Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
Пра лазу
Лазу вельмі я люблю,
З яе рэчы я раблю.
Як яе мне не любіць,
Бо інакш не можа й быць.
Лазовік прозвішча я маю.
Яго я з гонарам прымаю.
Корань і аснова ў словах адна, —
Значыць, з лазой мы радня.
Як у цябе выявілі пухліну?
— У мяне ад раку малочнай залозы памерла родная сястра. У яе была пухліна на правай малочнай залозе. Позна выявілі, яна была ўжо неаперабельная. Лячылі хімія- і прамянёвай тэрапіяй. Але гэта было толькі паліятыўнае лячэнне, якое тармазіла распаўсюджванне метастазаў, але не магло спыніць. Яна 3,5 гады так пакутавала.
Толькі пасля пахавання сястры я вырашыла памацаць свае грудзі. Мне падалося, што ў правай залозе нешта ёсць. Муж настаяў, каб я пайшла да лекара. Калі шчыра, то было страшна. Але трэба было ісці. Тады, восенню 2015 года, у Вілейцы яшчэ функцыянаваў анкадыспансер, і я трапіла на прыём да загадчыка Ігара Іванавіча Статкевіча. Ён аглядзеў мяне і накіраваў на мамаграфію. Я яе зрабіла, але за адказам праз тры дні паехала з мужам. Вынікі аддалі на рукі. Я ня надта добра разумела, што там напісана. У самым канцы стаялі дзіўныя літары лацінкай c-r і побач пытальнік. Калі я паказала сваёй унучцы, а яна медсястра, то пачула: «Бабуля, ты не хвалюйся, гэта рак, але ён пад пытаннем».
З гэтым вынікам я пайшла да свайго лекара ў паліклініку і пытаю: «Нешта там у мяне ёсць?». А лекар адказвае: «Так, ёсць. Можаце паплакаць». Я неяк насцярожылася і адказваю: «Я не буду плакаць. Што Бог дасць, тое і будзе».
Потым прызначылі шпіталізацыю на 11 студзеня, вырашылі, што лепей пасля ўсіх святаў пачынаць лячэнне. Перад бальніцай я схадзіла ў царкву. Была на споведзі. Бацюшку расказала сваю сітуацыю і папрасіла дабраславіць мяне на лячэнне. Ён спытаў маё імя, перахрысціў і дабраславіў.
Ці доўга доўжыўся шок?
— Не, нядоўга. Я спадзявалася на Бога, малілася. Мяне падтрымлівалі мае блізкія.
Як ты прыняла рашэнне аб мастэктаміі?
— Мяне аперыраваў хірург не асабліва малады. Перад аперацыяй ён запрасіў мяне на агляд. Пасля агляду спытаў: «У вас ушчыльненне невялікае. Што для вас лепш: сектар ці ўсю правую малочную залозу выдаляць?». А мяне паклалі ў палату з жанчынай, якой некалі зрабілі сектаральную аперацыю. Цяпер яна паступіла паўторна, ёй будуць выдаляць усё, бо працэс не спыніўся. Таму я доктару сказала, што мне 73 гады, грудзі мне асабліва не патрэбны, папрасіла выдаліць усё, што ён лічыць мэтазгодным. Не хацела паўторна ў бальніцу трапляць. Як дамовіліся з доктарам, так ён і зрабіў.
Цяжка праходзіла пасляаперацыйная рэабілітацыя?
— Калі я прачнулася пасля аперацыі, то ў першую чаргу адчула, што вельмі добра выспалася. Наогул без наступстваў прайшоў наркоз. У мяне было адчуванне адпачылага чалавека. Я, калі шчыра, думала, што будзе інакш. Я ж бачыла, як цяжка было ў іншых. Камусьці было холадна, кагосьці ванітавала… А ў мяне ўсё было добра. Вывелі, як звычайна, дрэнажныя трубкі, увесь час хадзіла на перавязкі. Усё як ва ўсіх.
І што вельмі дапамагло — мы не сумавалі. Сабралася вельмі пазітыўная кампанія пасляаперацыйная. Увесь час жартавалі.
Калі сталі вядомы вынікі маёй гісталогіі, лекар сказаў, што ў мяне аналізы добрыя, што мне не патрэбна ні апраменьванне, ні хіміятэрапія. Толькі гарманальныя прэпараты прапісалі: анастразол. І сказалі, што трэба прыязджаць на рэгулярныя праверкі. Так я і рабіла.
Я вельмі ўдзячная свайму хірургу Лашкевічу Станіславу Уладзіміравічу. Вельмі ўважлівая была лекар-анестэзіёлаг, не запомніла яе прозвішча. Я ёй таксама выказала словы падзякі. І ўвогуле я ўсяму РНПЦ анкалогіі ім. Аляксандрава ўдзячная. Я ўсё перанесла лёгка. Я меркавала найгоршы варыянт, а ў мяне атрымалася ўсё лёгка. Гэта дзякуючы лекарам і Богу.
А ты хавала дыягназ?
