Шмат хто з нас, асабліва, калі няма настрою, любіць падвышаць яго кавалачкам шакаладу. Вельмі папулярная саладосць сапраўды мае такую магію. І невыпадкова, што ў свой час, каля трыцацці гадоў таму, быў створаны сусветны дзень шакаладу. Францыя пачала гэтую справу. Іншыя краіны святкуюць і яго, і ўстанавілі свае нацыянальныя шакаладныя святы. Яно і зразумела: смачнага мала не бывае! Але ці карысны шакалад пры наяўнасці анкадыягназу?
Што такое шакалад?
Шакалад – гэта кандытарскі выраб, карыснасць якога да гэтай пары выклікае шмат спрэчак. Некаторыя сцвярджаюць, што ён адназначна шкодны. Іншыя спасылаюцца на даследаванні, якія паказваюць шмат карысных уласцівасцей гэтага прадукту масавага спажывання. Хто мае рацыю?
Адзначым, што ў свеце ўвогуле не бывае абсалютна карысных ці абсалютна шкодных прадуктаў. Гаворка ідзе пра перавагі адных над другімі.
Станоўчыя ўласцівасці шакаладу
Яны вызначаюцца наяўнасцю такога прадукта з какава-бабоў, як какава-парашок, які ўтрымлівае
— поліфенолы, здольныя спалучаць і выводзіць з арганізму свабодныя радыкалы
— тэабрамін — рэчыва, якое валодае спазмалітычным дзеяннем і прымяняецца пры спазмах сасудаў галаўнога мозгу і сэрца.
Такім чынам шакалад як кандытарскі выраб
— можа уплываць на функцыю трамбацытаў, што зніжае рызыку ўзнікнення тромбаў у сасудах
— павышаць працаздольнасць і разумовыя здольнасці
— утрымлівае пэўную колькасць кальцыю, магнію і фосфару.
Ну а самай прыемнай уласцівасцю шакаладу, якая ўсім вядома, з’яўляецца яго ўнікальная здольнасць падвышаць настрой!
Адмоўныя ўласцівасці шакаладу
— высокая каларыйнасць з-за наяўнасці розныз дадатковых да какава-бабоў інгрэдыентаў
— наяўнасць такога цяжкага металу як кадмій, які ўтрымліваецца менавіта ў какава-бабах
— спрыяе распаўсюджванню карыеса
— можа правакаваць мігрэнь
Парады для аматараў шакаладу
Шакалад бывае цёмны (горкі ці малочны) і белы. Цёмны шакалад вырабляюць з цёртага какава-парашка. У малочны шакалад дадаюць некаторую колькасць малака. А белы шакалад зусім не ўтрымлівае какава-парашка, а складаецца з какава-алеі. І паколькі ўся карысць шакаладу ўтрымоўваецца менавіта ў какава-парашку, белы шакалад не здольны аказаць на наш арганізм ніякага станоўчага ўздзеяння.
Раім купляць цёмны шакалад з не меней 70% утрымання какава-бабоў. Атрымаецца болей – будзе вельмі добра.
Раім арыентавацца на той шакалад, які ўтрымлівае максімальную колькасць какава-парашка і мінімум дабавак. Але такі шакалад дарагі і мала даступны.
Каб зберагчы зубы – апалосквайце рот пасля ўжывання шакаладу!
Галоўнае — знайце меру! І тады шакалад будзе служыць вам на карысць, а не на шкоду.
Лекары раяць спажываць цёмны шакалад не больш за 30 г на дзень. У першую чаргу з-за кадмія, каб яго не накапліваць у арганізме. У тым ліку і з-за іншых інгрэдыентаў, перабор якіх таксама не пажаданы ні для здаровага чалавека, ні для хранічна хворага.
