А сапраўды, ці ўдалося каму знайсці бяспрэчныя доказы? Тым больш што прычыны ўзнікнення захворвання ў канкрэтнага чалавека ў пераважнай большасці выпадкаў вызначыць немагчыма. І ў прынцыпе, ці можна адназначна і безадмоўна даказаць, штоздаровы лад жыцця ратуе ад раку? Тыя, у каго ёсць знаёмыя, якія шмат гадоў вядуць здаровы лад жыцця, але захварэлі на рак, і нават памерлыя ад яго ЗОЖнікі, больш за ўсё настроены скептычна. Сапраўды, пытанне складанае. Але гэта зусім не значыць, што на яго не трэба шукаць адказу.
Для пачатку давайце сцісла, шмат у чым спрашчаючы, адкажам на пытанне
ШТО ТАКОЕ РАК?
Рак – гэта вельмі складанае захворванне. Корань зла гэтай хваробы – у клетцы, памер якой складае каля 10-100 мікрон (мікрон – тысячная доля міліметра). Усе сакрэты гэтай маленькай структуры не разгаданы навукоўцамі да гэтага часу. Але што дакладна вядома сёння, дык гэта тое, што менавіта парушэнне некаторых функцый клетак адыгрывае асноўную ролю ва ўзнікненні і развіцці раку. Анколагі любяць паўтараць: “Кожны чалавек памрэ ад раку, але не кожны да яго дажыве”. Г.зн. клетка пры пэўных абставінах спрацуе супраць таго жывога арганізма, у якім жыве. Дзіўна, наколькі наша зямное жыццё з усімі яго творчымі пошукамі, марамі, клопатамі залежыць ад бачнай толькі ў мікраскоп цаглінкі. А яшчэ больш дзіўна, як прыкладна 60 трыльёнаў клетак-цаглінак, здольных жыць аўтаномна адзін ад аднаго, утворваюць адно чалавечае цела!
Клетка складаецца з чатырох найважнейшыхскладнікаў, бесперабойная праца якіх робіць нас далёкімі ад раку. Па-першае, гэта ядро клеткі, у якім захоўваюцца нашы гены, аб’яднаныя ў ДНК. Менавіта ў ДНК закадаваная інфармацыя аб тым, якія бялкі і ў якой колькасці трэба вырабіць, каб у арганізме падтрымліваліся ўсе функцыі: страваванне, кровазварот, імунітэт і т.п. Гены не з’яўляюцца нязменнымі. Як толькі клетка адчувае, што ёй лепш змяніцца, каб пераадолець нейкія цяжкасці, яна прымушае ген змяніцца. Гэта і называюць мутацыяй. Увесь набор генетычнай інфармацыі перадаецца чалавеку з пакалення ў пакаленне, у тым ліку і мутацыі.
“Працоўнай сілай” клеткі з’яўляюцца бялкі або пратэіны, якія выконваюць большасць функцый, неабходных для падтрымання маналітнасці клеткі: транспарціроўку пажыўных рэчываў, іх пераўтварэнне для вытворчасці энергіі, перадачу інфармацыі аб зменах у вонкавым асяроддзі і г.д. Калі бялкі будуць вырабляцца з памылкамі, гэта выкліча ў будучыні рак.
Акрамя ядра ў клетцы змяшчаюцца мітахондрыі – гэта нашы мініятурныя энергетычныя станцыі, якія ператвараюць энергію, змешчаную ў малекулах, што паступаюць з ежы, у энергію клеткі. Такіх станцый у целе чалавека змяшчаецца велізарная колькасць – прыкладна 2000 мітахондрый на адну клетку. Гэта самы працавіты і, мусіць, самы пражэрлівы клеткавы кампанент. У якасці паліва для гэтай функцыі выкарыстоўваецца кісларод. Нажаль, выпрацоўка энергіі клеткі – не безадходная тэхналогія, і такія шкоднікі як вольныя радыкалы з’яўляюцца менавіта адтуль. Яны могуць запускаць мутацыю генаў, якія будуць дапускаць памылкі пры вытворчасці бялкоў.