— Не, не хавала. Не падкрэслівала, але калі спытаюць, то і не хавала. Што ёсць, тое ёсць.
Хто быў у тваёй групе падтрымкі?
— Муж, сын, дзве ўнучкі. Адна ўнучка замужам. Яе муж, ён мне як унук, вазіў мяне заўсёды, куды трэба было. Я старалася яму заплаціць, але ён заўсёды сварыўся на мяне: “Бабуля, ды хіба я з-за грошай ваджу? Галоўнае — каб Вы акрыялі”.
Адна ўнучка, якая медсястра, заўсёды нешта параіць. Другая вучыцца ў гарадзенскім медуніверсітэце, таксама стараецца мне дапамагчы.
Цешаць праўнукі, у мяне іх двое. Старэйшая праўнучка ў 4-ы клас пойдзе, а малодшаму — тры гадкі. Дзякуй Богу, што наш працяг ёсць.
Праўда, муж ужо трэці год як памёр. У яго таксама была анкалогія. Лёгкія. Ён да апошняга нічога не адчуваў, хадзіў на працу. Як у мяне звонку, дык я свой рак заўважыла, а ў яго ўнутры. Калі знайшлі, ужо было позна. Спачатку лекарам падалося, што яшчэ ёсць шанец, але потым, пасля дбайнага абследавання, нічога рабіць не сталі.
Што дапамагае па жыцці пераадольваць цяжкасці і гора?
— Наведваю гурткі рукадзелля “Кудзесніца” пры тэрытарыяльным цэнтры, у нас цудоўная кіраўнік, усё ўмее, вельмі таленавітая. Я за шмат якія рукадзеллі бралася. Вучылася з лазы плесці. Я ж усё-такі Лазовік. Люблю вязаць і кручком, і спіцамі. Увогуле, захапленняў шмат. І я ў прынцыпе люблю працаваць. Цяпер я б таксама нешта рабіла, але ў мяне глаўкома, я дрэнна бачу, хутка не магу. Зараз хоць не раблю, але прысутнічаю на гуртке, гляджу, што людзі робяць і дома спрабую паўтарыць.
Але галоўнае з маіх захапленняў – напісанне вершаў. Пішу для душы. Кніжку выдала. Перад аперацыяй напісала маленькі зборнік, а пасля аперацыі сабрала ўсё і атрымалася вялікая кніжка на роднай мове “У мяне душа радкі дыктуе”.
Мой родны кут
На самай ускраіне вёскі
Расце мая памяць – бярозка,
Якую сама пасадзіла,
Калі яшчэ ў школу хадзіла.
Люблю, помню той куточак –
Лясоў зялёненькіх вяночак,
Палі, лугі і сенажаці,
Бабулю з мамай у роднай хаце,
Сябровак школьных і сяброў,
З якімі лёс калісьці звёў,
Хоць час па свеце нас раскідаў,
Але сябрамі нас пакінуў.
Вяскоўцаў добрых, вельмі шчырых,
І працавітых, і мне мілых,
Што не падводзілі нідзе,
Не пакідалі ў бядзе.
Як не палюбіш гэты кут, —
Такое ж роднае ўсё тут!
Пра што ты зараз марыш?
— Мару не быць самотнай. Таму і наведваю ўсе гурткі. Маем зносіны там. Ездзім на экскурсіі. Тыдзень таму вазілі нас на экскурсію ў Гервяты і Солы. У Солах паглядзелі касцёл, але ў Гервятах ён незвычайнай прыгажосці. Нават не верыцца, што гэтая прыгажосць у Беларусі. Ён быў пабудаваны за 4 гады, з 1889 па 1903 г. Я ў захапленні ад архітэктуры гэтага будынка да гэтага часу! А які парк вакол яго, экзатычныя дрэвы, кветкі, усё вельмі ўражвае. Я спачатку баялася ехаць, раптам цяжка, будзе, толькі дадам арганізатарам клопату. Але вельмі задаволеная.
Што б ты пажадала тым, хто праходзіць лячэнне?
— Хай не адчайваюцца, выконваюць усе рэкамендацыі дактароў, просяць дапамогі ў Бога і будуць аптымістамі. І абавязкова няхай нечым захапляюцца, каб забывацца на гэтую хваробу, не зацыклівацца на ёй.
І на развітанне – мой любімы верш
Люблю я мову родную,
Пяшчотную, лагодную.
Яна ліецца як вадзіца
З крыштальнае крыніцы.
Як мелодыя песні,
Што гучыць на прадвесні.
На гэтай мове нашы мамы
Заўсёды размаўлялі.
Яе мы чулі з ранку
І да вячэрняй калыханкі.
З часоў далёкіх, ад Скарыны,
Яна народ свой пакарыла,
На ёй пісалі, праслаўлялі
І Колас, і Купала.
Як станем мовай ганарыцца
У ў малых вёсках, і ў сталіцы,
Тады праславім мы Айчыну,
Як і калісь зрабіў Скарына.
P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі Грыбную поліўку па сямейным рэцэпце Марыі Лазовік і Верашчаку ў адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.