Што дзіўна, але на гэтае пытанне можна пачуць розныя адказы. Здараецца чуць процілеглыя думкі як сярод анкапацыентаў, так і сярод лекараў-анколагаў. Мы не будзем даказваць, хто і ў чым мае рацыю. А раскажам рэальную гісторыю рэальнай анкапацыенткі, якая да сакавіка 2024 года не мела ніякіх праблем са страўнікава-кішачным трактам. Нягледзячы на тое, што 12 гадоў таму здарыўся рак малочнай залозы са спадчыннай мутацыяй BRCA-1, а 3 гады таму – найцяжэйшы ковід, пытанняў са страваваннем і лішняй/недастатковай вагой не ўзнікала.
Для Іны Малаш, гераіні нашага артыкула (тут можна азнаёміцца з інтэрв’ю гадавой даўнасці), усё змянілася ў сакавіку 2024 года. Звяртаючыся да лекара з жаўтачкай, Іна зусім не падазравала, што ў яе жыццё ўвайшла новая анкапаталогія.
Лекары Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі правялі паспяховую аперацыю: гастрапанкрэатадуадэльную рэзекцыю, але каб устаць і жыць пасля яе, калі выдалілі галоўку падстраўнікавай залозы, 12-перстную кішку, частку халедоха і пятлю парожняй кішкі, рэгіянарныя лімфавузлы, спатрэбіліся незвычайныя сілы.
Першая задача, якую трэба было вырашыць – выйсці на нармальны аб’ём ежы. Харчаванне ўскладнялася тым, што апетыту не было зусім, любая ежа выклікала гідлівасць, спачатку і любімыя стравы, якія гатавалі блізкія, немагчыма было праглынуць. І пастаянная дыярэя, болі ў жываце пасля прыёму ежы, якая рабіла будучыню беспрасветнай…
Пра тое, як Іна шукала спосабы выжывання, адкуль чэрпала сілы і што атрымалася да сённяшняга дня, 1 лістапада 2024 года, распавядае яна сама.
– Пра асаблівасці харчавання пасля маёй аперацыі я крыху даведалася ад лекараў і інструкцыі, якую далі перад аперацыяй, але ў асноўным чытала ў інтэрнэце. Пасля аперацыі рэкамендавалася вадкая ежа без цвёрдых крупінак. Потым можна было пераходзіць паступова на іншую ежу. Варыянты дыет, якія я знаходзіла, маглі крыху адрознівацца паміж сабой, і гэта выклікала ў мяне некаторую блытаніну. Я даверылася сваім пачуццям і ела тую ежу, ад якой мне было камфортна, з улікам тых рэкамендацый, што былі ў інтэрнэце. Пры маёй нелюбві да вадкай ежы, яна стала маёй любімай. Усім, хто збіраўся мяне наведваць, не саромеючыся, казала, чаго мне есці нельга і што я магу есці маленькімі порцыямі. Ну а што можна, кожны стараўся прыдумаць сам. Я практычна не ела бальнічную ежу (ела толькі сняданак, калі былі вязкія кашы), мне штодня прыносілі шмат хатніх разнастайных страў.
З кожным днём я адчувала няхай невялікі, але прыліў сіл. Дактары радаваліся, што я іду на папраўку. Я думала, што аднаўляюся вельмі марудна, але пагаварыўшы з пацыентамі, якія перанеслі аналагічную аперацыю, зразумела, што маё аднаўленне ідзе даволі добра. Вялікая падзяка маім родным і блізкім, сябрам і калегам! Без іх дапамогі я б не адолела. Гэта была штодзённая праца ў маё аднаўленне. Пасля такіх аперацый я бачыла, што ў некаторых пацыентаў была дыярэя і праз год пасля аперацыі, некаторыя не прытрымліваліся рэкамендацый па харчаванні, страціўшы надзею на змены. У нейкі момант я пачала рыхтаваць сябе да думкі, што трэба вучыцца жыць з дыярэей, болямі і немагчымасцю есці тое, што я ела да аперацыі. Вага мая зніжалася, але ў мяне з’явіліся сілы не толькі выпісацца з бальніцы, але і адразу пайсці ў анкадыспансер за далейшым лячэннем.
