Таццяне Пілецкай у свае 72 у гэтую пакуль маласнежную немарозную зіму дастаўляе задавальненне блукаць па лесе, шпацыраваць па беразе Мінскага мора, часам хадзіць у басейн, сачыць за поспехамі ўнука ў настольным тэнісе… Праз тры месяцы пасля заканчэння лячэння жыццё вярнулася ў сваю каляіну, толькі дадалося адасобленасці.
Аднаўленне пасля аперацыі
Часовая стома
Дадатковыя праблемы пасля выпіскі
Заканчэнне лячэння і выхад у рэмісію
Планы на будучае
– Як паставилі дыягназ? – на пытанне сваёй суразмоўніцы Ірыны Жыхар Таццяна адказвае спакойна, без эмоцый. – Я па жыцці не люблю звяртацца ў лякарні. Імкнуся лячыць сябе сама. То фізкультуру сабе прызначу, то калі-нікалі таблетачку вып’ю. Боль ці дыскамфорт у целе прайшлі і добра. Калі здарыўся дыскагенны радыкуліт, то тут сама не падолела. Прыйшлося ў лякарні паляжаць, каб спіна не турбавала. Малайцы лекары, паставілі мяне на ногі. У юнацтве я спортам займалася, валейболам. Да майстра спорту не дацягнула, але на спіне адбілася з цягам часу.
А з канца 2018 года ўсё змянілася да непазнавальнасці са страваваннем. Да гэтага мяне толькі гемарой і непакоіў. Я яго таксама лячыла сама з дапамогай народнай медыцыны. А тут быццам харчуюся як звычайна, а ўжо і страўнік баліць, і боль не праходзіць. Для мяне звычайны прыём ежы – гэта есці калі і як давядзецца. Я ня ведаю, што такое пачуццё голаду. Магу цэлы дзень пратупаць і не захачу есці, толькі буду піць ваду, гарбату-каву, а потым пачую пах ежы і ўзгадаю, што трэба было б паесці. Усё было без рэжыму харчавання, на самацёку як ішло, так і ішло. Мне ж не балела. Атрымлівалася, то не ем, то наемся шмат за ўвесь дзень адразу. Як лекар потым сказаў, пухліна, хутчэй за ўсё, і з’явілася з-за бязладнага харчавання. Па маладосці арганізм спраўляўся з такімі маімі легкадумнымі паводзінамі, а з узростам стаміўся са мной змагацца і даў збой.
І калі стала балець усярэдзіне, я, якая звыклася да боляў у суставах, не магла трываць і змушаная была пайсці да гастраэнтэролага. Акрамя ўзроставых змен на УГД брушнай паражніны лекар убачыла камяні ў жоўцевым пузыры і накіравала да хірурга. Той пацвердзіў, што трэба выдаляць, але без ФГДС (фібраэзафагагастрадуадэнаскапія) не ставіў у чаргу. ФГДС паказала, што ў мяне ёсць адна адкрытая язва і дзве самастойна зацягнутыя. Перш чым легчы на выдаленне жоўцевага пузыра, трэба было адкрытую язву вылечыць. Выпісалі лекі. І праз месяц паўторная ФГДС паказала, што ўсё ў страўніку ў мяне ў парадку, заадно і хелікабактэр супакоілі, і ў студзені 2019 года зрабілі лапараскапію жоўцевага пузыра. Прыйшлося сесці на дыету, таму што інакш бы я нажыла сабе новых праблем. Нічога, прывыкла. Жыццё вярнулася ў звычайнае рэчышча.
А праз 4 гады зноў з’явіліся болі. Як звычайна, я занялася самалячэннем, але нічога не дапамагала. Болі ўзнікалі перыядычна, але ў бальніцу я не йшла, думала, што павінны ж яны калі-небудзь скончыцца! Але калі стаў нясцерпна балець жывот ад шклянкі звычайнай пітной вады, зразумела, што гэта нешта новае і трэба ісці ў лякарню здавацца.
Пачалі абследаванне з УГД брушнай паражніны і малога таза, знайшлі паліпы ў матцы, іх прыйшлося выдаліць. Але не яны былі крыніцай болю. Дзякуй лекару УГД, яна мяне пераканала, што ў мяне праблемы з кішэчнікам і трэба рабіць каланаскапію.
За практычна 70 гадоў жыцця я толькі краем вуха чула пра гэтую працэдуру. І тое, што я чула, было толькі негатыўным. У мяне атрымалася настроіцца. Была праблема з лекамі для падрыхтоўкі. У аптэцы прапанавалі толькі Фаржэкт. Калі б я ведала, што на фоне яго прыёму ў мяне, гіпатоніка, здарыцца гіпертанічны крыз, ліхаманка і ў выніку я не змагу выпіць патрэбныя 4 літра, лекар адмовіцца праводзіць каланаскапію, а толькі ФГДС, то я б пашукала Фортранс ці нешта іншае.
