Магчыма, таму што тытунёвыя вырабы ўтрымоўваюць ад 5000 да 7000 хімічных злучэнняў, з якіх прыкладна 70 з’яўляюцца канцэрагенамі. Менавіта яны пашкоджваюць клеткі нашага арганізма і выклікаюць не менш за 16 розных тыпаў раку.
Якія віды раку правакуе курэнне?
Якім чынам курэнне выклікае рак?
Каму курэнне шкодзіць больш: жанчыне ці мужчыне?
Гістарычная даведка пра тытунь
Для доказнай медыцыны відавочна прамая сувязь паміж курэннем і захворваннем на рак. Курэнне з’яўляецца прычынай прыкладна чвэрці смяротных выпадкаў раку і адной пятай ад усіх выпадкаў захворвання на рак.
На жаль для ўсіх курцоў, бяспечнага ўзроўню курэння не існуе. Рызыка развіцця раку залежыць як ад колькасці выкураных цыгарэт, так і ад працягласці курэння. Чым больш цыгарэт вы выкурваеце ў дзень, тым вышэй рызыка раку. Таму скарачэнне колькасці выкураных цыгарэт у дзень – гэта добры першы крок на шляху да бязракавай будучыні.
Але колькасць гадоў, на працягу якіх вы паліце, уплывае на рызыку раку больш за ўсё. Таму важна скласці план поўнай адмовы ад курэння альбо хаця б перайсці на электронныя цыгарэты.
Якія віды раку правакуе курэнне?
Рак, выкліканы курэннем, уключае ў сябе:
- нос і сулоні
- рот
- глотка (верхняя частка горла)
- гартань (галасавы апарат)
- стрававод (страваводная трубка)
- лёгкія
- грудзі
- печань
- страўнік
- нырка
- падстраўнікавая залоза
- кішэчнік
- яечнік
- мачавік
- шыйка матіцы
- некаторыя віды лейкеміі
Якім чынам курэнне выклікае рак?
Курэнне выклікае рак некалькімі спосабамі. Асноўны – пашкоджанне ДНК у нашых клетках.
ДНК кантралюе рост і паводзіны нашых клетак. Пашкоджанне ДНК прымушае клеткі паводзіць сябе не так, як ім належыць. А назапашванне пашкоджанняў ДНК з цягам часу можа прывесці да перараджэння клетак і раку. Разглядзім паэтапна.
- Пад час курэння шкодныя хімічныя рэчывы трапляюць у нашы лёгкія і ўплываюць на ўвесь арганізм.
- Гэтыя хімічныя рэчывы пашкоджваюць нашу ДНК, у тым ліку тыя яе часткі, якія абараняюць нас ад раку.
- Хімікаты цыгарэтнага дыму таксама ўскладняюць у нашых клетках аднаўленне пашкоджанняў у ДНК. Гэта азначае, што пашкоджанні могуць назапашвацца.
- Назапашванне пашкоджанняў у ДНК у адной і той жа клетцы з цягам часу прыводзіць да раку.
Пасіўнае курэнне, або другаснае курэнне, азначае ўдыханне тытунёвага дыму тымі, хто ў гэты момант не паліць. Другасны тытунёвы дым зыходзіць ад цыгарэт, трубак, цыгар і кальянаў. Дым выдыхаецца курцом, а таксама зыходзіць ад запаленага канца тытунёвага выраба. Вялікая частка тытунёвага дыму нябачная, але ён лёгка распаўсюджваецца і можа заставацца ў паветры гадзінамі. Ён таксама можа назапашвацца на паверхнях, мэблі і адзенні. Гэта называецца трэцім дымам.
Пасіўнае курэнне шкодна і можа выклікаць многія з тых жа наступстваў для здароўя, што і курэнне. Удыханне дыму падчас цяжарнасці можа таксама паўплываць на будучае дзіця.
Любое пасіўнае курэнне небяспечна. Яно павялічвае рызыку захворванняў, звязаных з курэннем. Кашаль, галаўныя болі, боль у горле, раздражненне вачэй і носа – вось некаторыя з кароткатэрміновых наступстваў пасіўнага курэння.
Адзіны спосаб абараніць сваіх блізкіх ад пасіўнага курэння – гэта зрабіць вонкавае асяроддзе свабодным ад тытунёвага дыму. Каб дапамагчы зменшыць уздзеянне другаснага дыму, пакуль вы ці людзі, з якімі вы жывяце, не зможаце цалкам адмовіцца ад курэння, паспрабуйце
- паліць на вуліцы і ўдалечыні ад дома і прасіце гасцей рабіць тое ж самае.
- ніколі не паліць у машыне і не дазваляць іншым паліць у машыне.