Ніколі не забудуся, як на мяне глядзела хірург у паліклініцы пасля таго, як прачытала мой пасляаперацыйны эпікрыз. Яна нават папрасіла сфатаграфаваць ход аперацыі, таму што яшчэ не сустракалася з такой. І ўвогуле кожны лекар казаў, што гэта вельмі складаная аперацыя. Я ведала, што ў мяне было няпростае хірургічнае ўмяшанне, супастаўнае па ступені складанасці з трансплантацыяй печані, але па водгуках лекараў і танальнасці іх галасоў зразумела, што нават не магу ўявіць ступень гэтай складанасці.
Калі стала праходзіць хіміятэрапію, вага працягвала зніжацца. Хаця, здавалася б, куды. Я разбіла аб’ём ежы на невялікія порцыі і ела па будзільніку праз тры гадзіны. Лекары-анколагі і хіміятэрапеўт казалі, што гэта нармальна: і зніжэнне вагі, і дыярэя. Я не трывожылася. І нават прыстасавалася да гэтых новых змен, болі паменшыліся, я знайшла тыя стравы, якія мне падыходзілі.
Калі зусім зніклі вены, кансіліум прыняў рашэнне ўсталяваць порт. Калі б я ведала, што з-за яго адарвання ў мяне пачнецца агульны сэпсіс і зноў патраплю ў рэанімацыю, я б настойвала на кансультацыі лекараў, каб даведацца, якія яшчэ ёсць спосабы атрымання хіміятэрапіі. Тады, у рэанімацыі, калі зноў вярнуліся ўсе старыя праблемы з харчаваннем, болем і дыярэяй, мае душэўныя сілы скончыліся…
Ад адчаю мяне зноў выратавалі мае блізкія! Яны змаглі не толькі наведваць мяне ў рэанімацыі, але і з дазволу лекараў прыносіць хатнюю ежу, ведаючы мае асаблівасці. Я пайшла на папраўку. І ў гэтым паспяховым аднаўленні велізарная праца маіх блізкіх і сяброў!!! Гэта вельмі важна, што не толькі я нешта рабіла, а мяне падтрымлівалі, мяне чулі, улічвалі мае асаблівасці і дапамагалі. Як толькі я стала есці тую ежу, што мне падыходзіла, прайшлі боль і дыярэя. І тады ў рэанімацыі, у канцы жніўня 2024 года, на 59-м годзе жыцця, я канчаткова зразумела, што вельмі важна тое, што я ем, што прыём ежы ўплывае і на маё самаадчуванне, і нават на настрой, што не толькі сама ежа, а і збалансаванае меню мае вялікае значэнне.
Але мая вага працягвала падаць. Таму пасля рэанімацыі, нягледзячы на тое, што была вельмі аслабленая фізічна, не магла прайсці і не прысесці 200 метраў, адправілася да лекара-дыетолага. Дзякуй сяброўцы! Яна мяне суправаджала, і за нашым шчабятаннем я амаль не заўважыла, як прайшла свой першы пасля рэанімацыі кіламетр.
Доктар-дыетолаг, вывучыўшы мае эпікрызы, аналізы, задаваў пытанні пра сон, якія фізічныя нагрузкі я люблю, і шмат іншых. Потым сказаў, што гатовы са мной папрацаваць, але на гэта можа спатрэбіцца да 8 тыдняў. Гутарка з лекарам выклікала ў мяне давер, я бачыла, што ён разумее асаблівасці маёй аперацыі і перанесенага лячэння.
Мы з ім вызначылі галоўную мэту, абмеркавалі мае харчовыя звычкі і любімыя-нялюбыя стравы. Праз суткі я атрымала на вайбер сваё першае меню, у якім была распісана кожная страва, а ў ім – кожны інгрэдыент і яго вага. З таго моманту асноўная мая праца перайшла на кухню. Думаеце, мне хацелася тры разы на дзень стаяць ля пліты? Я ў мінулым жыцці не любіла асабліва займацца гатаваннем. Але ўзважыўшы ўсё “за і супраць”, я настроілася на дзейнасць, якая магла мне дапамагчы. У выніку я нічога не губляла, а набыць магла вельмі шмат. Стравы былі нескладаныя. Хоць у той момант я адчувала велізарную слабасць, але я ведала, што менавіта бядзейнасць – заганны круг. Мне сапраўды фізічна цяжка было ўставаць і рабіць сабе сняданак, хацелася заставацца ў ложку, але я разумела, што так яшчэ больш аслабну. Каб нешта змяніць, трэба зрабіць адзін маленькі крок. Я так заўсёды казала сваім кліентам, калі працавала анкапсіхолагам. Цяпер я стала кліентам у сябе самой. Гэтым маленькім крокам стала гатаванне сняданкаў. На здзіўленне гэта аказалася лёгка. Стравы былі разнастайныя, тыя, што мне падабаюцца, падрыхтоўка не вымагала шмат часу.