Гістарычная даведка
Першы рэцэпт такога напою як шакалад з’явіўся прыблізна 4 тысячы гадоў таму на паўночна-амерыканскім кантыненце. Еўрапейцы ўпершыню пазнаёміліся з шакаладам падчас чацвёртага паходу Хрыстафора Калумба. Сярэдні сын першапраходцы Фердынанд Калумб у сваім дзённіку так апісвае сустрэчу з індзейцамі, якія падышлі да іх карабля з дарункамі: “запасаюцца яны такімі ж каранямі і збожжам, якія мы ядзім у Іспаніі, і гатункам віна з кукурузы, якое нагадвае ангельскае піва; і шмат такіх арэхаў (какава), якія ў Новай Іспаніі выкарыстоўваюць у якасці грошай. Здаецца, што арэхі гэтыя ў іх высока цэняцца; калі яны падымаліся са сваімі дарамі на борт карабля, я назіраў, як адзін з такіх арэшкаў упаў, і яны ўсе кінуліся падымаць яго, як быццам гэта вока выпала”.
Але тады шакаладу не ўдалося заваяваць Еўропу. На смак ён быў даволі вязкі і горкі.
Гісторыя шакаладу ў Еўропе пачалася, калі іспанскаму канкістадору Эрнану Картэсу падчас захватніцкай экспедыцыі правіцель ацтэкаў Мантэсума асабіста паднёс чару з чыстага золата, у якой пенілася незвычайная вадкасць пад назвай «чоколатль» (што ў перакладзе і азначала літаральна — «пенная вадкасць»). Для імператара Мантэсумы чоколатль рыхтавалі па-іншаму, не проста з вадой: смажаныя какава-бабы расціралі разам з зернямі малочнай кукурузы, а затым дадавалі мёд, ваніль і салодкі сок агавы. Менавіта гэты цудоўны напой пакаштаваў Эрнан Картэс. Уражаны, Картэс запісаў рэцэпт і наладзіў пастаўкі какава-бабоў у Еўропу, пры падтрымцы іспанскага манарха наладзіў вытворчасць. Так пайшоў распаўсюд і вядомасць новага напою сярод заможных знаці.
Калі трапіў шакалад на беларускія землі, дакладна невядома. На сёння ёсць сведчанне, што ў канцы XVIII стагоддзя светач тагачаснай еўрапейскай навукі, аўстрыйскі езуіт Габрыэль Грубер (славенец паводле паходжання), які ў час забароны ордэна ў Заходняй Еўропе доўгі час выкладаў у полацкім езуіцкім калегіуме, акрамя сваіх дзіўных механічных вынаходак славіўся і рэцэптам выдатнага шакаладу. Падчас візіту ў Полацк у 1797 годзе расійскі імператар Павел I меў з Груберам працяглыя гутаркі і дэгуставаў ягоны гарачы шакалад.
Вядомыя кулінарныя кнігі, якія меліся або вяліся ў тыя часы ў каралеўскіх і магнацкіх дамах, рэцэптаў шакаладу не маюць. Магчыма, яшчэ час не прыйшоў і ў нас наперадзе адкрыццё падарожжа гэтага напою па беларускіх абшарах. Менавіта напою, бо ХІХ стагоддзе стала рэвалюцыйным для шакаладу, які ператварыўся з вадкага напою ў цвёрдую плітку, а потым — у малочны шакалад. Так кандытарскі выраб патаннеў, стаў заваёўваць свет, пачалі адчыняцца кандытарскія мануфактуры, у тым ліку і ў нас.
Самая старая фабрыка па вытворчасці шакаладу ў Беларусі — «Кавярня з кандытарскімі прадуктамі, пякарня кандытарскіх прадуктаў Георгія Вікенцьевіча Рачкоўскага» — была адкрыта 11 студзеня 1905 года. Салодкія прысмакі там вырабляліся ўручную, і асартымент налічваў толькі пару дзесяткаў відаў кандытарскіх вырабаў. У 1910 годзе яго назва змянілася на «Крама кандытарская і кандытарская майстэрня», а яшчэ праз 4 гады — на «Фабрыка кандытарскіх вырабаў Жорж». У 1926 годзе Мінскай біржай працы на базе былога прадпрыемства быў створаны калектыў кандытараў, які атрымаў назву «Першая беларуская кандытарская фабрыка», якое яшчэ праз 3 гады атрымала ўсім вядомую назву «Камунарка».