Не. Рак НЕ заразны. Вы не можаце «падхапіць» рак ад кагосьці іншага, як вы падхапляеце грып ці ковід. Таксама і цесны кантакт, сэкс, пацалункі, дакрананні, сумесны прыём ежы ці знаходжанне ў адным пакоі не могуць распаўсюджваць рак.
Як мы апісвалі тут, злаякасная пухліна можа развіцца ўсяго з адной клеткі, якая набыла магчымасць бескантрольна размнажацца, г.зн. муціравала, але гэта клетка вашага арганізма.
Інфекцыі, якія павышаюць рызыку развіцця раку
Непасрэдна сам рак не заразны, ёсць некаторыя інфекцыі, якія могуць справакаваць развіццё пэўных відаў раку. Г.зн. перадаецца ад чалавека чалавеку не рак, а вірусы ці бактэрыі, якія павялічваюць рызыку захварэць. Таму працягвае жыць памылковае ўяўленне, што «рак заразны». Паводле апошніх звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 16,1% усіх злаякасных пухлін так ці інакш звязаны з інфекцыяй. Але гэта не значыць, што яе наяўнасць у арганізме абавязкова прывядзе да раку. Павялічваецца толькі рызыка захворвання. І ў вашых сілах гэтыя рызыкі знізіць або адхіліць зусім.
Да найбольш часта сустракаемых анкагенных вірусаў (гэта значыць вірусаў, пры інфіцыраванні якімі ўзрастае рызыка развіцця таго ці іншага анкалагічнага захворвання) адносяцца:
- некаторыя штамы (або варыянты) віруса папіломы чалавека (ВПЧ). ВПЧ – гэта не адзін вірус, а група вірусаў, якая складаецца з больш чым 100 прадстаўнікоў. Аднак не ўсе штамы (варыянты) гэтага віруса валодаюць анкагенным патэнцыялам. Найбольш небяспечныя ў гэтым плане штамы 16 і 18, таксама штамамі высокай рызыкі з’яўляюцца 31, 33, 45, 52, 58. Звычайна заражэнне адбываецца падчас неабароненага палавога кантакту. Інфекцыя не праяўляе сябе сімптомамі працяглы час. Ад моманту заражэння ВПЧ да развіцця анкалагічнага захворвання могуць прайсці гады, а часам і дзесяцігоддзі. Інфіцыраванне анкагеннымі штамамі павышае рызыку развіцця раку шыйкі маткі, похвы, вульвы, анальнага канала, палавога члена, паражніны рота, горла. Добрым спосабам прафілактыкі з’яўляюцца вакцыны супраць папіломавіруса. У тых краінах, дзе ад ВПЧ вакцынуюць усіх дзяцей, колькасць раку шыйкі маткі знізілася амаль да нуля.
- вірус Эпштэйн-Барр (ВЭБ). Гэтым вірусам інфіцыравана 90-95% усяго дарослага насельніцтва планеты. Інфіцыраванне адбываецца ў дзяцінстве, вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам па паветры (кропелькі сліны падчас кашлю, чханні), праз прадметы побыту, пры пацалунках, гэта значыць, праз любыя чалавечыя вадкасці. Хранічнае носьбіцтва віруса не суправаджаецца сімптомамі. Аднак калі чалавек інфіцыруецца ВЭБ у дарослым узросце, ён можа захварэць на інфекцыйны монануклеёз, які праходзіць на працягу некалькіх тыдняў. ВЭБ звязаны з лімфомай Ходжкіна, лімфомай Беркіта, ракам насаглоткі. Аднак, з усіх людзей, інфіцыраваных ВЭБ, анкалагічнае захворванне разаўецца толькі ў 1% выпадкаў. Нажаль, няма ніякіх крытэраў, якія маглі б паказаць, ці разаўецца рак у чалавека, інфіцыраванага ВЭБ, ці не. Таму няма і спецыфічных вакцын, праграм скрынінга і г.д., якія былі б накіраваны на ВЭБ або звязаныя з ім злаякасныя новаўтварэнні.