Бар’ерам паміж тым, што змяшчаецца ўнутры клеткі, і вонкавым асяроддзем служыць мембрана, якая забяспечвае ўваход і выхад патрэбнага і непатрэбнага клетцы. Дзякуючы мембране клетка адчувае сябе часткай агульнага арганізма. Але калі яна губляе сувязь з вонкавым асяроддзем і пачынае паводзіць сябе аўтаномна, то гэтыя небяспечныя паводзіны таксама могуць прывесці да раку.
Уявілі зараз, што такое чалавечае цела? Гэта 60 трыльёнаў асобных клетак, але якія працуюць як адна каманда, у якой кожная функцыянальна ўнікальная адзінка кааперуецца з усімі астатнімі, каб мы думалі, дыхалі, глядзелі, слухалі, спалі…
Як толькі клетка адчувае знешнюю агрэсію, ці ад канцэрагеннага рэчыва, віруса або свабодных радыкалаў, яна ўспрымае неспрыяльныя ўздзеянні як выпрабаванні, якім павінна супрацьстаяць так добра, як толькі можна, змяняючы свае гены. Нажаль, такія агрэсіі звычайныя ў нашым жыцці, таму шматлікія пашкоджаныя клеткі забываюць у гэтым супрацьстаянні сваю асноўную функцыю ў складзе арганізма ў цэлым. Каб вярнуць клетку з мяцежнага стану ў функцыянальны, ёсць пэўныя правілы. Але калі яны не спрацоўваюць, г.зн. калі клетка адмаўляецца гуляць першапачаткова прызначаную ёй ролю і кааперавацца з іншымі на карысць арганізму ў цэлым, тады і пачынаецца працэс ператварэння звычайнай клеткі ў ракавую. Клетка становіцца па-за законам, не падпарадкоўваецца загадам арганізма, і мае толькі адну мэту: выжыць самастойна і выгадаваць нашчадкаў, здольных выжыць.
Падобная трансфармацыя клеткі яшчэ не азначае, што ў арганізме тэрмінова пачне развівацца рак. Такая злачынная ўласцівасць клеткі на працягу жыцця чалавека выяўляецца рэгулярна, на шчасце, не перараджаючыся ў рак. Але часам здараецца і па-іншаму. Першапачаткова ў клетцы з’яўляюцца малаважныя змены, затым адбываюцца другія пашкоджанні да таго моманту, пакуль клетка не стане атыповай ці ракавай канчаткова.
Неабходна адзначыць, што нармальная клетка мае аднаўляльныя механізмы, якія ў некаторай ступені могуць значна запаволіць злаякасны працэс ці зусім адмяніць яго. Велізарнае значэнне ў пытанні запавольвання ці паскарэння пухліннага працэсу адыгрывае лад жыцця чалавека: харчовыя прыхільнасці, курэнне, празмернае знаходжанне на сонца і іншае. Чым больш чалавек падвяргае свой арганізм канцэрагенам, тым вышэй рызыка развіцця злаякаснай пухліны.
Хоць кожны від раку мае ўласцівыя толькі гэтаму віду фактары, якія запускаюць працэс утварэння пухліны, усе гэтыя працэсы, па вялікім рахунку, ідуць адным і тым жа шляхам, які падзяляецца на тры этапы:
– ініцыяцыя, у выніку якой з’яўляецца мутацыя гена;
– актывацыя, у выніку якой клетка перастае адыгрываць сваю ўнікальную ролю ў агульнай супольнасці клетак, а пачынае дзейнічаць аўтаномна;
– распаўсюджванне, у выніку якога ракавыя клеткі пачынаюць расці і захопліваць новыя тэрыторыі, г.зн. метастазіраваць.
Важна памятаць, што набыццё клеткай ракавых уласцівасцяў у выніку ініцыяцыі і актывацыі (перыяд скрытага развіцця хваробы) расцягваецца на працяглы перыяд, ад 1 да 40 гадоў. Менавіта ў гэты час пашкоджаныя клеткі досыць слабыя і ўразлівыя, то калі ўмяшацца, г.зн. сканцэнтравацца на здаровым ладзе жыцця, можна не дазволіць пухліне дасягнуць сталага стану і распаўсюдзіцца.
