Кажуць, нярэдка анкалагічная хвароба цалкам пераварочвае жыццё чалавека, дзеліць яго на дзве часткі: да дыягназу і пасля, змяняе погляды і ўяўленні. У нашай гераіні было крыху не так. Яе погляды на жыццё памяняла, хутчэй, праца з анкалагічнымі хворымі. Але аднойчы наступіў дзень, калі яна захварэла сама…
«Я не саромеюся і не баюся сваёй хваробы»
Ірыне 49 гадоў. Дыягназ «рак малочнай залозы» ёй паставілі два гады таму. У яе цалкам выдаленыя грудзі, і яна не саромеецца казаць пра гэта. Як не саромеецца і не баіцца і свайго захворвання. Такая ўнутраная свабода, пагадзіцеся, дарагога варта. Наш менталітэт такі, што большасць імкнуцца схаваць ад навакольных сваю хваробу, адмаўляюць усё да апошняга. Як быццам бы рак – гэта іх асабісты грэх і загана, а не няшчасце. І пры гэтым людзі задыхаюцца ад адзіноты і бязвер’я. А побач можа жыць чалавек з такім жа дыягназам і гэтак жа пакутаваць ад адзіноты і дэпрэсіі…
Гісторыя Ірыны простая і складаная адначасова, як простае і неверагодна складанае жыццё любога з нас. «Раскажыце крыху пра сябе», – прашу я, і Ірына з гатоўнасцю адгукаецца…
«У мяне была насычаная, бурная маладосць, – пачынае яна. – Я на месцы сядзець не любіла. Заўсёды была лёгкая на ўздым, актыўна ўдзельнічала ў камсамольскіх справах. Мне патэлефанавалі, я хуценька сабралася і паехала …».
Яна кажа, што аптымістка, і што нават у самых дзікіх і горкіх сітуацыях магла перавярнуць іх так, каб насмяшыць людзей… Ірына – медсястра. Пасля мэдвучылішча атрымала размеркаванне ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр і адпрацавала ў ім 10 гадоў. Потым перайшла ў паліклініку, з яе – у бальніцу.
«Потым моцна захварэла мама, і я на 12 гадоў сышла з медыцыны, – успамінае Ірына. – Працавала на рынку. Для мяне галоўным было працаваць побач з домам і не быць залежнай ад сваёй работы. Калі ты медсястра і ў цябе дзяжурства, ты хочаш–не хочаш, але павінна прыйсці на яго. А на маёй тагачаснай працы, калі я бачыла, што маме дрэнна, я магла патэлефанаваць і сказаць, што не магу сёння прыйсці».
Тады, у 90–я гады, колькім з нас – кваліфікаваным інжынерам, настаўнікам, медработнікам давялося пайсці на рынак, прыстасоўваючыся да змяніўшагася жыцця. У кагосьці былі хворыя бацькі, камусьці трэба было выгадаваць і вывучыць дзяцей…
Але пасля смерці мамы Ірына вырашыла вярнуцца ў медыцыну. Пачынаць прыйшлося з нуля, бо трэба было пацвярджаць дыплом. Таму Ірына ўладкавалася спачатку санітаркай, а далей пайшла на платныя курсы для пацверджання дыплома.
Скончыла іх – і прыйшла ўладкоўвацца працаваць у хоспіс. «Пагаварыла з галоўным урачом, галоўнай медсястрой… – успамінае Ірына. – Гэта было ў 2006 годзе, тут якраз адкрывалася аддзяленне паліятыўнай дапамогі. З 1 жніўня 2006 года я выйшла на працу».
Зрабіла мамаграфію … і тут жа забылася пра яе
– А як вы самі захварэлі?
– У нас быў медагляд, – кажа мая субяседніца. – Тым, каму больш за 40 гадоў, трэба было прайсці мамаграфію. Мне было 44, але праходзіць яе я не хацела. «Мяне нічога не турбуе, навошта я пайду атрымліваць лішняе апрамяненне?» – думала я. Ніхто не прымушаў, вядома, але адна з нашых супрацоўніц паклікала мяне з сабой: «Давай сходзім разам, а потым зойдзем куды–небудзь пап’ём кавы…». І я адказала: «Ну, давай сходзім».
