Віктар Малышчыц, астраном, фатограф, сябра Экспертнай групы па пасткроссінгу і ўдзельнік фотавыставы «Са-тварэнне» у рамках Эстафеты «У імя жыцця»
— Раскажыце, якім быў Ваш шлях да сямейных і нацыянальных каштоўнасцяў, зорак, фатаграфіі?
— Насамрэч, ніякага адмысловага шляху і не было. Прынамсі, жыццёвых парад у стылі «рабі, як я», я дакладна даць не змагу. Многія расказваюць, як трэба змагацца на працягу ўсяго жыцця – я ж хутчэй плыву па цячэнні. Ці, калі сказаць прыгожымі словамі, давяраю інтуіцыі і поклічу сэрца. У мяне заўсёды прынцып – калі не можаш зараз жа звярнуць горы, рабі штосьці маленькае. У рэшце рэшт, цячэнне, па якім я раю плыць, точыць камяні, і з цягам часу разбурае і цэлыя горы.
Захапленне зоркамі атрымалася выпадковым. У пятым класе ўсе школьнікі мараць пра космас, і мая мама проста здагадалася падарыць мне маю першую энцыклапедыю пра зоркі, якую я ледзьве не напамяць вывучыў. Да таго ж у школе знайшоўся апантаны астраноміяй настаўнік, які здолеў гэтае захапленне падтрымаць.
Да нацыянальных каштоўнасцяў таксама асабліва прыходзіць не давялося. Я нарадзіўся ў Латвіі і бачыў, як латышы шануюць сваю краіну, мову і культуру. Калі мы пераехалі сюды, я вучыўся ў трох школах – усе яны былі беларускія, і ў мяне нават не ўзнікала пытання, у якой краіне я жыву, і якая наша мова. Калі мне было гады 23, усе гэтыя дзіцячыя ўражанні ўсплылі ў памяці, таму я зрабіў ужо свядомы выбар: я хачу жыць тут, хачу, каб мае дзеці любілі гэтае месца і хачу, каб яны былі беларусамі.
З фатаграфіяй атрымалася яшчэ больш празаічна. Як і тысячы іншых людзей, я любіў нешта здымаць. І гэта і засталося б проста захапленнем, каб не неабходнасць пракарміць сям’ю.
— Што Вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем, чым ганарыцеся?
— Напэўна, сваю сям’ю. Многія дасягненні з цягам часу забываюцца, многія дасягнутыя вяршыні і рэкорды праз некаторы час застаюцца ў ценю перамог іншых людзей. А вось сям’я і дзеці заўсёды прыносяць шчасце, і кожны дзень з імі не засумуеш.
— А ёсць тое, што не атрымалася? Што б Вам хацелася ажыццявіць?
— Ды проста куча ўсяго! Калі ў цябе процьма планаў, то абавязкова многія з іх не змогуць ажыццявіцца – увесь час трэба будзе выбіраць, што табе важней. Па шчырасці, хацелася б зрабіць мноства сацыяльных праектаў, але сям’я аднімае шмат часу і, на мой погляд, сярод прыярытэтаў сям’я павінна стаяць на першых месцах.
— Як Вы далучыліся да Эстафеты ў падтрымку анкапацыентаў? Чаму для Вас гэта важна?
— Мяне запрасіла Ірына Жыхар. Роля ў мяне зусім невялікая – усяго толькі быць адным з членаў журы фотаконкурса і паўдзельнічаць у невялікай фотавыставе. Шчыра, я не ведаю, як правільна падтрымаць анкалагічных пацыентаў. Але я ведаю, што стаю побач з вялікай і прафесійнай камандай, якая дакладна ведае, як гэта зрабіць. І шчаслівы, што крышачку магу ў гэтым дапамагаць.
— Ці ёсць у Вас досвед стасункаў з анкапацыентамі? Некаторыя людзі адчуваюць страх камунікацыі з імі, ці ёсць ён у Вас?
