Текст на русском языке ЗДЕСЬ.
Ці падзяліў анкадыягназ ваша жыццё на ДА і ПАСЛЯ?
У мяне было тры анкалагічных дыягназы, і калі параўноўваць іх паміж сабой, то менавіта першы падзяліў маё жыццё на да і пасля ці хутчэй змяніў маё жыццё назаўсёды. Я захварэла ў 28 год. З тае пары прайшло 28 гадоў, вось такая палова асэнсаванага жыцця. І менавіта першы анкадыягназ паказаў, наколькі гэтае жыццё крохкае.
Я памятаю той далёкі 1993 год, калі я паступіла ў аспірантуру, пачала працаваць у школе з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы, вельмі перспектыўная новая школа. Я была не проста настаўніцай хіміі, а завучам па выхаваўчай працы. Мой матэматычны клас – выпускны, цудоўныя дзеткі… Жыццё было напоўнена… Я закахалася і мы планавалі ўзяць шлюб… І ты раптам трапляеш у сітуацыю, калі тваё жыццё не проста спынілася… Нават калі я даведалася, што ў мяне рак, не было так страшна. А паколькі мяне адразу шпіталізавалі і я трапіла ў адзяленне, тое, што я ўбачыла, змяніла маё жыццё назаўсёды.
ЛОР-аддзяленне, Бараўляны, я бачу мужчын і жанчын з такой жа пухлінай, як у мяне. У Гюго ёсць такі раман “Чалавек, які смяецца”. У маім выпадку была адваротная сітуацыя. Таму што чалавек пасля такіх траўматычных аперацый не можа смяяцца, нават усміхацца. І наогул твар проста знявечаны. Гэта быў шок, таму што я зразумела, што больш ніколі не буду ні настаўніцай, ні жонкай, ні маці… Каму патрэбна такая… Памятаю, калі я ішла на аперацыю, думала, што усміхаюся апошні раз у сваім жыцці. І нават калі я засынала на стале, доктар-анэстэзіолаг казала: “Гляньце, спіць, а ўсміхаецца”. І першае, што я памятаю пасля прасыпання, гэта доктара, якога ў маю палату прывёў анёл. Так мне падавалася. Ён быў настолькі шчаслівы, ён казаў: “Ты будзеш усміхацца! Ты будзеш усміхацца!”. Я гэта добра-добра памятаю. І гэта такі быў для мяне ўрок, бо шмат якія рэчы, якія нам падаюцца цалкам натуральнымі: усмешка, марганне, дыханне — яно вот ёсць і падаецца, так павінна быць заўсёды. А ўсё так крохка…
Апроч таго, што было лячэнне і шмат усяго таго, што суправаджала гэтае лячэнне, стала зразумелым, што вельмі простыя рэчы складаюць тканіну жыцця. Для мяне гэта сталася адкрыццём. Дзякуючы гэтаму я не проста ўбачыла простыя рэчы зусім з іншага боку, я проста ўбачыла свет, які мяне акружае. Што ёсць сонейка, якое заходзіць і ўсходзіць, якое можа радаваць, але можа і спаліць. Ёсць дождж, ёсць снег… Усё гэта ёсць і ўсё гэта радасць, усё гэта тканіна жыцця. І менавіта гэта перавярнула маё жыццё, як бы зрабіла такі паварот, такі рывок, што калі прыйшоў праз 14 гадоў рак малочнай залозы, а потым праз 9 – рак шчытападобнай, яны ўжо ўспрымаліся як частка жыцця. Значыць, так трэба. І ўжо не было таго шоку, які быў пасля першага анкадыягназу. Тады было як разбурэнне падчас землятрусу, калі каменны будынак, які, здаецца, стаіць прочна, але штуршок – і яго няма. Такім было маё жыццё ў той момант.
Ці была я расчавана? Я так і не скончыла аспірантуру, я вымушана была сысці са школы, таму што цяжка было гаварыць некалькі гадоў пасля хваробы, я не выйшла замуж… Падаецца, жыццё рухнула, але я вельмі ўдзячна, што так адбылося, таму што я пачала жыць, па-сапраўднаму жыць менавіта пасля хваробы, таму што адчула гэты смак простых рэчаў: простай падтрымкі, простай усмешкі, простага світання… Стала зразумелым, што жыццё мы ўскладняем самі, і мітусню, у якой жывём, мы ствараем самі. І я вельмі рада, што вось гэта нанасное сышло і засталося толькі сапраўднае.
Ці накрывалі вас негатыўныя эмоцыі падчас хваробы?
Я думаю, што няма тых людзей, у якіх няма негатыўных эмоцыяў падчас лячэння, падчас аднаўлення. Калі ўзяць усе тры хваробы, то кожная мела свае цяжкасці. Падчас першай хваробы ад апраменьвання немагчыма было есці. Што ні возьмеш у рот, усё гарыць. Для мяне гэта было настолькі дзіўна! Банан, ведаючы яго смак, не магла праглынуць, усё гарэла, як быццам самы востры перац быў у роце. Я памятаю гэта дасюль. Тады быў фактычна адзіны смак. Я ніколі не думала, што так немагчыма будзе есці чалавеку. Падчас другой хваробы само комплекснае лячэнне рака малочнай залозы, асабліва хіміятэрапія, — не простая рэч, якую трэба прайсці. Падчас трэццяй хваробы вельмі шмат негатыву было з-за левастаронняга парэзу, калі выдалялі шчытападобную залозу, з-за якога я страціла голас. Голас з’яўляўся літаральна на хвілінку і сам знікаў. І для мяне, для чалавека, які падчас другой хваробы ўзяў гітару ў рукі, пачаў трошку спяваць, я проста не разумела, як я буду жыць?!? Мне так хацелася пець! Магчыма, ад таго, што я хацела спяваць, у мяне хапіла сіл на 2 месяцы штодзённай трэніроўкі, па 12 разоў на дзень, калі прыходзілася рабіць усе практыкаванні, якія фаніатр казала. І дзякуй Богу, голас аднавіўся, хай не той, які быў раней, але тым не меньш я магу размаўляць пэўны час і спяваць калі-нікалі. Усё гэта выклікала негатыўныя эмоцыі.
