Вопрос-ответ

Задайте свой вопрос

    Перед тем как задавать свой вопрос, пожалуйста, посмотрите список вопросов и ответов ниже.



    Ці выклікае мыш’як рак?

    Мыш’як — гэта канцэраген для людзей. Так ён класіфікуецца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, Нацыянальнай таксікалагічнай праграмай ЗША і іншымі арганізацыямі.

    Мыш’як — гэта элемент, які сустракаецца натуральна, напрыклад, у пародах, глебе, вадзе, паветры, раслінах і жывёлах, а таксама ў злучэннях прамысловага і сельскагаспадарчай паходжання.

    Мыш’як сустракаецца ў дзвюх формах — неарганічных (у прамысловасці, будаўнічых матэрыялах, у вадзе, забруджанай мыш’яком) і арганічных. Мяркуецца, што апошнія менш таксічныя і не звязаны з ракам, у той час як неарганічныя звязваюць з ракам.

    Асноўныя крыніцы ўздзеяння мыш’яку на людзей — вада і харчаванне. Часта натуральныя ўзроўні мыш’яку вышэй у пітной вадзе з падземных крыніц — калодзежаў і свідравінаў. Для большасці людзей найбуйнейшай крыніцай мыш’яку з’яўляюцца харчы, хаця большая іх частка, імаверна, мае арганічную форму, якая менш небяспечная. Найбольш высокія ўзроўні мыш’яку знаходзяцца ў морапрадуктах, рысе і рысавай прадукцыі, грыбах і хатняй птушцы. Пры гэтым многія іншыя прадукты, у тым ліку некаторыя фруктовыя сокі, могуць утрымліваць мыш’як.

    Даследаванні паказалі, што мыш’як у пітной вадзе можа выклікаць рак лёгкіх, мачавіку і скуры. У сувязі з тым, што ўздзеянне мыш’яку звязваюць з ракам і іншымі адмоўнымі эфектамі на здароўе, некалькі дзяржаўных ворганаў ЗША рэгулююць узроўні мыш’яку і схільнасць да яго ўплыву.

    Як знізіць уплыў мыш’яку на арганізм

    Пры спажыванні вады з грамадскіх крыніц, можна атрымаць агульнадаступную інфармацыю пра ўзровень пэўных рэчываў у пітной вадзе, у тым ліку мыш’яку.
    Пры карыстанні калодзежам ці свідравінай можна зрабіць аналіз на ўзровень мыш’яку ў аўтарытэтнай лабараторыі.
    Жыхары тэрыторый з высокім узроўнем мыш’яку ў вадзе могуць разглядзець альтэрнатыўныя крыніцы пітной вады, напрыклад, ваду бутэляваную.
    Звычайныя бытавыя фільтры неэфектыўныя для выдалення мыш’яку.
    Таксама можна пазбягаць залішняга спажывання прадуктаў, вядомых высокім утрыманнем мыш’яку (рыс, фруктовыя сокі і інш.)
    Вялікае значэнне для вывядзення мыш’яку з арганізму мае дастатковае ўжыванне соляў фоліевай кіслаты .

    Даследаванні, на падставе якіх зроблены вышэй апісаныя высновы:

    1. World Health Organization. Arsenic Fact Sheet. World Health Organization; 2018.
    2. National Toxicology Program. Arsenic and Inorganic Arsenic Compounds, Report on Carcinogen. 14th ed. US Department of Health and Human Services, Public Health Service; 2016.
    3. World Cancer Research Fund / American Institute for Cancer Research. Diet, Nutrition, Physical Activity and Cancer: A Global Perspective. Continuous Update Project. The Third Expert Report. American Institute for Cancer Research; 2018. Accessed July 21, 2019.
    4. Ghose N, Majumdar KK, Ghose AK, Saha CK, Nandy AK, Mazumder DN. Role of folic acid on symptoms of chronic arsenic toxicity. Int J Prev Med. 2014; 5: 89–98.

    Чытаць/скачаць  брашуру цалкам можна тут.