Так я 27 верасня зрабіла мамаграфію. І тут жа забылася пра яе, таму што на наступны дзень у мяне быў дзень нараджэння. А 29 верасня мяне выклікала да сябе галоўная медсястра і сказала, што ў мяне на мамаграфіі выяўлена наваўтварэнне.
– У мяне, вядома, адразу слёзы–соплі, – успамінае далей Ірына (наўрад ці гэта лёгка, але яна не падае выгляду, усміхаецца…). – Наша галоўурач як магла, старалася супакоіць мяне, хоць сама–то ведала, што нічога добрага няма…
Страціўшы галаву па валасах не плачуць
– Гэта было ў 2010 годзе, – працягвае свой аповяд Ірына. – Я легла ў гарадскі анкадыспансер, і ўжо на наступны дзень мне зрабілі аперацыю. Доктар мяне суцяшаў, маўляў, паглядзім, можа, усяго невялікі сегмент выдалім. Але я яму адразу сказала: «Выдаляйце ўсё радыкальна. Я, вядома, яшчэ маладая жанчына, і гэта няпростае рашэнне, але я яго прыняла. Таму што бачу, як вяртаюцца да нас нашы хворыя».
Падчас аперацыі мне ўскрылі і другую грудзь, таму што яна таксама падалася медыкам падазронай. Адну грудзь мне выдалілі цалкам, а ў другой – сегмент, і паслалі яго на біяпсію. Як аказалася па яе выніках, там таксама пачала нараджацца пухліна. І я зноў сказала, каб выдалялі ўсё радыкальна. Праз 9 дзён мне выдалілі другую грудзь… Пасля другой аперацыі было асабліва цяжка, развілося ўскладненне… Але я лічу так: страціўшы галаву па валасах не плачуць, – зноў усміхаецца Ірына.
(…У час нашай размовы ў ардынатарскую час ад часу заходзілі калегі Ірыны і пачуўшы, пра што мы гаворым, тактоўна спрабавалі рэціравацца. «Заходзьце, я не саромеюся», – казала яна, адкрытая душа…)
– Хіміятэрапіі мне спачатку не прызначылі, – працягвае свой аповяд гэтая сімпатычная светлавалосая жанчына. – Але потым я сама схадзіла да хіміятэрапеўтаў, і яны ўсё ж такі парэкамендавалі мне яе прайсці. Прапанавалі на выбар: адну лягчэйшую, другую больш цяжкую. Я выбрала больш цяжкую і прайшла чатыры курса.
Потым рэабілітолагі сказалі ёй: калі вы на працягу пары месяцаў не адновіце функцыі рукі пасля аперацыі, то яны не адновяцца ўжо ніколі. І Ірына, закусіўшы вусны, стала ўпарта яе распрацоўваць. І аднавіла!
«Першы час не магла глядзець на сябе ў люстэрка. Асабліва спачатку, калі былі гэтыя страшныя чырвоныя шрамы, – дзеліцца яна. – Але падумала: лепш я буду такой, але жывою. Жыццё каштоўней… ».
На МРЭК ёй не далі групы інваліднасці: маўляў, урачы вельмі добра яе пралячылі. А яна і не настойвала. Зараз нават рада гэтаму. «Калі б у мяне была група, я б не змагла больш працаваць у хоспісе, – кажа Ірына. – А для мяне вельмі важная гэта праца, я ўжо душой да яе прыкіпела».
Ад першай асобы: урокі жыцця
– Ці памяняла хвароба вашы погляды на жыццё?
– У мяне каштоўнасці памяняліся, калі я прыйшла працаваць у хоспіс, – адказвае мая суразмоўніца. – Менавіта тады я перагледзела сваё стаўленне да жыцця. Людзі часта мітусяцца па дробязях, але на самой справе нам трэба не гэта. А перш за ўсё – павага адзін да аднаго, і яшчэ трэба берагчы нервы – і свае, і чужыя. У мяне змянілася і стаўленне да смерці, з’явілася больш жалю да людзей.
