Фотатэрапія як кірунак арт-тэрапіі з’явілася нядаўна, калі фатаграфаванне стала даступна любому жадаючаму. У ім выкарыстоўваюцца фатаграфіі (ужо гатовыя ці спецыяльна створаныя) у працэсе аказання псіхатэрапеўтычнай дапамогі.
Фотатэрапія – гэта метад накіраванай тэрапіі, паколькі псіхолаг ці псіхатэрапеўт даюць заданне, якія ўдзельнікі групы павінны выканаць. Мэты такіх заданняў – уласны рост, развіццё, асэнсаванне сябе праз фатаграфію.
Напрыклад, псіхолаг дае заданне сфатаграфаваць свой сум, смутак. Або радасць. Трэба знайсці сярод усяго, што цябе акружае, выяву, напрыклад, суму. Нехта фатаграфуе дом, дзе аконны праём закладзены цэглай. Або пад’езд, дзе застаўся казырок, але няма дзвярэй. У кагосьці гэта сумныя дрэвы. І калі мы пачынаем абмяркоўваць зробленыя фота, мы як бы дакранаемся да суму чалавека, да таго, што ён можа з гэтым рабіць, як ён можа за гэтым назіраць і змяняцца.
Таксама фотатэрапію можна выкарыстоўваць і для сябе, не звяртаючыся па дапамогу адмыслоўцаў. Яна будзе асабліва карысна тым анкапацыентам, якія пражываюць няпросты перыяд лячэння і трансфармацыі, перажываюць перамены са сваім целам. Страта валасоў – адна з такіх перамен.
Я падзялюся практыкаваннем, якое сама рабіла няхай і вельмі даўно, але якое мне вельмі дорага. Магчыма, камусьці захочацца яго таксама зрабіць.
Я зрабіла куб са шчыльнага ліста паперы/кардона. Куб стаў як бы сімвалам майго жыцця. Грані куба, вонкавыя і ўнутраныя, – гэта месцы для маіх каштоўнасцяў, якія распавядаюць пра мяне. На вонкавыя грані, якія бачныя ўсім, я наклеіла тое, што мне вельмі каштоўна: фотаздымкі сябе з катом, таму што я вельмі люблю жывёл, з дыпломам псіхолага, таму што я вельмі люблю сваю прафесію, першай фотасесіі пасля першай хваробы. Там ёсць і пустая грань, на ёй няма фатаграфіі, я намалявала акенца і размалявала яго жоўтым колерам. Адкрытае акенца азначае, што будучыня ў мяне адчынена, і я да яе адкрыта.
Куб адчыняецца, і ўсярэдзіне яго размяшчаюцца тыя фатаграфіі, якія таксама кажуць пра мае каштоўнасці, але якія я не жадаю нікому паказваць, гэта вельмі інтымнае. Я туды размясціла толькі адзін фотаздымак: там, дзе я без валасоў. Тады, пад час лячэння, я вельмі цяжка перажывала гэтую страту. Але калі зрабіла куб, зразумела, колькі каштоўнасцяў вакол мяне, акрамя валасоў. Я ўжо не кажу пра сённяшні дзень, з вышыні пражытых пасля таго лячэння гадоў. Сёння яркае і галоўнае для мяне тое, што на вонкавым контуры, а валасы – гэта проста валасы, я значна больш, чым мае валасы.
Уменне адрозніваць галоўнае і другаснае даецца працай, рэфлексіяй, пражываннем і перажываннямі. Не трэба сабе адмаўляць у праяве эмоцыі, пачуццяў. Важна на іх потым уважліва паглядзець і зрабіць высновы. І тварыць! Вельмі люблю выказванне Рамэна Ралана «Тварыць – гэта значыць забіваць смерць».
Тварыце, дарагія анкапацыенты, на здароўе і на радасць сабе і блізкім,
ваша анкапсіхолаг Іна Малаш.
Ці выкарыстоўвалі вы фотатэрапію ў сваім жыцці пасля анкадыягназу? Падзяліцеся!
Тэлефануйце, пішыце на пошту oncopatient.by@gmail.com ці ў сацсеткі.