    Ці маюць антыаксіданты нейкае дачыненне да раку?

    Тканкі ў арганізме пастаянна пашкоджваюцца ў выніку звычайнага акісляльнага метабалізму. Каб іх абараняць, у арганізме выкарыстоўваюцца некаторыя нутрыенты, біяактыўныя кампаненты ежы і злучэнні, якія вырабляюцца эндагенна.

    Паколькі гэта пашкоджанне звязана з павышэннем рызыкі развіцця раку, мяркуецца, што некаторыя антыаксіданты даюць абарону ад анкапаталогіі.

    У лік антыаксідантаў, якія паступаюць з ежай, уваходзяць: вітамін C, вітамін E, каратэноіды і шмат якія іншыя біяактыўныя кампаненты ежы.

    Даследаванні пацвярджаюць: людзі, якія ўжываюць больш гародніны і садавіны — а гэта багатыя крыніцы антыаксідантаў — могуць мець больш нізкую рызыку захворвання на некаторыя віды раку.*

    Зрэшты, гэта не значыць, што станоўчае ўздзеянне гародніны і садавіны абумоўлена антыаксідантамі, а не іншымі біяактыўнымі кампанентамі ежы.

    Пэўныя клінічныя вопыты, якія праводзіліся з антыаксідантнымі дадаткамі, не прадэманстравалі зніжэння рызыкі раку ад ужывання такіх дадаткаў; у асобных выпадках некаторыя з такіх дадаткаў нават паказалі сувязь з павелічэннем рызыкі раку. *

    Найлепшая парада для зніжэння рызыкі раку — ужываць антыаксіданты не з дадаткаў, а з цэльных прадуктаў.

    * World Cancer Research Fund / American Institute for Cancer Research. Diet, Nutrition, Physical Activity and Cancer: A Global Perspective. Continuous Update Project. The Third Expert Report. American Institute for Cancer Research; 2018. Accessed July 21, 2019.

    Чытаць/скачаць  брашуру цалкам можна тут.

    Ці існуе бяспечны ўзровень ужывання алкаголю?

    Ці менш рызыкі ад пэўных відаў алкаголю?

    Ёсць навуковыя доказы таго, што ўжыванне алкаголю выклікае некалькі відаў раку. Прычым не існуе бяспечнага ўзроўню ўжывання алкаголю для зніжэння рызыкі захворвання. Фактычныя дадзеныя паказваюць, што чым больш алкаголю ўжывае чалавек, тым вышэй рызыка захварэць на рак.

    Рызыка некалькіх відаў раку павялічваецца нават пры ўжыванні менш чым адной порцыі ў суткі.

    “Не больш за дзве порцыі ў дзень для мужчын (28 г этылавага спірту*) і не больш за адну порцыю для жанчын (14 г этылавага спірту*)” — гэтую рэкамендацыю (для тых, хто не хоча адмаўляцца ад алкаголю) не варта ўспрымаць у плане сярэдняга паказчыку за некалькі сутак, яе варта ўлічваць як аб’ём ужывання за любы адзін дзень**.

    Любы алкаголь (піва, віно, моцныя напоі) утрымлівае этылавы спірт, які ёсць рэчывам у алкагольных напоях, што выклікае рак ***.

    Няма такіх відаў алкагольных напояў, якія менш небяспечныя ў плане ўздзеяння на рызыку развіцця раку.

    * 14 г этылавага спірту ў пераліку на алкагольны напой утрымлівае 360 мл піва, 150 мл віна, 45 мл 40%-ных напояў і г.д.

    ** World Cancer Research Fund / American Institute for Cancer Research. Diet, Nutrition, Physical Activity and Cancer: A Global Perspective. Continuous Update Project. The Third Expert Report. American Institute for Cancer Research; 2018. Accessed July 21, 2019.

    *** International Agency for Research on Cancer (IARC). Monographs on the Evaluation of Carcinogenic Risks to Humans: Alcohol consumption and ethyl carbamate. Vol  96. 