ШТО ГАВОРЫЦЬ СТАТЫСТЫКА
Хтосьці будзе з нашымі высновамі згодзен, камусьці патрэбны дадатковыя доказы.
Тады паглядзім на развіццё раку і лад жыцця з другога боку. Калі мы, людзі, жывем па агульных біялагічных законах, то, адпаведна, і на рак павінны хварэць раўнамерна па ўсёй зямлі, незалежна ад ладу жыцця. Згодны? Цяпер праверым, ці пацвярджае нашы высновы статыстыка.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя некалькі дзесяцігоддзяў штогод збірае анкалагічную статыстыку па кожнай дзяржаве свету, для таго каб аналізаваць яе і рабіць пэўныя высновы. Па дадзеных за 2022 год відаць, што цяжар раку па зямным шары размеркаваны нераўнамерна.
Паказчык захворваннямі ўсімі відамі раку на 100.000 насельніцтва.
Калі аналізаваць у лічбах, то аказваецца, што лідарамі па частаце сустракаемасці анкалагічных захворванняў з’яўляюцца Аўстралія і Новая Зеландыя (у 2022 годзе на 100 тысяч насельніцтва захваральнасць складала 462,5 і 427,3 чалавек адпаведна). Адносна гэтых краін устаноўлена галоўная прычына, якая вывела іх у адрыў, – высокі ўзровень інсаляцыі (сонечнага апраменвання), якая прыводзіць да самага высокага ў свеце працэнта выпадкаў меланомы і раку скуры. Калі казаць аб еўрапейскім кантыненце, то самыя высокія лічбы захворванняў у Ірландыі – 344,7, Францыі – 339,0, Швецыі – 310,0. У Беларусі сярэдні паказчык – 273,2. На амерыканскім кантыненце ў ЗША і Канады – 367,0 і 345,2 адпаведна. У Азіі ў Японіі – 267,1, у Кітая – 201,6, Казахстана – 162,0, Індыі – 98,5. На Блізкім Усходзе ў Ізраіля – 245,8, у Саудаўскай Аравіі – 87,1. Скептыкі напэўна скажуць, што там паказчык вышэйшы, дзе метады дыягностыкі лепшыя, і доступ да іх для ўсіх грамадзян адкрыты. У гэтым ёсць рацыя, але занадта ўжо вялікі разрыў сярод развітых краін, каб гэта было адзіным аргументам.
Калі глядзець, які рак пераважае ў розных дзяржавах, тут таксама няма аднастайнасці.
Самыя распаўсюджаныя:
Малочная залоза (82)
Прастата (36)
Шыйка маткі (21)
Лёгкія (19)
Каларэктальны (16)
Печань (6)
Страўнік (4)
Стрававод (1)
Калі аналізаваць лічбы па канкрэтных лакалізацыях, то выключыўшы рак лёгкіх, які найбольш раўнамерна размеркаваны на зямным шары, паколькі ўсюды паляць, то заходнія краіны адрозніваюцца ад усходніх тым, што там найбольш распаўсюджаны каларэктальны рак, малочнай залозы і прастаты, у той час як у азіяцкіх краінах значна вышэй працэнт раку страўніка, стрававода, печані.
Вельмі цікавы прыклад Японіі, пра які падрабязна можна даведацца тут. У гэтым даследаванні колькасць ракавых захворванняў, якія паражаюць японцаў у Японіі, і японцаў, якія эмігравалі на Гаваі, параўноўваецца з колькасцю захворванняў сярод мясцовага насельніцтва на Гаваях. У той час як рак прастаты на момант даследаванняў (70-я гады мінулага стагоддзя) быў слаба распаўсюджаны ў Японіі, частата гэтага віду раку ў японскіх эмігрантаў павялічылася ў 10 разоў, г.зн. настолькі, што прыкметна наблізілася да частаты захворвання ў мясцовых жыхароў. А павышаная колькасць захворванняў на рак страўніка, характэрнае для насельніцтва Японіі, значна паменшылася і таксама наблізілася да частаты захворванняў сярод мясцовага насельніцтва. Падобны феномен адзначаны і ў жанчын: першапачаткова нізкі ўзровень захворвання на рак малочнай залозы і эндаметрыя значна павялічыўся, калі яны эмігравалі.
