Гісторыя медыцыны ў XIX стагоддзі

шэф-кухар Алена МІКУЛЬЧЫК
Фота Вольгі Акуліч

Кулінарнае падарожжа ў XIХ стагоддзе, якое адбылося на пачатку лета, ўсіх удзельнікаў імпрэзы пазнаёміла з арыгінальнасцю і выразнасцю арыстакратычнай шляхецкай кухні.

Як высветлілася з аповядаў нязменнага гіда, гісторыка кулінарыі, знаўцы беларускай кухні, шэф-кухара Алены МІКУЛЬЧЫК, нашы суседзі амаль да таго часу называлі беларусаў паміж сабой бацвіннікамі ці бацвіняжамі. Гэта таму, што ў нашай кухні было папулярна бацвінне бурака, а ў Кароне (Польшчы) ужывалі сам караняплод.  Нашы продкі елі бацвінне не толькі ў сезон, яго  квасілі, салілі, марынавалі на зіму… І да гэтай пары беларуская кухня ведае шмат страваў, хаця б халаднік з бацвіння, які ні з чым не параўнаеш.

Праз стагоддзі мянушка пачала забывацца, бо мы ўсё больш пачалі ўжываць корань, і нас пачалі дражніць …буракамі. І мянушка “бацвіняжы”, альбо “буракі”, папярэднічала нашай цяперашняй мянушцы “бульбашы”. Відаць, сімвалізм гэтага караняплода адчуваў і Францішак Багушэвіч, бацька беларускай літаратуры, які нарадзіўся ў ХІХ стагоддзі і выдаў славутую “Дудку беларускую”, з якой пачалася беларуская літаратура і дзе былі выкладзеныя галоўныя тэзы нашай нацыянальнай ідэі, пра мову, пра тое, кім мы ёсць, пад псеўданімам — Мацей Бурачок. Калі мы разрэжам бурак, то ўбачым ўсярэдзіне вельмі насычаны цёмна-чырвоны колер ці больш дакладна кажучы – кармазіновы колер, і багатая шляхта, якая некалькі стагоддзяў аддавала яму перавагу,так і называлася — шляхта кармазіновая.

Што тычыцца медыцыны, то ў ХІХ стагоддзі там адбываліся вялікія змены. Яна канчаткова аформілася як навука, якая абапіраецца на доказы і практыку і выключае містычны складнік. У гэты час бурна развіваецца анатомія, фізіялогія, санітарна-гігіенічная галіна і іншыя. Дзякуючы поспехам у дыягностыцы і лячэнні пра шмат якія хваробы практычна забылі. Вырасла сярэдняя працягласць жыцця.

Адбыўся пераварот у хірургіі. Сярод выбітных еўрапейскіх медыкаў-хірургаў стаіць імя Фрэдэрыка Тэадора Эме, прыдворнага лекара яркіх прадстаўнікоў кармазіновай шляхты князёў Радзівілаў, фактычнага заснавальніка хірургічнай і уралагічнай навукі ў Беларусі. Да нашай пары захаваліся апісанні дзвюх аперацый, якія ён зрабіў: адну – па выдаленні з малочнай залозы лістападобнай пухліны, якая важыла 3 кг 700 г,  другую — па выдаленні камянёў урэтры, якія выклікаюць гангрэнізацыю машонкі.

Фота Вольгі Акуліч

Стравы, якія гатавалі ўдзельнікі  кулінарнага падарожжа ў чэрвені 22-га года дваццаць першага стагоддзя, узмацнілі ўражанне ад далёкага дзевятнаццатага, бо вельмі вытанчана і павабна акрамя бацвіння атрымалася прыгатаваць курыцу з яблыкамі і чорнай сліўкай і на дэсерт грушу па-радзівілаўску з вінным мусам. Ведалі нашы продкі, як умацаваць сваё цела і парадаваць душу. І нам перадалі. А мы, дзякуючы адаптацыі шэф-кухара Алены Мікульчык, можам карыстацца нашай спадчынай. Сыць Божа, шаноўнае панства!

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.