Як атлусценне павялічвае рызыку развіцця раку?

Атлусценне як фактар ​​рызыкі развіцця анкалагічнага захворвання вучоныя ставяць на другое па ўплыву пасля курэння месца. Рызыка тым вышэй, чым больш у вас лішняя вага і чым даўжэй вы яе маеце.

Што такое атлусценне?

Як атлусценне можа стаць прычынай раку?

Як вызначыць, якая ў вас вага: здаровая ці нездаровая?

Што рабіць з нездаровай вагой?

У сучасны момант доказная медыцына мае абгрунтавані, што атлусценне з’яўляецца фактарам рызыкі шматлікіх неінфекцыйных захворванняў: сардэчна-сасудзістых, хранічных рэспіраторных, дыябету 2 тыпу, сама меней 13 відаў анкалагічных захворванняў. Калі ж анкадыягназ ужо здарыўся, то лішняя вага ўскладняе працэс лячэння, павялічвае рызыку рэцыдыву. Пра гэта можна прачытаць у справаздачы Міжнароднага агенцтва па вывучэнні раку (МАІР), спецыялізаванага агенцтва СААЗ па барацьбе супраць раку.

Што такое атлусценне?

Атлусценне – гэта не толькі фактар ​​рызыкі, але і складанае захворванне само па сабе, якое характарызуецца залішнім назапашваннем тлушчавай тканкі ў арганізме, яно прадстаўляе пагрозу здароўю, а таксама з’яўляецца асноўным фактарам рызыкі шэрагу іншых хранічных станаў, характэрных для метабалічнага сіндрому *.

Практычна заўсёды атлусценне пачынаецца з парушэння балансу паміж колькасцю ежы, спажытай чалавекам, і яе расходам на энэргетычныя і анабалічныя працэсы. Лішнія калорыі арганізм заўсёды імкнецца адкласці “пра запас”, каб, у выпадку неабходнасці, спатрэбіць іх на падтрыманне жыццёвых функцый.

Дэпо тлушчавых клетак знаходзіцца ў падскурнай тлушчавай клятчатцы і ўнутраных органах брушной паражніны. Атлусценне можа развіцца з-за шэрагу прычын ці пры іх сукупнасці:

  • Пераяданне, асабліва тлустай і вугляводнай ежы.
  • Парушэнне рэжыму харчавання: рэдкія і празмерна сытныя прыёмы ежы, перакусы перад сном.
  • Спадчынныя парушэнні актыўнасці ферментаў ліпалізу і ліпагенезу.
  • Захворванні эндакрынных залоз (гіпатэрыёз, полікістоз яечнікаў, пухліны падстраўнікавай залозы, хвароба Іцэнка-Кушынга і інш).
  • Нізкая фізічная актыўнасць.
  • Празмернае спажыванне ежы на фоне псіхаэмацыянальных расстройстваў.
  • Прыём гарманальных прэпаратаў (стэроідаў, эстрагенаў, прагестэрону, інсуліну).

У апошнія гады вучонымі-даследчыкамі ўстаноўлена, што роля атлусцення як фактару рызыкі ў развіцці розных хвароб залежыць не толькі ад яго ступені, але і ад характару размеркавання тлушчу ў целе. У залежнасці ад лакалізацыі тлушчавых адкладаў адрозніваюць:

Абдамінальныя (абдамінальна-нутравыя), калі лішак тлушчу размяшчаецца пераважна на жываце і верхняй частцы тулава, а таксама ў брушной паражніне.

Сцегнава-ягадзічныя, калі лішні тлушч размяшчаецца на сцёгнах, ягадзіцах і ніжняй частцы тулава.

Прамежкавы (змяшаны) – тлушчавыя адклады раўнамерна размеркаваны па целе.

Некаторыя даследаванні паказваюць, што людзі, якія маюць абдамінальнае атлусценне, схільныя да больш высокай рызыцы развіцця некаторых відаў раку. Каб зразумець прычыны, даследчыкі працягваюць працаваць.