Але калі праходзіць час, гэта забываецца. А ўзгадваецца доктар, твой хірург, які можа ісці па калідоры, паглядзець на цябе і запытацца “А чаму ты не ўсміхаешся?”. І так цёпла на душы. Калі твае сябры сварацца на цябе, чаму я адмаўляюся ад машыны, якую яны спецыяльна для мяне арганізавалі, каб я штодня на працягу месяца ездзіла на апраменьванне. Мама, якая на снядак, абед і вячэру рабіла мне розныя стравы, таму што ведала, як я харчуюся. І столькі было клопату пра мяне ад людзей, ад якіх я нават не чакала, што ўсё тое, што было негатывам, проста закрылася тым пазітывам, значна большым, які здарыўся падчас лячэння. І таму я вельмі ўдзячна сваёй маме, якоя ўжо няма са мной, сваім сябрам, блізкім і калегам, якія клапаціліся штодня пра мяне. Пасля аперацыі на малочнай залозе мне тэлефанавалі па 30 чалавек на дзень. І я памятаю, як я стамлялася адказваць на адное і тое ж пытанне “Як справы?”, што у мяне ўсё добра. Нават язык балеў. Я можа і злавалася, але прачыналася раніцай і прымала новыя званкі, новы клопат. І гэта тое, што выкрэсліла той негатыў, які быў. Канешне, гэта патрабавала шмат якіх высілкаў.
Я часта чую ў свой бок, што я такая моцная і злуюся, бо гэта не так. Усе мы слабыя і грэшныя людзі. Але ці ў цябе ёсць жаданне змагацца за сваё жыццё, ці няма. Толькі ў гэтым розніца. Каб змагацца за жыццё, патрэбна матывацыя. І калі яна ёсць, чалавек будзе змагацца, нават калі ён лічыць, што ён слабы. Чалавек не ведае, на што ён здольны, калі ў яго жыццё прыходзіць выпрабаванне, асабліва анкалагічны дыягназ, калі гарантый ніхто не дае. І шмат залежыць ад таго, ёсць у цябе жаданне жыць ці няма. А жаданне жыць для мяне залежала ад тых людзей, якія былі вакол мяне. Гэта мая мама, мае сябры, мая любімая справа, якая памянялася, але тым не меньш. І гэта тыя кропкі апоры, якія даюць табе сілы і моц рухацца і 12 разоў на дзень рабіць практыкаванні, каб загаварыць.
Пра што вы марыце?
У мяне дзве мары: метафізічная і зямная. Маё жыццё і галоўная дапамога, і апора, і сэнс – гэта Бог. Я верніца. Калі штодня я малюся Богу, я дзякую Яму за тое, што бачу гэты свет… Я памятаю, як у свой час мяне ўразіла гісторыя дзяцей Адама і Евы. Першы сын, якога звалі Каін, і другі сын Авель. Што мяне ўразіла? Ёсць два браты, магчыма, яны жывуць у адной комнаце, разам гадуюцца, ведаюць, што ёсць Бог. Але адзін вырашыў, што ён такі ж вялікі як Бог, а другі мае любоў да Бога і разумее, што ён грэшны чалавек. І вось гэтыя два чалавекі прыносяць свае дары ад сваёй працы, і Бог прымае дары Авеля, таму што бачыць яго шчырае сэрца і што Авель любіць Яго, наколькі можа любіць слабы і грэшны чалавек. І не прымае дары Каіна. Але Каін не запытвае ў Бога “Што я раблю не так, дай розуму зразумець”, а проста бярэ і забівае свайго роднага брата. З-за зайдрасці, з-за рэўнасці, з-за гардыні. Таму што ён вырашыў, што ён вышэй за Бога. І мая мара – каб Гасподзь не зачыніў мне вочы і каб я заўсёды памятала, які чалавек павінен для мяне быць аўтарытэтам.
А калі браць зямную мару – гэта стварэнне рэабілітацыйнага цэнтру, аб чым мы марылі, калі стваралі арганізацыю. Каб любы анкапацыент з любой анкапаталогіяй мог атрымаць там псіхалагічную, фізічную, душэўную, кулінарную падтрымку пасля таго, як закончылася лячэнне. Для мяне вельмі важна кулінарная, таму што я апошнім годам захапілася нацыянальнай гістарычнай кухняй і бачу, наколькі, калі правільна ўсё прадумаць, наша гістарычная кухня здаровая. І я б хацела быць начальнікам такога кулінарнага аддзелу ў нашым рэабілітацыйным цэнтры. Я разумею, што гэтага можа не быць пры маім жыцці, але тое, што я раблю, і тыя, хто побач са мной, мы закладваем той падмурак, каб тыя, хто ідзе за намі, не пачыналі гэтую справу з нуля, каб яны працягнулі нашы напрацоўкі.
P.S. Пасля размовы яе ўдзельнікі частаваліся Яблычным дэсертам, Збітнем і Апельсінавымі цукатамі.
Гатуйце. Вельмі смачна!