Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
Жоўты Піліп да палкі прыліп – такую народную загадку пра яблык згадвае ў сваіх зборніках, выдадзеных у першай палове ХІХ стагоддзя, вядомы беларускі паэт і фалькларыст Ян Чачот. Сапраўды, ці існаваў у той час які-небудзь пладовы сад без яблыкаў?
Першыя пладовыя сады ў Беларусі з’явіліся на манастырскіх падворках, а першыя даследаванні садовых дрэў праводзілі манахі. Адным з самых старажытных гатункаў яблык называюць буйны чырванабокі апорт. Першыя згадкі пра яго сустракаюцца ў манастырскіх летапісах яшчэ ў 1175 годзе. Апорт лічыўся каштоўным гатункам, які мог упрыгожыць самы вытанчаны пладовы сад. Зміцер Дзядзенка ў нарысе, надрукаваным у кнізе Алеся Белага «Наша страва», піша, што ў Вялікім Княстве Літоўскім пладовыя сады, якія разглядаліся як сімвал раю, маглі ўтрымліваць, апроч манастыроў, свецкія фэадалы. Пасля зямельнай рэформы Боны Сфорцы ў XVI стагоддзі садоўніцтвам стала займацца і заможная шляхта. Войны наступных стагоддзяў прывялі шляхецкія і магнацкія сады ў заняпад. Аднак у другой палове XVIII стагоддзя яны зноў пачынаюць красаваць, і не толькі пры панскіх маёнтках, але і на невялікіх сялянскіх надзелах. У пазнейшыя часы садоўніцтва ў нашым краі паспяхова пашыралася, як пашыралася і разнастайнасць сартоў яблынь.
Уладзімер Караткевіч называў вялізную, жоўта-празрыстую беларускую антонаўку самай лепшай у свеце. «Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою, — нібы дзесяць год скінеш з плячэй», — пісаў ён у «Зямлі пад белымі крыламі». На гэтай зімовай яблыні спеюць буйныя, цяжкія, вінна-кіслыя яблыкі, якія могуць захоўвацца да студзеня. Антонаўка саспявала адной з апошніх і ад ранніх маразоў рабілася яшчэ больш смачнай.
“У невялікім садзе маёй бабулі было каля 8 яблынь, — успамінае Ірына пра свае канікулы ў вёсцы. – І добра расла і пладаносіла толькі антонаўка, якую мы не маглі ўлетку есці, бо яна была кіслая-кіслая. Таму спажывалі мы яе толькі ў пірагах або сушанымі. Прычым, тыя яблыні пладаносілі праз год. А калі бабуля памерла, яблыні пачалі пладаносіць штогод. Вось такі цуд я бачыла на свае вочы.”
У беларускіх садах здаўна расло шмат гатункаў гэтай яблыні, летніх і восеньскіх: жоўты рэпчаты антон, шэрая, альбо іржавая антонаўка — непрывабная звонку, але моцная, тугая, з рэзкім насычаным смакам усярэдзіне. Яблыкі антонаўкі захоўваюцца добра, а дрэвы растуць доўга. З духмянай антонаўкі атрымліваецца смачная цмоква, сыр, пасціла, жэле, сочыва, мармелад. Скрылікамі антонаўкі начынялі здобныя мельшпайсы, яе пускалі на добрае віно і найсмачнейшы сідар. Таму невыпадкова, што нашы бабулі ведалі незвычайныя сучаснаму беларусу рэцэпты. Спадзяемся, сямейны рэцэпт Ірыны Жыхар, выпадкова знойдзены у “Літоўскай кухаркі” Вінцэнты Завадскай, а значыцца, яму больш за 200 гадоў, дапаможа вам, шаноўныя чытачы, прыгатаваць нешта нязвыклае і гістарычна смачнае!
А вось і сам рэцэпт “Яблачнага дэсерту”:
Інгрэдыенты:
— 4 яйкі |
Чытаць/Скачаць на беларускай і рускай мовах можна ТУТ.
Спосаб прыгатавання:
- 5 яблыкаў чысцім ад лупіны і дробна наразаем.
- Жаўткі аддзяляем ад бялкоў. Жаўткі ўзбіваем блэндэрам з цукрам. Дадаём смятану.
- Здрабняем на дробнай тарцы пакінутыя яблыкі. Змешваем з жаўткамі. Дадаём муку. Добра перамешваем.
- Бялкі ўзбіваем міксерам да ўстойлівай пены. Усё змешваем, дадаём карыцу.
- Вышмароўваем форму для запякання сметанковым маслам. Пасыпаем паніровачнымі сухарамі. Выліваем цеста ў падрыхтаваную форму.
- Ставім у разагрэтую да 200 градусаў духоўку. Выпякаем да залацістага колеру 40-50 хвілін. Гатоўнасць правяраем драўлянай палачкай.