Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
Галіне, гераіне апошняй бяседы, спатрэбілася секунда, каб адказаць на пытанне пра самую памятную любімую страву дзяцінства: “Дранікі!”.
“Асабліва смачныя яны былі ўзімку, калі мароз навокал, сцюдзёна-халодна, завірухі-завеі… Ляжыш на печы і кругам ідзе галава ад паху тых смажаных на сале бульбяных бліноў, якія матуля прыгатавала на сняданак. І так не хочацца бегчы ў школу” – успамінае з усмешкай Галіна.
Апошнія дваццаць гадоў дазволіць сабе любімы ласунак жанчына не можа: без страўніка жыццё змянілася назаўсёды. Бульбяны крухмал арганізм наогул не ўспрымае. Не толькі дранікаў няма на стале, нават з таўканіцай праблемы.
Калі ў вас няма тых абмежаванняў, якія мае наша гераіня, то прапануем прыгатаваць самы аскетычны варыянт дранікаў, без дадаткаў, смажаных на алеі. Хіба ж так проста знайсці зараз сапраўднае хатняе сала, якім карысталіся раней у вёсках, калі гатавалі гэтую страву! Мабыць, менавіта з гэтага рэцэпта і ўтварыліся тыя дзвесце трыццаць пяць ці болей варыянтаў рэцэптаў дранікаў, якія вынайшлі этнографы-даследчыкі па ўсёй Беларусі.
Чытаць/Скачаць рэцэпт на беларускай і рускай мовах можна ТУТ.
Інгрэдыенты:
— 6 бульбін
— соль – на смак
— алей — для смажання
Спосаб прыгатавання:
- Бульбу абіраем, прамываем і націраем на дробнай тарцы. Сцэджваем бульбяны сок. Солім і перамешваем.
- Разаграваем патэльню, дадаём алей. Смажым, як звычайныя аладкі, да залацістага колеру.
- Падаем да стала гарачымі са смятанай.
Можна на той жа тарцы нацерці цыбуліну, каб бульбяная маса не цямнела і каб смак будучых дранікаў быў больш вытанчаны.
Смачна есці!