    Чытаць/скачаць  брашуру цалкам можна тут

    Ці можна перыядычна харчавацца толькі сокамі, каб абараніцца ад раку?

    Сокі з садавіны і гародніны могуць быць зручным спосабам атрымання карысных біяактыўных харчовых кампанентаў. Калі ўжываць іх не шмат, яны могуць стаць каштоўным складнікам здаровага рэжыму харчавання.

    Зрэшты ў соках менш абалоніны і некаторых іншых карысных нутрыентаў і больш прыроднага цукру, чым у гародніне і садавіне, з якіх яны робяцца. Таму сокі — не найлепшая крыніца атрымання нутрыентаў з расліннай ежы.

    На сёння няма навукова пацверджаных фактычных дадзеных, якія б падтрымалі заявы аб тым, што выключнае ўжыванне сокаў цягам больш за 1 дзень паніжае рызыку развіцця раку ці прыносіць іншую карысць здароўю.

    Сокавае ачышчэнне прапагандуецца як спосаб пазбаўлення ад таксінаў, аднак гэтаму няма навуковых доказаў. Таксіны, якія трапляюць у арганізм з прадуктамі харчавання і напоямі, увесь час выводзяцца ныркамі і печанню, незалежна ад таго, харчуецца чалавек цвёрдай ці вадкай ежай.

    Хаця дыета, якая складаецца з сокаў з гародніны, можа быць адным з спосабаў павышэння мікранутрыентаў *, яе абмежаванне аднымі толькі сокамі можа прывесці да недахопу некаторых важных нутрыентаў, а ў асобных выпадках такая дыета можа ўтрымліваць небяспечныя ўзроўні пэўных рэчываў, якія могуць пашкоджваць ныркі і выклікаць іншыя праблемы са здароўем** .

    * Butalla AC, Crane TE, Patil B, Wertheim BC, Thompson P, Thomson CA. Effects of a carrot juice intervention on plasma carotenoids, oxidative stress, and inflammation in overweight breast cancer survivors. Nutr Cancer. 2012.

    ** Hu C; UCLA Center for East-West Medicine. Juicing: body cleansing or nutrient depleting? Accessed July 21, 2019.

    ** Lien YH. Juicing is not all juicy. Am J Med. 2013.

    ** Tavernise S. Misconception: juice cleansing can remove toxins from your system. NYT. April 20, 2016.

    Чытаць/скачаць  брашуру цалкам можна тут

    Што такое акрыламід і ці звязаны ён з павышэннем рызыкі раку?

    Бульба фры, бульбяныя чыпсы, крэкеры, хлеб, печыва, сухія сняданкі з шматкоў, кансерваваныя масліны, слівавы сок, кава — асноўныя крыніцы акрыламіду ў нашым рацыёне.

    Што такое акрыламід?

    Акрыламід — гэта хімічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў апрацоўчай галіне прамысловасці. Яно таксама знаходзіцца ў харчовых прадуктах і тытунёвым дыме. Акрыламід фармуецца як пабочны прадукт рэакцыі Маяра, калі амінакіслата аспарагін рэагуе з пэўнымі цукрамі падчас награвання да высокіх тэмператураў.

    Чаму акрыламід атрымаў класіфікацыю “магчымы канцэраген”?

    Міжнароднае агенцтва дасладавання раку (IARC) Усясветнай арганізацыі аховы здароўя  класіфікуе акрыламід як “магчымы канцэраген” на падставе правядзення першасных эксперыментаў на жывёлах. Аднак, пры правядзенні вялікай колькасці эпідэміялагічных даследаванняў (як даследаванняў метадам выпадак-кантроль, так і кагортных даследаванняў) на людзях не знайшлі надзейных доказаў таго, што ўплыў харчовага акрыламіду асацыюецца з рызыкай якога-небудзь віду раку *.

    * Lipworth L, Sonderman JS, Tarone RE, McLaughlin JK. Review of epidemiologic studies of dietary acrylamide intake and the risk of cancer. Eur J Cancer Prev. 2012; 21: 375–386.

