Тэму адметнасці прафесіі лекара ў XVII стагоддзі анкапацыенты і іх блізкія абмяркоўвалі пад час кулінарнага падарожжа, які ладзіла гісторык кулінарыі, знаўца беларускай кухні, шэф-кухар Алена МІКУЛЬЧЫК напачатку сакавіка 2022 года ў кулінарнай студыі “LEGOURMET”.
Кіраўніца Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця” Ірына Жыхар напачатку імпрэзы распавяла пра аднаго з самых вядомых дактароў таго часу Данілу Набароўскага, які шмат займаўся лекарскай практыкай у традыцыях Галена, лячыў Радзівілаў, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі ў Вялікім Княстве Літоўскім, паспяваў вучыць заходнім мовам падлеткаў роду Радзівілаў, і апроч таго пісаў і перакладаў вершы, выконваў дыпламатычныя місіі, меў гонар абірацца і быў абраны гарадзскім суддзёй у Вільні.
Дзякуючы шэф-кухару Алене Мікульчык удзельнікі кулінарнага падарожжа прыгатавалі і прадэгуставалі стравы, якія былі шырока распаўсюджаны менавіта ў XVII стагоддзі, хаця з’явіліся ў меню беларусаў значна раней. Гэта жур з курыцай і аўсяны кісель, бігас з розных відаў мяса і ягоны малодшы брат, які з’явіцца праз два стагоддзі: бігус з грыбамі і журавінамі. Палячыліся і традыцыйным для шляхты напоем таго часу, які любілі мушкецёры Францыі, аб чым сведчаць раманы Аляксандра Дзюма – гіпакрасам.
Спадзяемся, што старажытныя стравы, якія рыхтаваліся падчас захапляючага кулінарнага падарожжа, замацуюцца і ўдасканаляцца ў штодзённым побыце падарожнікаў. Тым больш што гэтыя стравы цалкам адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання, апроч бадай гіпакраса. Вельмі салодкі напой атрымаўся! Але ў адрозненне ад нас, жыхароў ХХІ стагоддзя, цукрам нашы продкі ў XVII стагоддзі не злоўжывалі, бо ён быў вельмі дарагі, яго ж прывозілі здалёк, з плантацый цукровага трыснягу. Таму ім даравальна. Мы ж жывем у атачэнні цукровых страў і цукровага дыябету, часта не знаем меры ў слодычах, і калі ўжо і гатаваць гіпакрас, то калі чакаем рэдкіх дарагіх гасцей і хочам іх здзівіць гістарычным рэцэптам. Невялічкая порцыя аперытыву нікому не пашкодзіць. Так сёння робяць сучасныя французы, у якіх беларусы запазычылі рэцэпт гэтага напою, адаптаваны высілкамі таленавітай кухмістрыні Алены Мікульчык.