Рак малочнай залозы (РМЗ) — гэта злаякасная пухліна, найбольш часта ўзнікае ў жанчын ва ўзросце ад 35 да 55 гадоў.
РМЗ можа ўзнікнуць з-за розных прычын. Але навука пакуль не мае дакладнага адказу на кожны выпадак. Прычынамі могуць быць як спадчыннасць, так і знешнія фактары (радыяцыя, гарманальныя парушэнні, траўмы малочных жалез, шкодныя звычкі і г.д.).
Галоўнае — не трэба шукаць вінаватых сярод сваіх блізкіх, не трэба вінаваціць сябе. Рак — гэта дакладна не пакаранне за ўчынкі і думкі, ён узнікае не за грахі ці ў помсту! На рак малочнай залозы захворваюць распусніцы і манашкі, бяздзетныя і шматдзетныя, жанчыны, якія паляць і тыя, хто вёў здаровы лад жыцця (хаця курэнне і алкаголь, безумоўна, павялічваюць рызыку развіцця раку).
Колькасць захварэлых жанчын з кожным годам расце, аднак дзякуючы новым метадам дыягностыкі пухліны малочнай залозы выяўляюцца на ранніх стадыях, і таму добра паддаюцца поўнаму лячэнню.
Каб не спаткацца з ракам малочнай залозы, трэба своечасова праходзіць абследаванне:
— жанчынам ва ўзросце 24-45 — штогод рабіць УГД (УЗИ) малочных залоз,
— жанчынам 45+ — раз на два гады – мамаграфію.
Не прапускайце гэты мінімум, таму што самыя маленькія ўшчыльненні і пухліны можна выявіць толькі з дапамогай спецыяльнага абсталявання.
Штомесячнае самаабследаванне або пальпацыя малочных залоз падчас агляду гінеколага – гэта дадатковы метад, пры якім вельмі лёгка памыліцца. Ён не дазваляе выявіць рак малочнай залозы на ранняй стадыі. Пальцы “не бачаць” мутацыі клетак. У 90% выпадкаў пальпацыя выяўляе злаякаснае ўтварэнне, якое ўжо трывала ўсталявалася ў целе.
Сімптомы, якія нельга ігнараваць:
— Ушчыльненне/пухліна ў тканіне малочнай залозы
— Наяўнасць павялічанага шчыльнага лімфавузла ў падпахавай зоне, які не баліць
— Шчыльныя надключычныя лімфатычныя вузлы
— Уцягванне, патаўшчэнне саска, выдзяленні з яго
— Бачная на вока дэфармацыя скуры
Працэс утварэння і росту пухліны адбываецца на працягу некалькіх гадоў, таму важна штогод клапаціцца пра сябе і абмінуць рак малочнай залозы.
Таму праяўляйце ўласную ініцыятыву і праходзьце рэгулярнае абследаванне. Гэта тое, на што вы можаце ўплываць. Беражыце сябе!