    * Virk-Baker MK, Nagy TR, Barnes S, Groopman J. Dietary acrylamide and human cancer: a systematic review of literature. Nutr Cancer. 2014; 66: 774–790. 

    * Pelucchi C, Bosetti C, Galeone C, La Vecchia C. Dietary acrylamide and cancer risk: an updated meta-analysis. Int J Cancer. 2015; 136: 2912–2922.

    Чытаць/скачаць  брашуру цалкам можна тут

    Ці павышае цукар рызыку развіцця раку?

    У ежы і напоях утрымліваецца некалькі відаў цукру. Яны адрозніваюцца па свайму хімічнаму складу, але аказваюць падобнае метабалічнае дзеянне.

    Усе цукры, якія ўтрымліваюцца ў ежы і напоях, павялічваюць каларыйнасць. Празмернае ўжыванне цукру спрыяе набору веса, залішней вазе, атлушчэнню і такім чынам можа ўскосна весці да павышэння рызыкі 13 відаў раку.*

    Таксама ёсць фактычныя звесткі аб тым, што рэжымы харчавання, багатыя дабаўленымі цукрамі, уплываюць на ўзроўні інсуліну і ўзаемазвязаных гармонаў, і гэта можа павышаць рызыку пэўных відаў раку**, асабліва эндаметрыя ***.

    Карычневы (нерафінаваны) цукар мае тую ж хімічную формулу цукру (сахарозу), што і белы (рафінад), а таксама надзвычай малыя колькасці іншых рэчываў, якія ўплываюць на колер і смак, але не зніжаюць нядобрыя эфекты метабалічнага дзеяння сахарозы на масу цела і інсулін.

    Фруктоза — натуральны цукар, які ўтрымліваецца ў шмат якой садавіне, а таксама пасалоджаных напоях у форме кукурузнага сіропу, багатага на фруктозу. Яна ўздзейнічае на вагу і інсулін падобна сахарозе. Тое тычыцца і мёду, які ўтрымлівае сумесь фруктозы і глюкозы (яшчэ адна форма цукру).

    Лабараторныя даследаванні паказалі, што метабалізм глюкозы ў ракавых клетках адбываецца хутчэй, чым у нармальных клетках. Людзі часта тлумачаць гэты факт памылкова, мяркуючы, што цукры ў ежы і напоях непасрэдна падсілкоўваюць ракавыя клеткі.

    Тым не менш, абмежаванне ўжывання паўфабрыкатаў і прадуктаў з высокай ступенню перапрацоўкі, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць дабаўленых цукраў (пірожныя, торты, ласункі, печыва, пасалоджаныя збожжавыя прадукты), а таксама пасалоджаных цукрам напояў (газіроўка, спартыўныя і энэргетычныя напоі) можа дапамагчы:

    — знізіць ужыванне калорыяў;
    — мінімізаваць набор вагі і падтрымліваць больш здаровую масу цела;
    — а таксама знізіць вытварэнне (сакрэцыю) інсуліну ў людзей з пераддыябетам і  дыябетам 2 тыпу.

    Міжнародныя арганізацыі з сектара аховы здароўя адзначаюць, што абмежаванне спажывання пасалоджаных цукрам напояў уяўляе сабой безумоўны прыярытэт***, рэкамендуючы замест гэтага выбіраць ваду і непасалоджаныя напоі.

    * International Agency for Research on Cancer (IARC). World Cancer Report. Cancer Research for Cancer Prevention. WHO Press; 2014.

    **Perez-Hernandez AI, Catalan V, Gomez-Ambrosi J, Rodriguez A, Fruhbeck G. Mechanisms linking excess adiposity and carcinogenesis promotion. Front Endocrinol (Lausanne). 2014; 5:65.

    *** World Cancer Research Fund/American Institute for Cancer Research. Diet, Nutrition, Physical Activity and Cancer: A Global Perspective. Continuous Update Project. The Third Expert Report. American Institute for Cancer Research; 2018. Accessed July 21, 2019.

    Азнаёміцца з брашурай па прафілактыцы раку можна ТУТ.