Галіна Мішына, 20 гадоў пасля анкадыягназу. Жыццё без страўніка

Текст на русском языке ЗДЕСЬ.

Як ты даведалася дыягназ?

Фота Алега Мішына

— Я працавала прадаўцом у краме і ў мяне пачалася частая пякотка. У той час у многіх маіх калегаў яна была. І мы стараліся піць мінералачку, каб неяк яе згасіць. Пякотка была ў мяне нядоўга, дзесьці каля паўгады. Мы паміж сабой абмяркоўвалі, што рабіць. Трэба было схадзіць зрабіць зонд (фібрагастрадуадэнаскапія або скарочана ФГДС). А мне заўсёды няма калі. Праца, маленькія дзеці, па бальніцах асабліва не паходзіш, ды і ўвесь час чакаеш, а раптам заўтра пройдзе само.

Аднойчы мяне дырэктар адправіў з дакументамі ў вышэйстаячую арганізацыю, я ішла міма паліклінікі і падумала, што паспрабую трапіць да тэрапеўта, раптам да яго нікога цяпер няма. У той час трэба было ў чэргах за талонамі стаяць, іх не хапала, дамагацца дадатковых… Калі я зайшла ў паліклініку, да тэрапеўта ня было ніводнага чалавека. Лекар мяне прыняла, выслухала і запісала ў чаргу на зонд. У нас у той час тут, у Клічаве, ужо рабілі на месцы. Лекар быў кваліфікаваны.

Я зрабіла зонд, але лекарцы не спадабаліся вынікі, і яна накіравала мяне ў Магілёў на біяпсію. Трэба — значыцца трэба. Запісалася на прыём і паехала. Але нядобрае прадчуванне ў мяне ўжо з’явілася. Чаму маіх калегаў па працы, якім зрабілі такі ж зонд, нікуды не накіравалі, а толькі мяне?

У Магілёве пасля ФГДС лекар адразу мне сказаў, што біяпсія будзе гатовая праз два тыдні, але ён ужо бачыць, што там ня ўсё добра.

Я вярталася дадому ўжо ў нейкім такім затуманеным стане … Усю дарогу пракручвала ў галаве словы лекара. Нібыта што рак не сказаў, але сказаў, што вялікія праблемы ёсць. Калі я патэлефанавала праз два тыдні, мне сказалі: «Прыязджайце на аперацыю. У вас анкалогія».

Ты часта хварэла да анкадыягназу?

— У мяне заўсёды быў здаровы арганізм. Я з дзяцінства да сваіх 32-х гадоў ніколі не хварэла. У мяне нават прастудных захворванняў не было. Памятаю, як у школе заўсёды хтосьці хварэў і не хадзіў у школу. Я зайздросціла, нават прыдумляла, што ў мяне баліць горла. Так старанна рабіла перад мамай выгляд, што мне дрэнна, каб не хадзіць пару-тройку дзён у  школу. Адзінае, я толькі нядаўна даведалася, што ў 3 гады ў мяне было запаленне лёгкіх.

Як ты вырашылася на поўнае выдаленне страўніка?

— Калі мяне шпіталізавалі, мой хірург, прафесар Буднік Анатоль Аляксеевіч, як цяпер яго памятаю, такі строгі лекар быў, перад аперацыяй гаварыў са мной і я яго слёзна прасіла, каб хоць кропельку страўніка пакінуць. Я тады наогул не разумела, як можна выдаліць ўвесь страўнік і жыць потым. Прафесар адказаў, што спадзяецца частку пакінуць, але гарантый не дае.

Мае страхі паменшыла бабулька, з якой я ішла ў адзін час на аперацыю, зусім маленькая яна была, мне па плячо. Аперацыйная была вялікая, адначасова некалькім пацыентам рабілі аперацыі. Мы сядзім, чакаем, калі паклічуць, а яна наўзрыд плача, проста заліваецца слязьмі не спыняючыся. Я спрабую яе супакоіць, размаўляю з ёй, яна мне нешта кажа, а я ні слова не разумею. Нават перапытала: «Вы беларуска? Чаму я вас зразумець не магу?». Яна была з Палесся, у іх свой гоман, як я цяпер ужо ведаю. У рэшце рэшт атрымалася трошкі пагаварыць. І я зразумела, што ёй робяць аперацыю ў другі раз. У першы ёй выдалілі частку страўніка, было чыстым ложа пухліны, а цяпер будуць выдаляць усё, таму што працэс пайшоў далей. І вось тады я задумалася, а што ж лепш: каб мне выдалілі ўсё або каб частку пакінулі?

Калі прачнулася пасля аперацыі, лекар паведаміў, што выдалілі ўсё, таму што пухліна была ў такім месцы, што нельга было наогул нічога пакінуць. На маё пытанне «А як я буду далей жыць?» лекар засмяяўся і сказаў: «Нармальна будзеш жыць. І будзеш усё есці. І нават можна будзе і віна выпіць».

Калі я ехала на лячэнне, важыла 70 кг, а пасля 5 сеансаў апраменьвання і аперацыі, дзесьці праз два тыдні я ўстала на шалі і не магу зразумець: на вагах 50 кг. Гляджу ў люстэрка, што ў фас, што ў профіль – дошка, нічога няма. Мне стала страшна.