Узровень другаснага дыму ў аўтамабілі можа дасягаць вельмі высокіх значэнняў, нават пры адчыненых вокнах, паколькі гэта невялікая, замкнёная прастора.
Электронныя цыгарэты не бязрызыковыя. Іх доўгатэрміновыя наступствы пакуль мала вывучаны. Тыя даследаванні, якія праведзены, паказваюць, што электронныя цыгарэты значна менш шкодныя, чым курэнне.
Для курцоў электронныя цыгарэты з’яўляюцца варыянтам, які дапаможа ім кінуць курыць. Галоўнае – выкарыстоўваць легальныя электронныя цыгарэты ад надзейнага прадаўца.
Прынцып працы электронных цыгарэт або электронных парагенератараў (вэйпаў) наступны. Яны награваюць вадкасць, якая ператвараецца ў пару, якую людзі могуць удыхаць. Яны звычайна ўтрымоўваюць нікацін, але не ўтрымоўваюць тытунь, які выклікае рак, і большасць таксічных хімічных рэчываў таксама ў іх адсутнічаюць ці прысутнічаюць у малых колькасцях.
Электронныя цыгарэты могуць выклікаць пабочныя эфекты, такія як раздражненне горла і рота, галаўны боль, кашаль і млоснасць. Гэтыя пабочныя эфекты маюць тэндэнцыю змяншацца з цягам часу пры пастаянным выкарыстанні. Навука пакуль не ведае, якія эфекты яны могуць мець у доўгатэрміновым даляглядзе.
Большасць электронных цыгарэт утрымоўваюць нікацін, які выклікае прывыканне, але ён не нясе адказнасці за шкодныя наступствы курэння. І нікацін не выклікае рак.
Курэнне кальяна таксама шкодна, як і курэнне цыгарэт. Даследаванні паказалі, што за 45-хвілінны сеанс курэння кальяна можна ўдыхнуць столькі ж дыму, колькі пры выкурванні 100 цыгарэт. Гэта азначае, што нават за адзін сеанс у арганізм пападае вялікая колькасць таксічных рэчываў.
Гаворачы аб тым, як працуе кальян, варта сказаць, што асноўны прынцып заключаецца ў выпарванні тытунёвай сумесі. Вуголлем награваюць тытунь у чашы, выпарваючы ўсе неабходныя складнікі, пасля чаго разагрэты газ спускаецца па шахце ў колбу. Там ён праходзіць астуджэнне і фільтраванне, пасля чаго накіроўваецца праз шланг у вашыя лёгкія.
Курэнне кальяна шкодна, нават калі паліць яго час ад часу. Дым кальяна таксічны. Ён змяшчае тытунь, нікацін, угарны газ і мноства канцэрагенных хімікатаў, як і цыгарэтны дым. Салодкі смак кальяна можа ўвесці вас у зман і ўявіць яго менш шкодным, але гэта не так.
Дым кальяна праходзіць праз ваду, але яна не “адфільтроўвае” таксічныя хімікаты. Гэтыя хімікаты могуць выклікаць рак, сардэчна-сасудзістыя захворванні і захворванні лёгкіх.
Кальян без тытуню – таксама небяспечны спосаб курэння. Гэта звязана з тым, што дым кальяна без тытуню ўсё роўна ўтрымоўвае ўгарны газ і мноства шкодных хімічных рэчываў, якія могуць выклікаць рак.
Выкарыстанне кальяна можа падвергнуць вас значна больш высокаму ўзроўню атрутнага газу – аксіду вугляроду (II) або звыкла кажучы ўгарнага газу. Гэта звязана з тым, што кальян працуе на драўнінным вуглю. У дыме кальяна ў 10 разоў больш таксічнага аксіду вугляроду (II), чым у дыме цыгарэты.
Бяздымны тытунь – гэта тытунь, які не спальваецца. Яго можна ўжываць аральна (жаваць ці смактаць) або назально (удыхаць праз нос).
Бяздымны тытунь шкодны для вашага здароўя і можа выклікаць рак. Гэта небяспечная альтэрнатыва курэнню тытуню. Людзі, якія ўжываюць бяздымны тытунь, могуць удыхаць у сябе канцэрагенныя рэчывы ў канцэнтрацыях, супастаўных ці нават большых, чым у цыгарэтным дыме.
Каму курэнне шкодзіць больш: жанчыне ці мужчыне?
Вядома, шкода ад курэння для жанчын і мужчын практычна аднолькавая. Бо таксічныя рэчывы з тытунёвага дыму пашкоджваюць усе тканіны ў арганізме і павялічваюць рызыку развіцця шматлікіх захворванняў незалежна ад полу.
Аднак вынікі даследаванняў апошніх гадоў паказалі, што жаночы арганізм больш успрымальны да тытуню, чым мужчынскі. Прычым рызыка развіцця захворванняў у жанчын вышэйшая як мінімум у некалькі разоў.
