, я падумала: “Я не магу зрабіць нешта глабальнае, але я маю паўдня часу і магу падараваць яго людзям, адкрыць для іх скарб выцінанкі”. А потым калі на заклік аб дапамоге матэрыяламі для варштата ў сацсетках адгукнулася шмат людзей, я зразумела, што ёсць у гэтым значна большая моц, чым я думала раней, – расказвае Вольга.
Мастачка ўпэўнена, што заўжды знойдзецца нехта, каму цікава тое ж самае, што і табе. І калі людзі, якія маюць агульныя захапленні, сустракаюцца, то агульная цікавасць пачынае расці, як кветка, бо яе “паліваюць” абменам. Ёй хочацца, каб такі абмен праз некаторы час даў свае плады – прыцягнуў яшчэ большую колькасць людзей да тэмаў, якія яна хоча закрануць: пытанні дапамогі адно аднаму і знаходжання новых каштоўнасцяў у жыцці, нават калі здаецца, што у ім больш нічога няма.
Вольга Бабурына, як многія мастакі, упэўнена, што творчы працэс заўсёды мае пэўны тэрапеўтычны эфект. Для яе самой творчыя працы – гэта ўсведамленне асабістых перажыванняў, пачуццяў, эмоцый, уражанняў, пэўных падзей. Праз творчасць яна ўсведамляе, структурыруе, наводзіць парадак ва ўспрыняцці рэчаіснасці. У яе гэта адбываецца на ўзроўні вобразаў і прац, якія яна стварае. Але, як кажа наша суразмоўца, сам тэхналагічны працэс таксама мае тэрапеўтычны эфект.
– У беларускай выцінанкі ёсць вельмі прыемны аспект – гэта момант нечаканасці і здзіўлення. Гэта датычыцца складвання паперы, бо калі мы яе складваем шмат разоў і нешта выразаем, то для непрафесіяналаў аказваецца сюрпрызам тое, што потым атрымліваецца. Нават калі на варштатах я дыктавала, якія дзірачкі рэзаць, ва ўсіх удзельнікаў атрымоўваліся розныя малюнкі. І калі чалавек толькі пачынае займацца выцінанкай, яго гэта вельмі ўраджвае. Гэта ж падымае тыя, часта прыціснутыя намі, пласты дзіцячай непасрэднасці, глыбінныя дзіцячыя эмоцыі – і мы сапраўды рэагуем на вынік працы, як дзеці. Выцінанка дапамагае узнавіць тыя эмоцыі, якія асвятляюць нашае жыццё новым светам, – распавядае Вольга.
Але ж на майстар-класах мастачка не толькі аддае, яна яшчэ і атрымлівае нешта для сябе. Перш за ўсё новыя стасункі, вопыт, кантакты, сумесная дзейнасць дае ёй пэўную глебу для разважанняў.
– Кантакт з людзьмі заўжды мае выхад у натхненні. Напрыклад, калі нейкую асобу больш ці менш чапляе пэўны вобраз, ён потым пачынае даваць парасткі і перарастае ў новыя вобразы. І калі ідзе абмеркаванне нейкіх працэсаў, кампазіцый, якія мы ствараем на варштатах, праз некаторы час адбываецца трансфармацыя вобразаў – яны развіваюцца і перероджваюцца ў нешта іншае. Праз гэта ідзе далейшае развіццё як выцінанкі, так і маёй асабістай творчасці. У тым ліку таму, што чым болей людзей захопліваюцца выцінанкай, тым болей поле маёй дзейнасці і тым мне прыемней чуць водгукі пра мае працы. Мне таксама прыемна, калі людзі пачынаюць захоплівацца выцінанкай, дзякуючы маім варштатам. Я атрымліваю асалоду, калі бачу людзей, натхнёных тым, што яны робяць, і мне ў разы прыемней, калі я ведаю, што ўпершыню гэтае натхненне яны адчулі на маіх занятках, – кажа яна.
Вынікам супрацоўніцтва мастачка бачыць тэматычную сумесную выставу тых людей, якія захопяцца выцінанкай, і прафесіяналаў. Яна спадзяецца, што за гэты час кола людзей, якія не толькі ведаюць, што гэта за мастацтва, але і паважаюць і любяць яго, стане шырэйшым, і што гэтыя людзі разам ці паасобку, глабальна ці кожны для сябе, будуць вырашаць актуальныя для сучаснасці пытанні.