…Бывае, з часам у людзей, якія бачылі шмат чужых пакут, успрыманне чужога болю прытупляецца. Але калі ты сам прайшоў праз пакуты, то вельмі добра разумееш, што гэта такое. І зусім па–іншаму рэагуеш на чужы боль. Так цяжэй, вядома. Таму што гэты боль прапускаеш праз сябе. Раней часам можна было паставіць «заслонку» паміж сабой і іншым чалавекам. Цяпер так не атрымліваецца.
…Яшчэ я зразумела, што трэба навучыцца жыць з гэтым дыягназам. Сядзець і біцца галавой аб сценку – нічога не зменіцца. Гэты дыягназ ужо ёсць. Адмаўляць яго бессэнсоўна.
Мне дапамаглі выжыць мае сябры. Калі б у мяне не было столькі сяброў, у мяне, напэўна, апусціліся б рукі (Ірына жыве адна, у яе няма сям’і). Можа, я і моцная. Але без іх я б, напэўна, не справілася. Калі я ляжала ў бальніцы, да мяне бесперапынна прыходзілі людзі. Не было такога моманту, каб у мяне нікога не было ў палаце. Усе нашы доктары прыходзілі з хоспіса, малодшы медперсанал. Прыходзілі нават тыя, хто калісьці тут працаваў, а потым сышоў у іншае месца. Нават людзі, з якімі я працавала разам у 3–й клініцы 30 гадоў таму, і тыя пабывалі ў мяне ў бальніцы.
…На некаторыя рэчы пачынаеш глядзець па–іншаму. У кастрычніку маёй сяброўцы было 50 гадоў, і я ездзіла да яе ў Германію. У Варшаве мяне абакралі. Напэўна, калі б гэта адбылося раней, я б залілася слязьмі. А цяпер… Так, калі я выявіла гэта, у мяне сэрца ёкнула, але потым я села і падумала: пашпарт і квіток на месцы, значыць, еду далей.
Калі вярнулася ў Мінск, натуральна, распавяла знаёмым. Усе жахаліся: якое гора… А я слухаю і думаю: гэта ўсяго толькі грошы. Вядома, шкада іх, крыўдна, бо гэтая сума збіралася не адзін месяц. Але ў гэтым жыцці ёсць рэчы і больш важныя.
…Пасля таго як я даведалася пра сваю хваробу, я не стала іпахондрыкам. У мяне няма такога, што вось дзесьці закалола – і я бягу да доктара абследавацца. Трэба, вядома, своечасова правярацца, але не варта зацыклівацца на сваёй хваробе. Наогул, на сённяшні дзень я лічу сябе здаровай…
Урокі хоспіса
…У хоспісе, вядома, вельмі цяжка працаваць. Мы тут і за медсясцёр, і за псіхолагаў. Псіхолагі у нас таксама ёсць, але яны не працуюць ўвечары, напрыклад, ці ў выходныя дні. А хворыя могуць мець патрэбу ў падтрымцы ў любы момант. І сваякоў іх таксама трэба падтрымліваць. І калі хворы “сышоў”, трэба патэлефанаваць яго блізкім і знайсці словы, як ім пра гэта сказаць…
Тут адназначна не змогуць працаваць тыя, хто абыякава ставіцца да працы, хто прывык працаваць з 9 да 6 – і ўсё. Моладзь, якая яшчэ не прачула гэтае жыццё, слабыя людзі – гэта работа не для іх… У нас бываюць вельмі цяжкія ночы. Часам у хворых развіваюцца псіхозы, бо ў некаторых бываюць метастазы ў мозг, ды і агульная інтаксікацыя арганізма таксама можа прывесці да гэтага. Увогуле, выпадковыя людзі тут доўга не затрымліваюцца…
…На гэтай працы сутыкаешся з самымі рознымі праявамі чалавечай прыроды. Бывае шмат цяжкіх і нават агідных момантаў. Напрыклад, шмат прыкладаў меркантыльнасці, калі сваякі пачынаюць дзяліць спадчыну яшчэ не памерлага чалавека, ды яшчэ і пры ім.
Але я не стала думаць пра людзей горш. Таму што перад маімі вачыма ёсць і прыклады адданай любові, калі жонка па 5–6 гадоў самааддана даглядае хворага мужа, або, наадварот, муж літаральна здзімае парушынкі са сваёй смяротна хворай жонкі…
Святлана БУСЬКО
Звязда