Не паддацца захворванню курцам-жанчынам дазваляе добрая трываласць арганізма і высокая, у параўнанні з мужчынамі, выжывальнасць. Напрыклад, рызыка захварэць на рак лёгкага з-за курэння ў жанчын вышэйша, чым у мужчын, і выяўляецца ў іх гэтая хвароба ў больш раннім узросце. Але выжываюць яны пры гэтым часцей.
Курэнне, як і алкаголь, істотна зніжае ў жанчын магчымасць паспяховага зачацця, паколькі ўскладняе рух яйцаклеткі па мацічных трубах, а таксічныя рэчывы тытунёвага дыму тармозяць выпрацоўку неабходных пры цяжарнасці гармонаў, а таксама ўплывае на ход самой цяжарнасці. Нямецкі лекар-гінеколаг Бернхард, абследаваўшы каля 6 тысяч жанчын, устанавіў, што бясплоддзе назіралася ў жанчын, якія паляць, у 42% выпадкаў, а ў жанчын, якія не паляць, толькі ў 4 %. Тытунь дае 96% выкідкаў, 1/3 неданошаных дзяцей.
Жанчыны, якія паляць, у пяць разоў часцей пакутуюць на абструктыўную хваробу лёгкіх і захворваюць ёю раней, чым мужчыны.
Больш чым у два разы ў жанчын павялічваецца рызыка наступлення слепаты з-за запалення судзіннай абалонкі вочнага яблыка і амаль у тры разы – ад узроставай дэгенерацыі цэнтральнай часткі сеткавіцы вока.
Нікацін павялічвае частату сардэчных скарачэнняў. І для жанчын пастаянная тахікардыя, на думку вучоных, больш сур’ёзны фактар развіцця сардэчных захворванняў, чым для мужчын. Прычым, калі жанчына паліць і паралельна ўжывае аральныя кантрацэптывы, то рызыка развіцця ў яе інфаркту міякарда павялічваецца ў 20 разоў.
Нікацін зніжае выпрацоўку асноўнага жаночага гармона – эстрагену. У выніку саслабляюцца кагнітыўныя функцыі жаночага мозгу, на які гэты гармон аказвае падтрымліваючы эфект.
Але як бы не адрознівалася ўздзеянне курэння на мужчынскі і жаночы арганізмы, важна разумець, што тытунь павольна, але мэтанакіравана разбурае і тых, хто паліць, і тых, хто нараджаецца ад курцоў, і тых, хто знаходзіцца побач з курцамі. Так што выбар за вамі, шаноўныя чытачы!
Усведамленне таго, што курэнне – смяротная звычка, прывяло да паступовага абмежавання курэння ў развітых краінах. У 2003 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) распрацавала спецыяльны дакумент – Рамачную канвенцыю па барацьбе супраць тытуню, якую Рэспубліка Беларусь падпісала 17 чэрвеня 2004 года.
Гэта першы міжнародны юрыдычны дакумент, накіраваны на скарачэнне спажывання тытуню і смяротнасці ад курэння. Ён абавязвае краіны-ўдзельніцы канвенцыі прымяняць пэўныя крокі ў гэтым напрамку: павышаць цэны і падаткі на тытунёвыя вырабы, абмяжоўваць продаж тытуню непаўналетнім, праводзіць антытытунёвыя інфармацыйныя кампаніі, размяшчаць інфармацыю аб шкодзе курэння на пачках цыгарэт, абмяжоўваць рэкламу тытуню і курэнне ў грамадскіх месцах.
Але як бы міжнародныя структуры і медыцынская грамадскасць за нас не клапаціліся, выбар – паліць ці не паліць – кожны робіць сам ці сама.
Вядома, чаму курцам цяжка расстацца са шкоднай звычкай. Усе віды тытуню выклікаюць прывыканне з-за наяўнасці нікаціна, менавіта ён выклікае хуткае прывыканне. Людзі, якія ўжываюць тытунь, могуць мець нікацінавую залежнасць і ім цяжка ад яе адмовіцца.
Звычайна ад моманту пачатку курэння да развіцця раку праходзіць шмат гадоў ці нават дзесяцігоддзяў. Чалавечы арганізм здольны пераадолець некаторую колькасць пашкоджанняў ДНК, аднак аднавіць усе пашкоджаныя тытунёвым дымам малекулы вельмі складана. Адно з нядаўніх даследаванняў даказала, што кожныя 15 выкураных цыгарэт здольныя выклікаць дастатковую колькасць змен у ДНК для таго, каб клетка са звычайнай ператварылася ў ракавую. Менавіта таму лепш кінуць курыць, рана ці позна. Ніхто ж з курцоў не ведае, ці пранясе яго. Беражыце сябе!
