Як і тысячы гадоў таму, так і сёння лялькі – важная частка жыцця чалавека ў многіх краінах свету. Беларусы – не выключэнне. У нашых продкаў лялькі дзяліліся на тры вялікія групы: абярэгавыя, абрадавыя і гульнявыя. Фактычна ў сучаснай лялькатэрапіі многія з іх працягваюць функцыянаваць з тым жа прызначэннем, што і раней. Толькі псіхолагі працуюць з імі інакш.
Вытокі лялькатэрапіі можна знайсці ў псіхадраме Марэна. У 1940 годзе псіхіятр, псіхолаг і сацыёлаг Якаб Леві Марэна заснаваў у ЗША Інстытут сацыяметрыі і псіхадрамы. Ён вырашыў прайграваць ва ўмовах клінікі тыя самыя сітуацыі, якія найбольш траўміравалі яго пацыентаў, і для гэтага стварыў спецыяльны лячэбны тэатр, які назваў псіхадрамай. Лекары разам з хворымі і іх сваякамі пісалі дастаткова простыя сцэнары і сумеснымі намаганнямі ставілі спектакль. Глядзельная зала таксама складалася з хворых, сваякоў і лячэбнага персаналу.
Гэты метад у шэрагу выпадкаў даваў вельмі добрыя вынікі. У Марэна з’явіліся паслядоўнікі ў розных краінах, асабліва ў Заходняй Еўропе. Паступова вылучылася асаблівая самастойная галіна – лялькатэрапія. Цяпер яе практыкуюць у многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі.
Гэты напрамак арт-тэрапіі – адзін з маіх самых любімых. Дапамог улюбіць у гэтую творчасць д.м.н., незвычайны псіхатэрапеўт, лекар-лялечнік, стваральнік першага хоспіса ў Расіі Андрэй Уладзіміравіч Гняздзілаў. Больш за трыццаць гадоў ён выкарыстоўваў лялькатэрапію і казкатэрапію ў працы з невылечна хворымі людзьмі, дапамагаў ім знаходзіць сэнсы, адчуваць сябе лепш, нягледзячы на тое, што яны былі абмежаваныя нейкім тэрмінам жыцця.
Мой досвед працы паказаў, што лялькатэрапія дазваляе пацыенту ўбачыць сваю ідэнтычнасць, актывізаваць свае рэсурсы, здабыць падтрымку, адкрыць для сябе новыя гарызонты.
Я стварала і працавала з лялькамі-мотанкамі як абярэгамі, лялькамі-памочніцамі, лялькамі-марыянеткамі.
Да гэтага часу захоўваю сваю ляльку-мотанку-абярэг, зробленую для вылечвання. Такія лялькі, падобную на маю, стваралі яшчэ нашы продкі, называецца яна абярэжная лялька Скарбонка-Зельніца і лічыцца абаронцам дома ад хвароб, больш за тое, менавіта гэтай ляльцы прыпісваюць ўласцівасці вылечвання. Пры стварэнні гэтай лялькі ў яе цела і мяшочкі ў руках закладваюцца лекавыя зёлкі. І, калі пакамячыць такую ляльку ў руках, з зёлак вылучацца эфірныя маслы, якія ачышчаюць навакольнае паветра. Калі паставіць такую ляльку ў падгалоўя, яна можа палепшыць сон. Лічыцца, што калі лялька Скарбонка знаходзіцца ў хаце, і яе пакамячыць у руках, то гэты зёлкавы дух адгоніць духаў хвароб. Нашы продкі рабілі такія лялькі-абярэгі, каб абараніць сваю сям’ю ад пошасцяў і хвароб. Такую ляльку замацоўвалі каля калыскі немаўля ці ля ложка хворага. Не дзіўна, што анкапацыенты любяць менавіта гэтую ляльку, якая дапамагае ім пераадольваць увесь цяжар лячэння і накіроўваць свае сілы на аднаўленне. І такі магутны сімвал лялячкі-абярэга дапамагае ім у гэтым.
Наогул, лялька ствараецца з пэўнымі пажаданнямі, з вялікім клопатам, яна нясе такі сімвал жыцця. Адзінае – у лялькі-мотанкі не прамалёўваюць твар. У старажытныя часы лічылася, што калі намаляваць твар, то праз яго ўвойдзе ў душу лялькі злы дух. З тых часоў традыцыя гэтая захоўваецца і ў лялькатэрапіі.
Калі ляльку ствараюць жанчыны пасля мастэктаміі, то хтосьці з іх не робіць грудзі наогул, а хтосьці зробіць абедзве, паказваючы, што лялька здаровая і іхні новы асабісты цялесны вобраз не перашкода ў гэтым.
