У таго, хто чытае падобныя загалоўкі, могуць узнікнуць пытанні «Гэта пра ўсе спіртныя напоі ідзе гаворка ці піва не тычыцца?», «Трэба ўвогуле выключыць алкаголь ці чырвонае віно можна?», «Нашы продкі пілі, і нічога, жылі доўга і шчасліва. Чым мы горшыя? Пры нашым узроўні медыцыны!».
Усе гэтыя пытанні цалкам апраўданыя, таму адказваючы на галоўнае пытанне, вынесенае ў загаловак, не забывалі і пра падспудныя. Яно і зразумела. Якое свята, дзелавы фуршэт ці проста сустрэча з сябрамі без любімага спіртнога напою? У дадзеным артыкуле размова ідзе аб стане навукі ў гэтым пытанні. А ці будзеце прымяняць яе высновы на практыцы, вы вырашаеце ў індывідуальным парадку.
Чаму ўжыванне алкаголю павялічвае рызыку захворвання на рак?
Ці ёсць бяспечныя дозы алкаголю?
Чаму мужчынам і жанчынам рэкамендуюць розныя дозы алкаголю?
Доказная медыцына сцвярджае:
Алкаголь павялічвае рызыку 7 розных відаў раку:
- рак паражніны рота
- рак глоткі і гартані
- каларэктальны рак
- рак стрававода
- рак печані
- рак малочнай залозы
- рак страўніка
Шкоду арганізму наносіць этылавы спірт (хімічная назва – этанол), які з’яўляецца абавязковым складнікам напою, і таму ўсё роўна, які менавіта від алкаголю вы ўжываеце.
Да якога б алкагольнага напоя вы не прызвычаіліся, скарачэнне яго спажывання знізіць рызыку развіцця раку.
Чаму ўжыванне алкаголю павялічвае рызыку захворвання на рак?
Існуе мноства прычын, па якіх алкаголь можа павялічыць рызыку захворвання на рак. Да іх адносяцца:
Ацэтальдэгід: Алкагольныя напоі ўтрымліваюць этылавы спірт. Калі арганізм яго расшчапляе, ён ператвараецца ў ацэтальдэгід, які з’яўляецца вядомым канцэрагенам. Гэта рэчыва не толькі пашкоджвае ДНК, але і не дае нашым клеткам аднаўляць пашкоджанні. Гэта можа прывесці да ўтварэння і росту ракавых клетак.
Гарманальныя эфекты: Алкаголь можа павялічваць узровень гармонаў, такіх як эстраген. Гэта тычыцца жанчын. Гэтыя гармоны дзейнічаюць як пасланцы, якія кажуць нашым клеткам расці і дзяліцца. Чым больш клетак дзеліцца, тым больш шанцаў, што нешта пойдзе не так і разаўецца рак.
Зніжэнне засваення пажыўных рэчываў: Алкаголь ускладняе засваенне і выкарыстанне арганізмам пажыўных рэчываў, якія абараняюць яго ад раку. Да іх адносяцца вітаміны A, B1, B6, C, D, E, K, а таксама фоліевая кіслата, жалеза і селен. Гэта ўсяго толькі некалькі вітамінаў і мінералаў, якія адказваюць за імунітэт, абараняюць клеткі ад пашкоджання, памяншаюць запаленне і спрыяюць сінтэзу і аднаўленню ДНК.
Павелічэнне вагі: спажыванне большай колькасці калорый, чым спальвае ваш арганізм, прыводзіць да павелічэння вагі. Аб гэтым мы пісалі тут. Алкаголь можа садзейнічаць павелічэнню вагі з-за празмернага спажывання калорый.
Павелічэнне рызыкі раку, звязанага з тытунём: калі вы п’яце і паліце, вы можаце падвяргацца яшчэ большай рызыцы некаторых відаў раку, уключаючы рак паражніны рота і рак горла за кошт таго, што алкаголь можа зрабіць клеткі больш адчувальнымі да іншых рэчываў, якія выклікаюць рак. Навукоўцы перакананыя: спалучэнне ўжывання алкаголю і курэння павялічвае рызыку развіцця раку паражніны рота ці горла больш, чым ужыванне алкаголю ці курэння паасобку.