- вірусы гепатыту В і С. Інфіцыраванне адбываецца праз кроў, сперму і іншыя біялагічныя вадкасці (палавыя кантакты, ін’екцыі, пераліванне крыві, ад маці да дзіцяці падчас родаў або з малаком), пры няправільнай апрацоўцы стаматалагічных і манікюрных інструментаў. Пры адэкватным імунным адказе арганізма развіваецца востры гепатыт, які звычайна заканчваецца акрыяннем (гепатыт В). Пры неадэкватным – гепатыт пяройдзе ў хранічную форму. Гэты вірус можа выклікаць хранічнае запаленне печані і цыроз і ў будучым развіццё гепатацеллюлярнай карцыномы (першасны рак печані). Цяпер ёсць эфектыўная вакцына ад гепатыту В, а таксама спосабы лячэння гепатытаў В і С.
- герпесвірус, асацыіраваны з саркомай Капошы (таксама яго называюць вірус герпесу 8 тыпу – ВГЧ-8) і ВІЧ-інфекцыя. ВІЧ – гэта вірус, які можа прывесці да развіцця СНІДу (сіндром імунадэфіцыту чалавека). Абодва вірусы, ВІЧ і ВГЧ-8, перадаюцца пры палавых кантактах, а таксама праз кроў і сліну. ВІЧ уздзейнічае на імунную сістэму, прыгнятаючы актыўнасць імунных клетак, якія супрацьстаяць інфекцыям, а таксама пухліннай трансфармацыі ў арганізме. ВГЧ-8 – вірус, выяўлены ў клетках пацыентаў з саркомай Капошы (анказахворванні, якое выяўляецца на фоне ВІЧ-інфекцыі). Ад яе няма вакцыны ці лячэння, але ёсць прэпараты, якія падаўляюць актыўнасць ВІЧ, з-за якога арганізм становіцца вельмі ўразлівым.
Што тычыцца бактэрыяльных інфекцый, яны могуць справакаваць узнікненне хранічнага запалення, якое патэнцыйна выступае фактарам развіцця анкалагічных захворванняў.
Найбольш пераканаўчыя дадзеныя аб узаемасувязі паміж бактэрыяй і злаякасным новаўтварэннем існуюць для Helicobacter pylori і раку страўніка.
+ яшчэ аргументы ад адваротнага, што рак не заразны
Калі б рак быў заразным, то ў сям’і, у якой з’явіўся анкахворы, быў бы выбух раку, як і ў выпадку з грыпам, напрыклад.
Той факт, што рак можа здарацца часцей у некаторых сем’ях, не азначае, што члены сям’і перадалі рак адно аднаму. Прычыны гэтага могуць быць у наступным:
- У членаў сям’і аднолькавыя гены.
- Сем’і могуць весці падобны нездаровы лад жыцця.
- Усе члены сям’і могуць падпасці пад ўздзеянне аднаго і таго ж канцэрагеннага рэчыва.
Нават калі жанчына хварэе на рак падчас цяжарнасці, ён рэдка ўплывае на дзіця. Некаторыя віды раку могуць распаўсюджвацца ад маці да плацэнты (органу, які злучае маці з дзіцем), але большасць відаў раку не могуць паўплываць на самое дзіця.
Калі б рак быў заразны, можна было б чакаць высокага ўзроўню захворвання сярод медыцынскіх работнікаў, якія лечаць і даглядаюць анкапацыентаў. Статыстычныя дадзеныя ўсіх дзяржаў свету сведчаць аб тым, што колькасць анкапаталогій сярод медработнікаў адпавядае агульным лічбам захваральнасці насельніцтва.
! Людзям, хворым на рак, неабходна знаходзіцца побач з іншымі людзьмі
Сёння, нажаль, сустракаюцца сітуацыі, калі члены сям’і, сябры і калегі імкнуцца трымацца далей ад блізкага чалавека, хворага на рак. Яго гэта яшчэ больш ізалюе і робіць самотным. Пераадолейце свой страх «падхапіць» рак, падтрымліваючы анкапацыента. Не бойцеся, працягніце руку дапамогі хвораму чалавеку. Яму патрэбны ваш клопат і падтрымка.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы сайтаў www.who.int, https://media.nenaprasno.ru/ , https://www.cancer.org/