На занятках па лялькатэрапіі жанчыны любяць рабіць лялькі-мотанкі-памочніцы для суправаджэння на хіміятэрапію. Паколькі гэтая працэдура складаная, выклікае непрадказальныя пабочныя эфекты, то напярэдадні ўзнікае трывога, страх. Асноўны цяжар лячэння ў тым, што многія анкапацыенты пасля пачатку лячэння адчуваюць сябе горш, у той час, калі пад час іншых захворванняў з пачаткам лячэння было наадварот, хутка адчувалася паляпшэнне. Больш за тое, у аддзяленні хіміятэрапіі працэдура можа доўжыцца даволі доўга, і часам пацыенты адчуваюць сябе самотна, часам не хапае эмацыйных рэсурсаў, каб быць устойлівым і справіцца з эмоцыямі, якія могуць раптам накрыць. І тады лялька становіцца такім пераходным аб’ектам, да якога можна звярнуцца, узяць у рукі і пагаварыць “Я не адна, я з табой, я спраўлюся”.
Таксама анкапацыенткі бяруць ляльку-памочніцу з сабой, калі ў адзіночку ідуць на прыём да лекара або на абследаванне. Некаторыя з іх распавядаюць, што калі трывога накрывае, яны засоўваюць руку ў сумачку, кранаюць ляльку і ім станавіцца спакайней, як быццам лялька кажа ім “Мы разам”. Гэта дае магчымасць пацыенткам з меньшым хваляваннем гаварыць з доктарам, спакайней чакаць вынікаў абследавання.
Лялька-марыянетка – гэта лялька іншага тыпу. Перш чым яе стварыць, усе ўдзельнікі групы напаўняюць яе пажаданнямі. У лялькі ёсць душа – маленькая капсула ў галаве. Сам гаспадар выбірае маленькія прадметы, якія сімвалізуюць станы і ўласцівасці душы лялькі. Гэта могуць быць рэальныя якасці, якія ёсць у гаспадара ці тыя, якіх гаспадару хацелася б мець. Напрыклад, пачуццё гумару ёсць, але не хапае стойкасці ці веры. Тады гаспадар выбірае маленькі прадмет – каменьчык, пацерку, гузічак, тое, што дапамагае сімвалізаваць гэта і змяшчае ў капсулу. Як правіла гэта робіцца ў групе, і так ствараецца калектыў такіх лялек. У кожнай лялькі свая душа і яна, калі лялька рухаецца, па-рознаму ва ўсіх гучыць. І калі ўсе лялькі створаны, яны пачынаюць адна з адной узаемадзейнічаць. Так пачынаецца гульня. Яна чымсьці нагадвае па сутнасці грыматэрапію, калі апасродкавана, праз гульню, пражываецца новы досвед.
Узаемадзейнічаючы з лялькай у агульнай гульні, чалавек здольны развітацца з некаторымі перакананнямі, якія абмяжоўваюць, мінулымі вобразамі сябе, станамі, якія траўміруюць, напоўніцца рэсурсам.
Як быццам не сам чалавек, а лялька выступае ў гульнявой сітуацыі, але чалавек пры гэтым пражывае новы досвед. Часта людзі баяцца ў рэальным жыцці навізны, таму што не ведаюць, а што яна з сабой прынясе, забываючы аб тым, што любы досвед, у тым ліку і негатыўны, можа быць карысным. Але праз гульню з лялькай-марыянеткай чалавек пражывае розныя досведы і потым вырашае, што яму падыходзіць, а што не.
Такія лялькі робяць вялікімі, каб іх лёгка было выкарыстоўваць у камунікацыі з іншымі людзьмі. Яны ствараюцца як для сябе, так і для групы. Лялька дапамагае ў разняволенні, паслабленні замкнёнага ці сціплага чалавека, дапамагае фармаваць бачанне будучага жыцця, новыя вобразы сябе, новыя формы зносін, вырашаць канфліктныя сітуацыі.
Пасля гульні ўсе ўдзельнікі абмяркоўваюць пражыты досвед.
Так што гульня ў лялькі – вельмі дарослы занятак, калі разумееш, навошта і як.
Не верыце? Можам пагуляць, праверыце.
Ваша анкапсіхолаг Іна Малаш.
Ці выкарыстоўвалі вы лялькатэрапію ў сваім жыцці пасля анкадыягназу?
Тэлефануйце, пішыце на пошту oncopatient.by@gmail.com ці ў сацсеткі.