У фільматэку анкапацыентаў
Шаноўныя чытачы, прапануем далучацца да фарміравання Фільматэкі, куды мы будзем збіраць карысныя для анкапацыентаў фільмы. Як вызначыць карыснасць? Вельмі проста – калі фільм стаў для вас рэсурсам і напоўніў хай крышачку моцай і радасцю.
Ірына Д. даслала нам сваю гісторыю з фільмам, які падчас лячэння падтрымаў яе, даў моцы ў пераадоленні стомленасці ад доўгіх і цяжкіх працэдур.
– Падчас хіміятэрапіі ў целе не было аніякай моцы, але душа патрабавала ежы, удзелу ў нечым. Сябры прапанавалі яшчэ плёнкавыя відэа-касеты з класічнымі амерыканскімі фільмамі 30-50 гадоў. Проста быў цуд, што ў мяне захаваўся плёнкавы відэа-плэер. На той час я зусім не ведала гэтага пласта культуры, было цікава пазнаёміцца, бо адзінае, што я магла – глядзець тэлевізар. Пачала з прагляду фільмаў знакамітай у тыя часы актрысы Дзіны Дурбін, чыя біяграфія ў першую чаргу мяне моцна ўразіла.
Дзіна Дурбін пачала здымацца з 14 гадоў, з дзяцінства захаплялася музыкай, вельмі прыгожа спявала. А ўжо ў 27 завяршыла кар’еру, на піку форму. Ведаеце чаму? Таму што сталеючя марыла ўвасабляць на экране драматычныя ролі, складаныя адносіны, але першыя спробы ў новым амплуа (гэта фільмы “Раство” і “Ледзі ў цягніку”) публіка не прыняла. Гледачы, а ўслед за імі і кінакампанія, жадалі бачыць яе ў ролях тых дзяўчат-падлеткаў, маленькіх Папялушак, у якіх яна з’яўлялася на экране раней. Замест таго, каб вярнуцца да выкананняў роляў маладых наіўных дзяўчат, Дзіна наогул адмовілася ад кінакар’еры, хаця не планавала. Уяўляеце, яна папросту не магла займацца любімай справай, каб дагадзіць публіцы, здрадзіўшы сабе? На той момант яна была самай высокааплатнай актрысай. Якую ж трэба было мець сілу волі, каб захаваць сваю годнасць, адмаўляючыся ад улюбёнай і высокааплатнай справы!
Першы фільм, які я паглядзела з удзелам Дзіны Дурбін, быў “Першы баль” 1939 году выпуска. Я ж, як і шмат дзяўчынак, памятаю з дзяцінства казку Шарля Перо “Папялушка”. З тых часоў, з дзіцячых гадоў, мне падавалася, што цуды могуць рабіць толькі феі. Чалавеку такое не дадзена, у тым ліку і мне. Савецкі фільм “Папялушка” 1947 году выпуска быў у гэтым маім апірышчам. І раптам я гляджу “Першы баль” і разумею, што гэта тая ж Папялушка, толькі натуральная і што цуды могуць рабіць самі людзі, калі яны таго хочуць. Патрэбна адзінае – шчырае сэрца ці, кажучы сучаснай мовай, эмпатыя.
Пасля прагляду я паглядзела свае каштоўнасці і свае дзеянні з іншага пукнту погляду. Я стала аналізаваць, як я стаўлюся да сваіх блізкіх, да сябе. Фільм мне вельмі дапамог у маёй самарефлексіі.
Не глядзіце, што кіно здымалася 85 гадоў таму. Канешне, з-за гэтага ён месцамі занадта наіўны. Але стрыжань чалавечнасці настолькі моцны, што натхняе на стварэнне цудаў сваімі рукамі для сваіх родных і сяброў, надае павагу да сябе і навакольнаму свету, дадае шчырасць у стаўленне да людзей. Спадзяюся, што камусьці фільм таксама дапаможа.
З павагай,
Ірына Д.
P.S. Шаноўныя чытачы, будзем вельмі ўдзячныя, калі вы распавядзеце пра тыя фільмы, якія вам дапамаглі пераносіць цяжкасці падчас лячэння. Чакаем вашыя ўражанні на гэты фільм.
Давайце дужэць і натхняцца разам!