Як атлусценне можа стаць прычынай раку?

Навукоўцам пакуль не да канца зразумелы ў сілу сваёй складанасці асноўны механізм таго, як атлусценне выклікае рак. Але ўплыў атлусцення на рызыку развіцця раку ўжо не выклікае сумневаў.

Даследаванні сведчаць, што залішняя вага і атлусценне выклікаюць 13 розных відаў раку.

  • Рак малочнай залозы і кішэчніка (два найбольш распаўсюджаных тыпу раку
  • Рак падстраўнікавай залозы, стрававода і жоўцевага пузыра (тры віду раку, якія найцяжэй паддаюцца лячэнню)
  • Матка і яечнікі
  • Ныркі, печань і верхняя частка страўніка
  • Міелома (тып раку крыві)
  • Менінгіёма (тып пухліны галаўнога мозгу)
  • Шчытападобная залоза

Лішняя вага не азначае, што ў вас абавязкова разаўецца рак. Але рызыка вельмі вялікая. І для многіх краін еўрапейскага рэгіёна сітуацыя з атлусценнем несуцяшальная. Аб гэтым піша  Сусветная федэрацыя па барацьбе з атлусценнем. Беларусь у справаздачы гэтай арганізацыі ўключана ў спіс краін з вельмі высокім чаканым узроўнем атлусцення: да 2035 годана яго будзе пакутаваць 38 % дарослага насельніцтва, а расці гэты паказчык будзе з сярэднім тэмпам 1,9 % ў год, прычым у дзяцей удвая хутчэй – на 4 ,5% у год. А гэта значыць, будуць расці і рызыкі сур’ёзных хранічных захворванняў, уключаючы анкапаталогію.

Лішні тлушч у арганізме не проста ляжыць, ён актыўны і пасылае сігналы ўсяму целу. Гэтыя сігналы могуць паведамляць клеткам нашага цела аб неабходнасці дзяліцца часцей або прыводзяць да іх пашкоджання, што можа прывесці да раку.

Сігналы, якія пасылаюцца тлушчавымі клеткамі, могуць уплываць на:

  • Гармоны росту – занадта шмат тлушчу ў арганізме можа выклікаць павышэнне ўзроўню гармонаў росту, што прымушае клеткі дзяліцца часцей. Гэта павялічвае верагоднасць развіцця ракавых клетак.
  • Палавыя гармоны – пасля менапаўзы тлушчавыя клеткі выпрацоўваюць гармон эстраген. Гэты гармон можа прымусіць клеткі ў грудзях і матцы дзяліцца часцей, што павялічвае рызыку развіцця рака.
  • Запаленне – з аднаго боку, без наяўнасці запаленчага адказу на пашкоджанне, інфекцыю ці нават пухліну мы, людзі, не зможам аднавіцца. З другога боку, інтэнсіўнасць або працягласць запалення можа выклікаць павышаную рызыку пагаршэння функцый важных органаў арганізма і пэўную колькасць іншых захворванняў. У прыватнасці, працяглы запаленчы працэс можа стаць хранічным і прывесці да пашкоджання генетычнай інфармацыі ў клетцы, што вельмі небяспечна. Ён можа ўзнікнуць на фоне павышанай масы цела і атлусцення, паколькі памножылася колькасць тлушчавых клетак, што ў дадзеным выпадку спрыяе павелічэнню запаленчай актыўнасці. Тлушчавыя клеткі выпрацоўваюць медыятары запалення, якія з’яўляюцца метабалічна актыўнымі рэчывамі, якія запускаюць цыкл хранічнага запаленчага працэсу. Такое запаленне нізкага ўзроўню – гэта вынік залішняга назапашвання тлушчавай тканкі, асабліва ў выпадках, калі нам не хапае фізічнай актыўнасці. Гэта павышае рызыку развіцця анкапаталогіі.