Такія выпадкі не адзінкавыя, падобныя вынікі былі атрыманы ў іншых даследаваннях працэсу міграцыі. Пытанне ў тым, якая змена магла мець такі згубны ўплыў на здароўе мігрантаў, што яна прывяла да такога хуткага павышэння частаты іх захворвання на рак, не характэрнаму для сваёй краіны? Усе праведзеныя да гэтага часу даследаванні ўказалі на галоўную прычыну: адмова мігрантаў ад традыцыйнага рэжыму харчавання і хуткая адаптацыя да кулінарных традыцый прымаючай краіны.
Што тычыцца Японіі, то за апошнія 80 гадоў харчовыя перавагі саміх японцаў перажылі вельмі сур’ёзныя змены. Калі раней узровень спажывання мяса ў Японіі быў выключна нізкім, то за апошнія дзесяцігоддзі ён павялічыўся больш чым у 7 разоў, пры гэтым захваральнасць на рак прамой кішкі павялічылася ў 5 разоў, і Японія дагнала па гэтым паказчыку заходнія краіны. Таму дзяржава арганізавала беспрэцэдэнтныя меры: абавязковы скрынінг каларэктальнага раку для ўсіх узроставых катэгорый і для жадаючых – скрынінг рака страўніка.
Такі разнабой у лічбах не мог не выклікаць даследчую цікавасць міжнародных арганізацый. Каб расставіць усе кропкі над i, напрыклад, Сусветная арганізацыя аховы здароўя больш за 20 гадоў таму задумала і выканала буйны Праект параўнальнай адзнакі рызыкі, накіраваны на вызначэнне асноўных фактараў рызыкі развіцця раку, які можна прадухіліць*. Вынікі гэтага даследавання былі апублікаваныя ў 2005 годзе і абноўлены ў 2009 годзе, і па-ранейшаму з’яўляюцца найбольш упадабанымі агульнымі ацэнкамі прадухільных смерцяў ад раку ва ўсім свеце.
Сусветны фонд даследаванняў раку правёў паглыблены аналіз сувязі паміж ежай, харчаваннем, фізічнай актыўнасцю і ракам ва ўсім свеце: яны разгледзелі ўсю адпаведную літаратуру па тэме, правялі метааналіз і абагульнілі свае высновы з рэкамендацыямі, заснаванымі на пераканаўчых доказах, у справаздачы, апублікаванай у 2007 годзе. Гэтая справаздача стала абнаўляецца і даступна ўсім жадаючым на www.wcrf.org.
Па ініцыятыве Амерыканскага таварыства барацьбы з ракавымі захворваннямі ў 2020 годзе нацыянальная група экспертаў у галіне даследавання раку, прафілактыкі, эпідэміялогіі, грамадскай аховы здароўя і палітыкі перагледзела Рэкамендацыі па першаснай прафілактыцы раку з улікам самых апошніх навуковых дадзеных 194 даследаванняў, якія тычацца мадэляў харчавання і фізічнай актыўнасці, а таксама рызыкі развіцця рака.
Такім чынам можна смела сцвярджаць, што здаровы лад жыцця – не дзівацтва доказнай медыцыны, а вынік вялікай шматгадовай навукова-даследчай працы. Гэтыя даследаванні вельмі важныя, таму што дапамагаюць усталёўваць прыярытэты для праграм прафілактыкі раку ў кожнай краіне, накіроўваць намаганні ўсіх зацікаўленых актараў у патрэбнае рэчышча. Для канкрэтнага чалавека разуменне важнасці здаровага ладу жыцця, якое абапіраецца на доказную медыцыну, – гэта інвестыцыі ва ўласную здаровую будучыню, а ў цэлым для краіны – гэта ўклад у яе сацыяльна-эканамічнае развіццё, паколькі зніжае заўчасную смяротнасць і аптымізуе выдаткі на медыцыну.
Ці лічыце вы нашыя аргументы абгрунтаванымі?
Націскайце +, калі так, ці – – калі не.