Нашы эмоцыі мы адчуваем і целам. Напрыклад, трывога выяўляецца пачашчаным сэрцабіццем, дрыжыкамі ці напружанымі мышцамі, выкідам у кроў пэўных рэчываў і гэтак далей.
Гэта працуе і наадварот – працуючы з целам, можна змяніць настрой і эмацыйны фон. Калі зрабіць рэлаксацыю ці пачаць актыўна рухацца, ці зымітаваць усмешку, настрой паляпшаецца. Вядома, што рэгулярная фізічная актыўнасць дапамагае істотна зменшыць сімптомы дэпрэсіі. Навыкі стрэсаўстойлівасці можна фармаваць менавіта праз працу з целам.
Цялесна-арыентаваная тэрапія – тая, што лечыць псіхалагічныя праблемы рухам, – менавіта яна мае вялікі патэнцыял і выклікае цікавасць.
Адзін з самых цікавых відаў цялесна-арыентаванай тэрапіі – танцавальна-рухальная ці танцавальная тэрапія. Амерыканская асацыяцыя танцавальнай тэрапіі вызначае яе як псіхатэрапеўтычнае выкарыстанне рухаў для паляпшэння здароўя і дабрабыту чалавека.
Танцавальная тэрапія не такая новая, як здаецца. Яшчэ ў першабытных плямёнах танец выкарыстоўваўся для выражэння эмоцый і групавога ўзаемадзеяння. У якасці псіхатэрапеўтычнага інстурмента танец сталі выкарыстоўваць адносна нядаўна – з сярэдзіны 1940-х гадоў.
Лічыцца, што першай выкарыстоўваць танец як псіхатэрапію стала амерыканская танцорка Мэрыян Чэйс (1896 – 1970). Як і відны псіхолаг, адзін з заснавальнікаў псіхааналізу Вільгельм Райх, яна лічыла, што цела і розум непарыўна звязаны адно з адным. Пачаўшы выкладаць, Чэйс стала разважаць, навошта да яе на заняткі ходзяць тыя, хто прафесійна не збіраецца танцаваць, што дае танец менавіта ім. Яна назірала за тым, як заняткі ўплываюць на здароўе вучняў, і выявіла: дзякуючы танцу яны сталі лепш сябе адчуваць.
Зацікавіўшыся гэтым, мясцовыя дактары сталі адпраўляць да яе пацыентаў. Пасля гэтага Чэйс нават стала працаваць у бальніцы і атрымала дыплом лекара-псіхіятра. А ў 1966 годзе разам з аднадумцамі заснавала Амерыканскую асацыяцыю танцавальнай тэрапіі і стала яе першым прэзідэнтам.
Яркай прыхільніцай танцавальнай тэрапіі стала амерыканская танцорка, харэограф Ганна Халпрын (1920–2021). У 51 год (у 1972 годзе) яна захварэла на рак кішэчніка. Барацьба з ім і акрыянне сталі пераломным момантам у яе жыцці. Вестка аб хваробе натхніла на стварэнне рытуалу, які дапамог працэсу попраўкі. Намаляваўшы на вялікім палатне паперы свой рак, яна сабрала сяброў і, устаўшы перад карцінай, пачала танцаваць свой “ракавы танец”. Гэта было не проста відовішча – яно больш нагадвала шаманскія экстатычныя скокі. Ганна тупала, прысядала, шыпела, крычала, выла, выказваючы танцам увесь свой боль, гнеў і роспач. «Мая барацьба з хваробай стала для мяне дзіўным дарам. Да раку я жыла, каб танцаваць. Пасля – танцую, каб жыць».
Ганна Халпрын разам са сваімі аднадумцамі заснавала Майстэрню танцораў Сан-Францыска, каб даць артыстам магчымасць практыкавацца. “Гарадскі танец”, створаны Халпрын летам 1977 года, ператварыў Сан-Францыска ў вялікую сцэну, яго жыхароў – у танцораў, а праект “Кола Зямлі” сабраў вакол яе цяжкахворых людзей, якія хацелі вылечыцца. З верай, што духоўнае аб’яднанне можа ачышчаць людзей, Халпрын стварыла «Планетарны танец», які яна называла «вылячэннем і абнаўленнем нават для тых, хто згубіўся і страціў надзею».
У ліпені 2020 года танцорцы споўнілася 100 гадоў, а за тыдзень да яе стагоддзя быў праведзены юбілейны, 40-ы «Планетарны танец», які выканалі ў сарака краінах свету. Памерла Ганна Халпрын у траўні 2021 года на 101-м годзе жыцця.
У чым перавагі танцавальнай тэрапіі для анкапацыентаў?
Эмоцыі кожны чалавек пражывае цялесна. Напрыклад, калі мы злуемся, у нас утворваецца мноства мышачных сціскачоў: сціскаюцца зубы, дрыжыць голас, дыханне становіцца перарывістым, напружваецца цела. Сум выклікае шмат сціскачоў на твары. Калі з’яўляецца анкалагічны дыягназ, дадаецца велізарная колькасць новых эмоцый, звязаных з тым, што цела падвяргаецца дадатковым выпрабаванням: аналізы, аперацыя, апрамяньванне. У сітуацыі, калі вельмі шмат фізічнага болю, менавіта танцавальная тэрапія дапамагае целу да-пражываць усе гэтыя эмоцыі пры дапамозе музыкі, танца, рытму, тактыльных кантактаў, адчуць сваё цела і вярнуцца ў сваё цела.
Вельмі многія пацыенты, якія займаюцца танцамі, якраз казалі, колькі сіл і энергіі дае ім танец. Я памятаю прызнанне адной анкапацыенткі, якая была ўпэўненая, што пасля аперацыі яна не зможа танцаваць: «Я думала, не змагу танцаваць, таму што маё цела баліць. А я знайшла тыя рухі і той рытм, які дазволіў мне рухацца і атрымліваць задавальненне».
Танцавальная тэрапія таксама эфектыўная ў лячэнні дэпрэсіі, трывожных расстройстваў, псіхалагічных траўм і посттраўматычных стрэсавых расстройстваў.
У любым выпадку, калі ваша душа танцуе, значыць і цела павінна да яе далучыцца. Душа і цела ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя.
Не спыняйце сябе!
Танцуйце на здароўе і радуйцеся жыццю!
ваша анкапсіхолаг Іна Малаш.
Ці выкарыстоўвалі вы танцавальную тэрапію ў сваім жыцці пасля анкадыягназу? Падзяліцеся!
Тэлефануйце, пішыце на пошту oncopatient.by@gmail.com ці ў сацсеткі.