Даследаванні, накіраваныя на выяўленне механізмаў узнікнення раку з-за атлусцення, працягваюцца па ўсім свеце.

Напрыклад, вынікі даследавання навукоўцаў з Трыніці-каледжа былі нядаўна апублікаваныя ў навуковым часопісе Nature Immunology. Паводле прадстаўленых дадзеных, малекулы тлушчу фактычна блакавалі працу малекулярных рэцэптараў клетак-кілераў, якія адказваюць за распазнаванне ракавых клетак і іх знішчэнне. Таксама малекулы тлушчу негатыўна ўплывалі на ўнутрыклетачны метабалізм Т-кілераў.

Навукоўцы спадзяюцца, што ім удасца знайсці сродак, які дапаможа аднавіць працу клетак-кілераў. Але на гэта патрэбны час, а зараз медыкі раяць для прафілактыкі раку скінуць лішнюю вагу.

Як вызначыць, якая ў вас вага: здаровая ці нездаровая?

Не існуе ідэальнай вагі для ўсіх, але ёсць некаторыя інструменты, якія могуць падказаць, здаровая ў вас вага ці не.

  1. Індэкс масы цела (ІМЦ)

ІМЦ – гэта адзін са спосабаў вымярэння вашай здаровай вагі з выкарыстаннем вашага росту і вагі. ІМЦ – не ідэальны інструмент, але яго можна выкарыстоўваць у якасці добрай адпраўной кропкі для разважанняў аб вазе. Яго можна выкарыстоўваць для вызначэння таго, ці знаходзіцеся вы ў здаровым дыяпазоне вагі, маеце недастатковую або лішнюю вагу ці знемагаеце ад атлусцення пры саім росце.

Індэкс Масы Цела разлічваецца па формуле: ІМЦ = вага (кг) / рост 2 (м).

Напрыклад, маса чалавека = 74 кг, рост = 1,72 м. Значыць, індэкс масы цела ў гэтым выпадку вылічваецца так:

ІМЦ = 74 : (1,72х1,72) ≈ 25,02 кг/м²

Паказчык індэкса масы цела распрацаваны бельгійскім сацыёлагам і статыстыкам Адольфам Кетле ў 1869 годзе.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ выкарыстоўваецца наступная інтэрпрэтацыя паказчыкаў ІМТ:

ІМЦ (кг/м2) = вага / рост у квадраце Статус вагі
Менш 18,5 Недастатковы
18,5-24,9 Нармальны
25-29,9 Залішні
30-34,9 Атлусценне I ступені
35-39,9 Атлусценне II ступені
40 и больше Атлусценне III ступені

ІМЦ дазваляе ацаніць адпаведнасць вагі росту чалавека, і паказвае, нармальная, недастатковая ці залішняя ў вас вага. Вынік ІМЦ не з’яўляецца ідэальным паказчыкам агульнага стану здароўя. Ён не ўлічвае суадносіны тлушчу і мышцаў. Напрыклад, бодзібілдары могуць мець перавышэнне паказчыка ІМЦ больш за 30, але пры гэтым яны не маюць атлусцення. ІМЦ дарослага чалавека не ўлічвае ўзрост, пол або будову мускулатуры. Гэта азначае, што:

– жанчыны і сталыя людзі з нармальным ІМЦ могуць мець занадта шмат тлушчу;

– спартсмены з высокім ІМЦ могуць не мець лішняй вагі. Гэта таму, што ІМЦ не ўлічвае мышачную масу.

ВАЖНА! Варта адзначыць, што індэкс масы цела рэкамендуецца разлічваць для мужчын і жанчын ва ўзросце ад 20 да 65 гадоў. Пры выкарыстанні ІМЦ для ацэнкі целаскладу прафесійных спартоўцаў (высокае значэнне індэкса ў гэтым выпадку тлумачыцца развітой мускулатурай) ці падлеткаў (да 18-ти гадоў), атрыманыя вынікі могуць быць няслушнымі.