Гістарычная даведка пра тытунь
Тытунь, як прадстаўнік дзікай флоры, быў вядомы ў старажытнасці на розных кантынентах. Гісторыкі сцвярджаюць, што карэнныя народы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі першымі пачалі паліць высушанае лісце раслін роду Nicotiana.
Хрыстафор Калумб быў першым еўрапейцам, які сутыкнуўся з курэннем тытуню. Падчас свайго першага падарожжа ў Новы Свет у 1492 годзе ён убачыў, як жыхары вострава Куба смокчуць туга згорнутае лісце нейкай расліны. Расліна гэта называлася каоба, а трубкі для курыльнай сумесі – тытунё. Адсюль і пайшло слова тытунь.
Праз год, падчас другой экспедыцыі Калумба, у Іспанію было завезена тытунёвае насенне, і ўжо ў 1496 годзе тут з’яўляюцца першыя тытунёвыя плантацыі. У 1559 годзе тытунь пачынаюць вырошчваць у Партугаліі, а ў 1560 годзе – у Францыі. Тытунь пападае ў іншыя еўрапейскія дзяржавы, а неўзабаве і ў краіны Азіі.
Захапленне тытунём было настолькі моцным, што дадзенай расліне сталі прыпісваць лячэбныя ўласцівасці, лічачы яго ці ледзь не панацэяй. Так, французскі пасол у Партугаліі Жане Ніка паднёс сваёй каралеве Кацярыне Медычы лісце і насенне тытуню для бадзёрасці, а таксама як сродак ад галаўнога болю і шматлікіх хвароб. У знак падзякі каралева назвала «цудадзейныя лекі» імем свайго пасланца – нікацін.
Празмернае ўжыванне тытуню нярэдка прыводзіла да цяжкіх атручванняў, што заахвоціла ўлады і царкву пачаць барацьбу з курэннем. У Амерыцы, напрыклад, курцоў каралі смерцю, у Турцыі — саджалі на кол, у Італіі — адлучалі ад царквы і жыўцом замуроўвалі ў сцены…
Першапачаткова тытунь у асноўным жавалі і нюхалі. Пасля паступова ажыццяўляўся пераход на зручнейшы спажыўцу і выгоднейшы прадаўцу спосаб курэння. А тытунёвая прамысловасць пачала прыносіць звышпрыбыткі.
Бурны рост тытунекурэння і тытунёвай прамысловасці пачаўся напрыканцы XIX стагоддзя, і да 1950-1960-х гадоў дасягнуў свайго піка. Тады ж да справы падключылася рэклама, фармуючы станоўчы вобраз курца – “крутога” мужчыны. У выніку зараз у свеце курыць больш за мільярд чалавек.
Першым з навукоўцаў, хто змог выявіць негатыўны ўплыў тытуню на здароўе, быў брытанскі натураліст Джон Хіл. Ён у 1761 годзе ў працы “Аргументы супраць свабоднага выкарыстання нюхальнага тытуню” (Cautions Against the Immoderate Use of Snuff) указаў на тое, што нюханне тытуню выклікае ўтварэнне ракавых пухлін у насаглотцы.
У наш час асноўнае захворванне, звязанае з тытунем, таксама адносіцца да анкалогіі – гэта рак лёгкіх. Яго эпідэмія пачалася ў XX стагоддзі.
У 1912 годзе ва ўсім свеце лекары зарэгістравалі ўсяго 374 выпадкі раку лёгкага, але пасля колькасць захварэлых пачала рэзка расці. Устанавіць сувязь паміж курэннем і ракам лёгкіх аказалася нялёгка.
Як пазней высветлілася, крывая росту захворвання на рак лёгкіх у дакладнасці паўтарае графік росту спажывання цыгарэт, але са спазненнем у 20 гадоў. У 1929 году немец Фрыц Лікінт першым абгрунтавана паказаў гэтую сувязь, аднак пасля Другой сусветнай вайны дасягненні германскіх лекараў былі забытыя.
У 1951 годзе група брытанскіх медыкаў пачала глабальнае даследаванне British Doctors Study. Яно доўжылася 50 гадоў, і ахапіла 34439 чалавек, але ўжо ў 1956 годзе стала відавочна: курэнне – асноўная прычына раку лёгкіх.
Пазнейшыя дадзеныя даследаванні паказалі і сувязь курэння з інфарктам міякарда, і тое, што курэнне ў сярэднім забірае 10 гадоў жыцця чалавека, і што больш за палову курцоў паміраюць ад звязаных з іх звычкай хвароб.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы сайтаў www.who.int, www.cancerresearchuk.org, https://acsjournals.onlinelibrary.wiley.com, https://pub.med.