Нягледзячы на тое, што вынік ФГДС быў добрым, болі не спыняліся. Знайшоўшы Мавіпрэп, пачала падрыхтоўку да новай каланаскапіі. Праз два тыдні тая ж лекарка, што адмовілася першы раз рабіць з-за дрэннай падрыхтоўкі, правяла даследаванне. І вось тады ўсё адкрылася. У мяне выявілі вялізарную пухліну і вялікі паліп каля яе. Лекарка сказала, што я гэтую пухліну вырошчвала мінімум 5 гадоў. І накіравала да анколага. Гісталогія выявіла злаякаснае новаўтварэнне ў абадочнай кішцы. Так я патрапіла на лячэнне ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.М.Аляксандрава. Дадатковыя абследаванні, КТ, яшчэ раз ФГДС. Выявілі прарастанне пухліны ў страўнік.
Калі дыягназ канчаткова пацвердзіўся, я не запанікавала. Якая паніка? Навошта? 70 гадоў на свеце ўжо пражыла. Калі б сказалі, што медыцына бяссільная, то не ведаю, як бы яно было. А калі сказалі, што ў цябе ёсць выйсце, толькі трэба на гэта пагадзіцца, я стала настройвацца на лячэнне. У мяне такі характар.
Тры тыдні рыхтавалі да аперацыі і 28 сакавіка нарэшце зрабілі. Аперацыя прайшла паспяхова. Памеры пухліны здзівілі нават майго хірурга. Ёй прыйшлося выдаліць частку кішэчніка і дзясятую частку страўніка. Да гэтага часу дзіўлюся, што зусім нічога не адчувала ўсе гэтыя 5 гадоў.
Мне вельмі пашанцавала з дзецьмі і нявесткай. Яны вельмі клапаціліся пра мяне. Пасля аперацыі патрабна было асаблівае харчаванне. Не ў сэнсе спецыялізаванае, проста ежа павінна была быць працёртай, дыетычнай, разнастайнай. Мае блізкія кожны дзень мне рабілі гэтую ежу. Увесь час удакладнялі ў лекара, што можна, а што нельга, каб не нашкодзіць. Не трэба саромецца пытацца! Не чакайце, што вам лекар сам нешта скажа. Нас усіх вельмі ўразіў выпадак з адной маёй суседкай, якая пасля аперацыі з’ела звычайнай непрацёртай бальнічнай ежы. У яе здарыўся заварат кішак! А ў яе яшчэ і хвароба Паркінсона, і стома… Яна цудам выкарабкалася. Так што вельмі важна надаваць увагу харчаванню, асабліва на першым этапе пасля аперацыі. Добра было б, каб спачатку кантраляваў лекар-дыетолаг, інструктаваў хворых з асаблівасцямі. Ці на скрайні выпадак памятка каб была. У РНПЦ, нажаль, такога сэрвісу няма. Але нават калі б і быў, калі каля цябе няма тых блізкіх, хто любіць цябе, не ведаю, як гэта можна забяспечыць, нават ведаючы ўсе правілы. Толькі калі суседкі па палаце будуць дзяліцца, як мы рабілі. Наогул, мне вельмі пашанцавала з суседкамі па палаце. Мы адна адной дапамагалі, падтрымлівалі, пасябравалі і да гэтага часу стэлефаноўваемся. Але не ўсім так трапляе з суседкамі.
Падчас падрыхтоўкі да аперацыі размова зайшла аб часовай стоме. Я была ў разгубленасці. А як гэта? Што гэта? Ніхто толкам нічога не тлумачыць. Пачала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, падпісалася на форум пацыентаў са стомай. І гэта вельмі дапамагло настроіцца. Я чытала паведамленні людзей з досведам, яны такія пазітыўныя аказаліся, энергічныя, аптымістычныя, зараджаныя. Адна маладая жанчына падрабязна апісала, як яна жыве, як у яе ўсё атрымліваецца: працуе, у госці ходзіць, мужа кахае, і стома не замінае. Другая расказала, што і ў басейн, і ў лазню ходзіць. Выдатна, што я знайшла такую інфармацыю. Яна дапамагла мне настроіцца на добры лад. Нават не ўяўляю, як бы я сябе адчувала, каб не пачытала загадзя. Перажывала б больш, вядома.
Але настроіцца на стому – гэта аказалася не самая складаная задача. Пасля аперацыі трэба ж за ёй даглядаць. Як? У цябе ж ніколі нічога падобнага не было. Навыкаў няма. Ведаў? Мне медсястра дала на 2 гадзіны часопіс, каб я прачытала пра калапрыёмнікі. Прачытала. І што далей? Напісана пра адны, прыносяць іншыя. Я пагадзілася ўдзельнічаць у эксперыменце па стоме. Думала, што хаця б гэта дапаможа навучыцца за ёй даглядаць. Наадварот, уначы яна хутка працякла. А я ў палаце, людзі вакол. У мяне істэрыка, што зараз усё прачнуцца ад невыноснага паху. Увогуле, справілася неяк з сітуацыяй, але гэта было жудасна.