  1. Абхват таліі

Нармальным лічыцца абхват таліі ў жанчын да 80 сантыметраў на выдыху (гэта верхняя мяжа, якая не павінна перавышацца), калі абхват вагаецца ад 80 да 88 сантыметраў – гэта лёгкае павышэнне вагі, звыш 88 – атлусценне. У мужчын нармальныя параметры складаюць да 94 сантыметраў, ад 94 да 102 – павышэнне вагі, а больш за 102 – пагроза, гэта значыць атлусценне.

  1. Суадносіны акружнасці таліі і росту (WHtR (waist-height ratio))

Норма для гэтага індэкса складае менш за 0,5 для мужчын і жанчын, г.зн. акружнасць таліі не павінна перавышаць паловы росту чалавека. Суадносіны таліі да росту могуць быць выкарыстаны для вызначэння таго, ці занадта шмат тлушчу вы носіце вакол жывата.

Вымярэнне таліі ў худога чалавека робіцца ў самым вузкім месцы, у той час як для больш поўнага яна павінна быць вымераная прыкладна на 2 см вышэй пупка. Сцёгны ж вымяраюцца ў самай шырокай іх частцы, незалежна ад фігуры.

  1. Індэкс талія-акружнасць сцёгнаў. WHR (waist-hip ratio) – суадносіны найменшай акружнасці таліі да найбольшай акружнасці сцёгнаў. Вымярэнне таліі ў худога чалавека вырабляецца ў самым вузкім месцы, у той час як для больш поўнага яна павінна быць вымераная прыкладна на 2 см вышэй пупка. Сцёгны ж вымяраюцца ў самай шырокай іх частцы, незалежна ад фігуры.

СААЗ рэкамендуе наступныя ацэначныя паказчыкі:

– калі індэкс талія / сцёгны больш за 0,85 у жанчын і больш за 0,95 у мужчын – гэта паказвае на абдамінальнае атлусценне.

Што рабіць з нездаровай вагай?

Па-першае, не панікаваць, а паставіць сабе задачу перамяніць лад жыцця. Планаванне лепш зрабіць пад назіраннем лекара, які папярэдне правядзе дыягностыку, і вы разам прымеце рашэнне, як жыць далей. Важна, знайсці дасведчанага спецыяліста з медыцынскай адукацыяй і досведам працы ў гэтай тэме.

Каб падрыхтавацца да медыцынскай кансультацыі, добра было б прааналізаваць сваё штодзённае меню, аб’ём порцый і рэжым харчавання, уключаючы спажыванне вады, хаця б за пару-тройку тыдняў. Для гэтага важна весці падрабязны дзённік харчавання. Таксама важна прааналізаваць сваю фізічную актыўнасць. Даследаванні паказалі, што фізічная актыўнасць у спалучэнні з правільным харчаваннем прыводзіць да большай страты вагі, чым толькі інтэнсіўная фізкультура ці толькі правільнае харчаванне.

* Метабалічны сіндром – гэта паталагічны стан, звязаны з павышанай устойлівасцю тканак да ўздзеяння інсуліну. Паводле дзясятага міжнароднага класіфікатара хвароб метабалічны сіндром не з’яўляецца самастойным захворваннем, а сукупнасцю чатырох праблем арганізма:

– гіпертаніі;

– лішняй масы цела;

– ішэмічнай хваробы сэрца;

– цукровага дыябету 2-га тыпу.

З-за небяспекі такога спалучэння захворванняў у медыцыне яго называюць “смяротным квартэтам”. Пры іх адначасовым развіцці павялічваецца рызыка ўзнікнення яшчэ цяжэйшых парушэнняў і заўчаснай смерці.

Беражыце сябе і будзьце здаровыя!

Была ли эта статья полезна?

Пакінуць адказ

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.