Алкагольныя напоі таксама могуць утрымліваць розныя канцэрагенныя забруджвальнікі, якія трапляюць у іх у працэсе ферментацыі і вытворчасці, такія як нітразаміны, азбэставыя валокны, фенолы і вуглевадароды.
Механізмы, з дапамогай якіх ужыванне алкаголю можа зніжаць рызыку некаторых відаў раку, не вывучаны і могуць быць ускоснымі.
Ці ёсць бяспечныя дозы алкаголю?
Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што няма. Этылавы спірт, які ўтрымліваецца ў піве, віне, моцных алкагольных напоях, з’яўляецца таксічным, псіхаактыўным і выклікаючым залежнасць рэчывам, менавіта яго некалькі дзесяцігоддзяў таму Міжнароднае агенцтва па вывучэнні рака (МАІР) класіфікавала як канцэраген катэгорыі 1. Гэта самая высокая група рызыкі, у якую таксама уваходзяць азбэст, радыяцыя і тытунь.
Калі вы ніколі не ўжывалі алкаголь, то не варта і пачынаць. Калі вы ўжываеце алкаголь, абмяжуйце сябе не больш за 1 порцыю у дзень (14 г этылавага спірту) для жанчын або 2 порцыі ў дзень для мужчын.
Порцыя – гэта прыкладна 350 мл звычайнага піва, 150 мл віна або 40 мл 40-градуснага дыстыляванага напою.
Калі вы вырашылі адмовіцца ад алкаголю, то рызыка ўзнікнення раку ад алкагольных напояў з цягам часу знізіцца.
Чаму мужчынам і жанчынам рэкамендуюць розныя дозы алкаголю?
Таму што іх арганізм па-рознаму рэагуе на алкаголь і расшчапляе яго.
Ёсць навуковыя дадзеныя, якія паказваюць, што алкаголь аказвае на жанчын мацнейшае ўздзеянне, чым на мужчын. У жанчын у параўнанні з мужчынамі меншая маса цела, колькасць вады ў целе складае 50-55% супраць 60-65% у мужчын, з-за чаго ў тканках, органах, крыві ўтвараецца павышаная канцэнтрацыя этанолу, ныркі працуюць павольней, з-за чаго этанол даўжэй знаходзіцца ў арганізме, наносіць вялікія разбурэнні, тканкі жаночай печані больш адчувальныя да ўздзеяння алкаголю, таму нават у невялікіх колькасцях ён можа справакаваць таксічнае паражэнне: гепатыт, цыроз. Так, навукоўцы выявілі, што ў жанчын фермент алкагольдэгідрагеназа (АДГ), які расшчапляе алкаголь і нейтралізуе яго эфект, менш актыўны, чым у прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. На практыцы гэта значыць, што яны хутчэй п’янеюць, а пры вялікай колькасці выпітага атручэнне будзе мацнейшым.
На хуткасць вывядзення алкаголю з арганізма ўплывае і працэнт тлушчу ў арганізме. З двух людзей з аднолькавай масай цела пры іншых роўных умовах алкаголю ў крыві будзе больш у таго, у каго большы працэнт тлушчу. У жанчын тлушчу ў арганізме прыкладна на 5-10% больш, чым у мужчын. У цэлым у жаночым арганізме этылавы спірт затрымліваецца прыкладна на 20 % даўжэй.
Існуе ўяўленне, што жанчыны п’юць менш за мужчын. У апошнія дзесяцігоддзі эпідэміёлагі фіксуюць распаўсюджванне алкагалізму менавіта сярод жанчын. Даследаванне з удзелам 4 мільёнаў чалавек, якія нарадзіліся ў перыяд з 1891 па 2001 год, паказала, што жанчыны сёння выпіваюць амаль гэтак жа часта, як і мужчыны; яны гэтак жа частаздольныя перабіраць меру з выпіўкай, а верагоднасць развіцця праблем са здароўем з-за злоўжывання алкаголю ў іх толькі ў 1,3 разы менш.
Беражыце сябе!
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы сайтаў www.who.int, www.cancerresearchuk.org, https://acsjournals.onlinelibrary.wiley.com, https://pub.med.