— Сярод блізкіх мне людзей не было анкапацыентаў, але не думаю, што павінен быць нейкі страх камунікацыі з імі. Вельмі вялікі працэнт анкалагічна хворых вылечваюцца і вяртаюцца да звычайнага жыцця, таму іх хвароба не адрозніваецца нічым ад іншых сур’ёзных, але вылечных, захворванняў. Я толькі не ведаю, як размаўляць з людзьмі, у якіх рак ужо даўно перакрочыў 4-ю стадыю і якім застаецца не так шмат – у нас настолькі розныя каштоўнасці ў жыцці, што было б вельмі добра, каб хтосьці растлумачыў, як правільна сябе паводзіць з такімі людзьмі.
— Маглі б Вы адказаць, што для вас значыць – перамагчы рак?
— Напэўна, гэта – вярнуцца да звычайнага жыцця, задумвацца, у першую чаргу, не пра сваю хваробу, а пра тое, пра што думаюць і ўсе астатнія людзі. Але, ведаеце, я не ўпэўнены, што рак да канца можна перамагчы. Нават у стане шматгадовай устойлівай рэмісіі, напэўна, ніколі ўжо не будзеш жыць па-ранейшаму.
— Што б Вы маглі параіць чалавеку, які знаходзіцца ў крызе? Як яго падтрымаць, натхніць?
— Шчыра кажучы, зусім не ведаю. На мой погляд, галоўнае – жыць сённяшнім днём. Нават калі здаровы і паспяховы чалавек пачне загадваць далёка на будучыню, ён можа давесці сябе да дэпрэсіі: мы ж усе без выключэння ўрэшцэ рэшт памром. Таму трэба неяк растлумачыць чалавеку, што галоўная задача на сёння – плённа пражыць сённяшні дзень. Таксама, напэўна, любому чалавеку важна растлумачыць, што ён ужо зрабіў на гэтым свеце. А кожны нешта добрае абавязкова ўжо зрабіў! Тады, нават калі сітуацыя сур’ёзная, і жыццё можа скончыцца заўчасна, чалавек будзе ведаць, што ён пражыў яго не дарэмна.
Вось як падтрымаць цяжка хворых маленькіх дзетак – зусім не ведаю. Адчуваю ў гэтым нейкую вялікую сусветную несправядлівасць.
— А што натхняе і падтрымлівае Вас?
— Думаю, што праца. Асабліва калі гэта хоць крышачку творчая праца. Калі планаў і задач процьма, заўсёды можна ўзяцца за нешта цікавае. І атрыманы вынік абавязкова дасць штуршок рухацца далей.
—Ці ёсць у Вас жыццёвы дэвіз, творы мастацтва, якія надаюць сіл, а можа – чалавек, які з’яўляецца для Вас прыкладам?
— Пра дэвіз я ўжо казаў – не спяшайцеся рабіць планы на пяць год, падумайце спачатку, як бы найбольш эфектыўна пражыць адзін сённяшні дзень. Калі кожны дзень пройдзе плённа, вы за пяць год зробіце нават нашмат больш, чым маглі б запланаваць.
З усіх мастацтваў, напэўна, найбольш мне дае сіл музыка. Прычым гэта не класічныя ўзнёслыя творы, якія, па логіцы, павінны акрыляць. А часцей гэта складаная дэпрэсіўная музыка з добрымі і сумнымі тэкстамі. Як не парадаксальна, але дэпрэсіўная музыка зусім не прыводзіць да такога ж настрою. Можа, таму што слухаеш і разумееш, што камусьці зараз яшчэ горш, чым табе?
А людзі? Так, я ведаю некалькі чалавек, з якіх проста выпраменьваецца нейкая шалёная энергія. З такіх хочацца браць прыклад, і я рэгулярна стараюся так рабіць. Гледзячы на іх, і сам запальваешся.
Дзякуем Віктару Малышчыцу за падтрымку Эстафеты «У імя жыцця»!
Да сустрэчы 24 жніўня 2019 у Мінску. Эстафета «У імя жыцця» — гэта акцыя для анкапацыентаў і іх блізкіх. Будзем вучыцца граматна дапамагаць сабе і людзям, якія маюць у тым патрэбу. Супраць раку мы мацнейшыя разам!