Вольга Хаменка, 9 гадоў пасля анкадыягназу

Текст на русском языке ЗДЕСЬ.

Воля, як у цябе выявілі хваробу?

Фота Яўгеніі Кіслай-Камаровай

— Гэта адбылося вельмі нечакана. Калі глядзець звонку, у мяне была прыгожая карцінка. Муж, які кахае, дзве маленькія чароўныя дачкі, любімая праца, мама, з якой цёпла, якая разумее цябе, дапамагае фінансава, клапатлівая свякроўка, якая імкнецца дапамагчы і накарміць, шмат блізкіх сябровак. Вонкава ўсё было ок, а ў сярэдзіне ў мяне ішла вайна. Столькі было напружання, якое патрабавала свайго выйсця! Мне падабаецца сцвярджэнне «калі мы не вырашаем штосьці на ментальным узроўні, цела бярэ нагрузку на сябе».

Вось так, заснуўшы аднойчы ў штодзённых клопатах, рыхтуючыся да Вялікадня і чакаючы вяртання мамы з Ізраіля… А потым, за адну ноч усё змянілася: прачнулася я ў іншым пакоі, побач з занепакоеным мужам. Выявілася, у начы быў сутаргавы прыступ, як у фільме «Брыльянтавая рука»: апрытомеў- гіпс, так і я, прачнулася — і ў мяне пачалося іншае жыццё. Мяне гаспіталізавалі, адна лякарня, другая, першая аперацыя, пастаноўка дыягназу, чаканне наступнай аперацыі па выдаленню злаякаснай пухліны і ў гэты ж час сустрэча з сімптомамі хваробы і шмат страху. У першай лякарні казалі пра проста пухліну, потым галасілі: «У Вас такая хвароба!!» і называлі ўжо другую стадыю, аб сапраўднай трэцяй стадыі я даведалася толькі праз пяць гадоў пасля аперацыі.

Калі цябе больш за ўсё «штарміла»?

Фота Яўгеніі Кіслай-Камаровай

— Было некалькі складаных момантаў. Цяжэй за ўсё мне было перад хваробай, калі адчувала ўнутры шмат напружання і безвыходнасці. Хвароба для мяне стала як разрадка напружання.

Другі момант, калі не казалі дакладнага дыягназу, а казалі: « У Вас такая хвароба!». І ў той жа час заставацца ў аднамеснай палаце з кратамі на вокнах і пятлёй антэны на гэтых кратах. Балазе, што ў той час былі мабільныя тэлефоны, можна было падзяліцца з іншымі і зняць напружанне, пасмяяцца над такой карцінкай знешняга свету.

Атрымліваецца, хвароба ініцыявала змены ў жыцці?

— Так, хвароба ініцыявала нараджэнне новай мяне, мяне сапраўднай. Я ўдзячная Богу за такую магчымасць, але перажыць гэта ўсё яшчэ раз мне б не хацелася.

Жыццё для мяне зрабілася ярчэй. Я нават калі вярнулася да сябе ў кватэру, шпалеры на сценах таксама сталі ярчэй. Была вясна, сімвал абуджэння новага жыцця. Кожную раніцу, калі прачыналася, дзякавала Богу за новы дзень і новыя магчымасці.

Я стала больш дазваляць сабе, хадзіла на асабістую тэрапію, наведвала групы сузалежных- гэта быў прарыў.

Мне далі другую непрацаздольную групу інваліднасці.

Я стала сабе больш дазваляць у прафесійным плане, ўкладваць у сябе. Калі раней маім перакананнем было «Усё лепшае — дзецям”, дык пасля дыягназу стала «Навучыць дзяцей можна толькі ўласным прыкладам». І, напэўна, гэта ў мяне атрымалася — я бачу зараз актыўную пазіцыю маіх дзяўчатак, і мяне гэта натхняе і зачароўвае.

Пра што ты марыш?

Фота Яўгеніі Кіслай-Камаровай

— Калі пачалася гісторыя з пастаноўкай майго дыягназа, а гэта быў працяглы працэс, больш за месяц, мне хацелася падзяліцца сваім досведам, чым, менавіта, я зараз і займаюся. Адна мая мара збываецца. Таксама мне б хацелася быць карыснай для іншых людзей.

Я пасля школы абрала прафесію псіхолага і яна мне заўсёды вельмі падабалася і натхняла мяне, але пасля хваробы я выйшла на новы прафесіянальны ўзровень. Наведванне тэрапеўтычных групаў, інтэнсіўнасць працэсаў зачароўвала, навучанне ў экзістэнцыяльным напрамку, супервізарскія групы — усё гэта адчыняла новыя магчымасці і давала мажлівасць адчуваць сябе жывой і ўразлівай і рухацца далей у мэтах лепшага разумення сябе. Часам у нейкіх сваіх працэсах узнікае такое моцнае захапленне будовай працэсаў сусвету, што проста дух займае.

Яшчэ адна мая мара — гэта праводзіць групы: групы для людзей, у якіх баліць душа, неважна з-за якой прычыны. Мне падабаецца выказванне доктара Аляксандра Аляксейчыка: «Боль — гэта Божая любоў». Рост і змены непазбежна звязаны з болем, аднак, калі ёсць устойлівы і разумеючы іншы побач, жыццёвыя складанасці перажываюцца нашмат цікавей і прадуктыўней, але гэта  на маю думку. Мне пашчасціла прачытаць кнігу доктара Джэймса Б’юджанталя «Навука быць жывым» аб групавой псіхатэрапіі. Маё меркаванне, што жыццё — гэта лепшая псіхатэрапія, аднак важна прысутнасць жывых і шчырых блізкіх, гатовых пачуць, зразумець і прыняць цябе такім, які ты ёсць, што дазволіла б у сваю чаргу самому быть адкрытым да зменаў.

Чаго б ты пажадала тым, хто праходзіць лячэнне?

— Я лічу, што ў кожнага з нас свой шлях. Я маю ўпэўненнасць, што ўсе, што адбываецца з намі ў нашым жыцці- вельмі важна і гаюча для нашай душы.

Я бы хацела пажадаць людзям, якія знаходзяцца ў такой складанай жыццёвай сітуацыі, даверыцца Богу ці самому Жыццю- прыслухоўваючыся і давяраючы сабе. Вельмі важная згода перш за ўсё ў сваёй душы. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

! Адкрываем запіс ў тэрапеўтычную групу Вольгі Хаменка. Пішыце асабіста да Вольгі ў Фэйсбук або нам, мы дапаможам ўсталяваць кантакт: +375-29-627-8035 (viber, whatsapp, telegram), oncopatient.by@gmail.com з пазнакай « у групу да Вольгі Хаменка» 

P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі Шарлотку з батона па сямейным рэцэпце Вольгі Хаменка і гістарычны Морс журавінавы ў адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.

Дзякуем Веры Лебядзеўскай за пераклад размовы на беларускую мову.

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.