Дапамагло і тое, што ў той момант мы з мужам увялі правіла: кожны вечар дзякавалі адзін аднаму за тое, што мы робім. Мужу падабалася тое, што я гатую! Я адзначыла, што настрой палепшыўся, мой уклад заўважаны і значны не толькі для мяне. І тады стала гатаваць ежу тры разы на дзень. За першы тыдзень працы па меню, складзеным лекарам-дыетолагам, не было вынікаў: вага працягвала падаць, але дыярэя трошкі супакоілася, болі былі рэдкімі. Лекар дасылаў мне меню і рэцэпты раз у два тыдні, я яму штотыдзень адказвала на 3 пытанні: як самаадчуванне, як працаздольнасць і якая вага. Я на працягу тыдня магла задаваць яму любыя пытаннi. Порцыі былі для мяне вялікімі, лекар падтрымаў мяне не прымушаць сябе ўсё з’ядаць. Я пакідала ежу, якую не магла з’есці, на потым, і магла даесці, у перапынках паміж прыёмамі ежы, калі хацелася. У гэты час адна з маіх сябровак прапанавала кожны дзень займацца са мной ранішняй зарадкай. Мяне гэта падбадзёрыла і больш за тое, надало сіл і добрага настрою!!! Я выйшла са стану “здохлы конь”. Праз 2 тыдні маё самаадчуванне палепшылася! У мяне спынілася падзенне вагі, перастаў балець жывот, палепшыўся настрой і я магла ўжо шпацыраваць, займацца справамі па хаце.
Праз месяц я адчула сябе дастаткова добра. Настолькі добра, што ўкаціла на мора да пірамід. Сама здзіўляюся сваёй неразважлівасці. Але нясцерпна хацелася адпачынку. Год быў цяжкі, і неабходна была перадышка! У моры з рыбамі я адчувала сябе птушкай, што парыць у вольным палёце! Гэта проста напаўняла мяне неверагоднай энэргіяй. Тое, што мы былі на моры з сябрамі і шмат смяяліся, дало мне адчуць сябе шчаслівай абсалютна. Я зняла на відэа ежу, якая была ў гатэлі, і лекар-дыетолаг складаў мне меню на кожны дзень. Вось ад чаго я не адыходзіла, дык гэта ад рэкамендацый доктара. Да таго моманту я ўжо навучылася адчуваць і аб’ём порцыі, і тую ежу, якая мне падыходзіць. І нават магла з’есці крыху больш, чым было рэкамендавана. У астатнім ва ўсім слухала лекара.
Далей – лягчэй, зарадка і прыгатаванне ежы сталі звыклымі. Калі я не хацела, то казала сабе: «Зрабі маленькі крок. Калі будзе цяжка, спыніся, зрабі столькі, колькі зможаш».
У выходныя мы з мужам сталі гатаваць разам і гэта дадавала нам яднання. У выніку мэты, якія мы ставілі з доктарам, дасягнуты! Гэта было не проста! 8 тыдняў харчавання па збалансаваным меню. Але вынік мяне парадаваў! Самаадчуванне добрае, працаздольнасць з кожным днём павялічваецца, вага дасягнула той адзнакі, што я хацела, кішэчнік працуе так, як я і марыць ужо не магла! Вярнулася да працы, няхай пакуль у абмежаваным маштабе. Ура! Я заўсёды ведала, а зараз асабліва, што вялікі шлях пачынаецца з маленькага кроку.
Жадаю ўсім поспехаў на гэтым шляху і моцнага здароўя!