Я перакананая, што ў першыя дні пасля вывядзення стомы трэба працаваць з кожным чалавекам асобна. Ня ведаю, як гэта трэба арганізаваць, але трэба з кожным. Шанцуе таму, у каго побач дасведчаны пацыент, які прайшоў гэта пекла ад няведання. Калі праз паўгода мяне паклалі на аперацыю, каб выдаліць стому, я ўвесь свой досвед першых дзён перадала суседкам па палаце. Я расказвала ім і паказвала, стоячы перад люстэркам, як наляпіць стому, як апрацаваць правільна. Пасля аперацыі і нахіліцца цяжка, і тапкі надзець. А за стомай патрэбен жа догляд. Тады, адразу пасля аперацыі, гэта былі самыя цяжкія дні майго лячэння.
Потым, ужо дома, у мяне пачаліся праблемы з кольцам, да якога мацуецца калапрыёмнік. Кольца дрэнна трымае, і ўсе фекаліі, атрымліваецца, пранікаюць не ў калапрыёмнік, а пад кольца. Пачалося моцнае раздражненне пад ім. Было вельмі балюча, а зняць нельга, заклейваць усё роўна ж трэба. Як загаіць скуру? Даведалася на вашым сайце пра Вольгу Суравец, патэлефанавала і пракансультавалася. Вольга дала мне слушныя парады, як даць магчымасць скуры “падыхаць”. Дарэчы, потым, калі выдалілі стому, шво на тым месцы, дзе клеілася кольца, вельмі доўга гоіўся. “А што вы хочаце, там жа скура як на пятцы, грубая” – растлумачыў доктар.
Дадатковыя праблемы пасля выпіскі
У першыя дні пасля выпіскі вось быццам нічога не раблю ў кватэры, толькі больш рухаюся, нахіляюся, стала збірацца серозная вадкасць, шво падцякаць. Вельмі пашанцавала ў паліклініцы па месцы жыхарства з лекарам-хірургам, маладая хваткая дзяўчынка, вельмі добра ўсё рабіла і праз тыдзень-другі стала лепш, пачало гаіцца ўжо па-сапраўднаму.
Добра, што ў мяне дачка заўсёды была побач. Я не магла нахіліцца, дачка мне дапамагала. Не ўяўляю, як адзінокія людзі за сабой даглядаюць. Складана.
Заканчэнне лячэння і выхад у рэмісію
Лячэнне працягнулася. Для перастрахоўкі прызначылі не самую складаную і цяжкую хіміятэрапію. Валасы не выпалі. Але пасля заканчэння яшчэ раз зрабілі КТ, ФГДС, каланаскапію. Усё добра. Пасля чаго выдалілі стому. У адрозненне ад аперацый па выдаленні стомы на прамой кішцы, мая аперацыя на абадочнай (тоўстай) складаная. Зрабілі па старым шве паўнавартасную другую аперацыю, таму зноў прыйшлося поўнасцю аднаўляцца. Літаральна праз месяц пасля аперацыі ўтварылася пасляаперацыйная кіла. Яе трэба выдаляць, але лекары сказалі, што трэба пачакаць, ідэальна, каб прайшоў год пасля аперацыі, каб усё ўсярэдзіне загаілася. Даводзіцца насіць бандаж, пазбягаць нагрузак, увогуле, берагчыся неяк.
Страваванне пакуль не аднавілася. Вымушана прымаць слабіцельнае або клізму стаўлю. Няма аформленага стулу. І ня ведаю, што рабіць. Дактары-анколагі нічога не прапануюць. Трэба шукаць лекара-дыетолага, але пакуль эксперыментую сама.
Ці змянілася нешта ў светапоглядзе, у адносінах да людзей? Ды не. У мяне да хваробы было сваё атачэнне. Але тут я патрапіла ў новую сітуацыю, дзе было вельмі шмат новых людзей. І я вельмі шмат новага ўбачыла для сябе. Мне здавалася, што медперсанал, людзі з адной палаты павінны ўсе без выключэння клапаціцца адзін за аднаго. А аказалася, што гэта не так. Прыйшлося развітацца з ілюзіяй, што ўсе медыкі – асаблівыя людзі. Не ўсе. Хутчэй здзівіла, што навокал так шмат злых і пакрыўджаных людзей. Хацелася б паменш. Але спагадлівых людзей усё роўна больш.
Новых інтарэсаў не з’явілася. У пэўны час выпала з жыцця. Тады зразумела адно. Калі малады, дык думаеш, што ўсё ў цябе кожны дзень будзе добра. Не чакаеш такога дыягназу, вядома. Я толькі зараз разумею, што трэба кантраляваць сваё здароўе, харчаванне, гэта вельмі важная справа.
Я ўнутры цалкам перакананая, што вылезу з гэтага, буду і далей жыць, як жыла. Праўда, асаблівай радасці ад жыцця не адчуваю. Марыць не атрымліваецца… Душэўны боль ад гвалту і несправядлівасці гэтага свету перашкаджае. Вельмі востра перажываю. Вось арганную музыку люблю, Баха паслухаць, мабыць, хочацца.
З Таццянай Пілецкай гутарыла Ірына Жыхар.
Шаноўныя чытачы, будзем рады распавесці на старонках сайту вашы гісторыі акрыяння падчас лячэння і аднаўлення. Тэлефануйце, пішыце нам.