Потым прааналізавала, як я жыла гэтыя два пасляаперацыйных тыдні і трошкі супакоілася. Я ж практычна ня ела. Усё, што не брала ў рот, не магла праглынуць. Ежа захрасала ў горле, і я яе вымушана была сплёўваць. Таму і стала 50 кг.

Вельмі хвалявалася, як я буду дома жыць. І калі выпісвалася, спытала ў лекара: «А што ж я буду рабіць дома?». Ён мне распавёў пра свайго пацыента, які жыве ўжо 20 гадоў пасля такой жа аперацыі, кожны год прыязджае да яго з рыбай, таму што рыбак, і часам папівае гарэлачку. Я спытала ў лекара, ці правільна я яго зразумела, што я змагу ўсё ёсці? Лекар пацвердзіў: «Усё будзеш есці. Маленькімі порцыямі, не шкоднае для здароўя. Галоўнае — трэба ёсць усё. Калі ты перастанеш нешта есці, то варсінкі кішачніка перастануць ўспрымаць тую ежу, якую ты доўгі час не будзеш есці. Таму прыедзеш дадому і еш ўсё».

Гэта добра, што мяне падкормлівала тая лекарка, што мяне лячыла. Я сталоўскую ежу наогул не магла есці, яе рыхтавалі ўсім аднолькава, ежа была густая, праглынуць было немагчыма. І лекарка часта прыносіла мне, паколькі ў Мінску ў мяне нікога не было з блізкіх, вадзенькае-вадзенькае. Гэта я магла есці. Па крыху-па крыху.

А аднойчы мая лекарка ўбачыла, што я ем марозіва. Яна вельмі моцна здзівілася. Я ёй патлумачыла, што вельмі хацела есці. «І ў вас няма пякоткі? Малочнае з салодкага малачка вам непажадана, таму што падстраўнікавая залоза не ўспрымае. Толькі кісламалочныя прадукты. Але калі вам нармальна, то, вядома, ешце. Наогул, што можаце, то і ешце». І я стала звяртаць увагу на малочныя прадукты. Салодкае малако мне і цяпер нармальна, а ад кісламалочных прадуктаў у мяне пякотка. І дагэтуль кефір не магу піць.

Адзінае, я не магу есці на ноч. Напрыклад, сыр. Я наогул яго толькі раніцай магу без наступстваў для сябе з’есці, на працягу дня ўжо не.

Перад самай выпіскай у мяне ўзялі аналізы, і там быў высокі білірубін. Лекар сказаў, што,

напэўна, будуць рабіць хіміятэрапію. Я запанікавала, таму што хіміі баялася больш за ўсё. Але прафесар, які мяне аперыраваў, адказаў, што ніякай хіміі рабіць не будуць: «Я ўпэўнены, што выдалілі ўсё». Як ён мне патлумачыў, білірубін падскочыў праз тое, што арганізму не хапае тлушчаў. Таму ён наказаў мне па прыездзе дадому пачаць есці патрошку тлустае, і ўсё адновіцца. І ў выніку, ён меў рацыю.

Напэўна, былі праблемы пасля заканчэння лячэння?

Фота Алега Мішына

— У першы год-два пасля аперацыі, пакуль я не магла ўсё есці, метадам спроб і памылак знаходзіла, што мне падыходзіць, а што не. У кожнага чалавека ёсць агульная асаблівасць -калі выдаляюць страўнікі, выдаляюць і перагародку (сфінктар), ад чаго, асабліва па начах, ідзе закід жоўці. Да гэтага немагчыма прывыкнуць. Прыйшлося паўседзячы спаць. Днём ходзіш, усё нармальна. Але калі паела і захацела прылегчы, як звычайна, на ложак, то гэта немагчыма было —  ідзе выкід жоўці і ўвесь час пякотка. Часам я нават спала седзячы за сталом.

І вось гэтая пастаянная пякотка проста вымотвала. А мне вельмі хацелася садавіны. Я купляла сабе шмат усяго і спрабавала кожную. І адзін раз я заўважыла, што калі з’ядаю яблык, у мяне пякотка знікае. Але яблык толькі салодкі, ня кіслы. І я стала на ноч наразаць сабе яблык на долькі і ставіць каля ложка. І як толькі пякотка пачынаецца, я кавалачак яблыка з’ядаю, і яна ў мяне адразу знікае. І вось усе гэтыя 20 гадоў я сплю з яблыкамі.

І ўсе гэтыя 20 гадоў я штогод раблю зонд. Калі я сказала лекару, да якога прыязджаю на працэдуру, што мне салодкі яблык дапамагае справіцца з пякоткай, ён вельмі здзівіўся.  Нібыта павінна быць наадварот. Але вось у мяне такая мая асаблівасць. Лекар прапаноўваў мне піць Рэні, Гастал, але мне яны не падышлі. Таксама і днём, калі пераядаю або ягады з’ем без цукру, ці нешта не тое з’ем, калі ўзнікае пякотка, яблык ратуе.

Здараліся праблемы ў рэмісіі?

— З 2014 года ў мяне ў роце сталі з’яўляцца пачырваненні. Усё чырванела і балела: шчокі, язык, дзясны. Але неяк перыядычна ўсё гэта ўзнікала. З’явіцца раптоўна і таксама раптам пройдзе. І я, лечачы ў нефралогіі ныркі — а з імі ў мяне з’явіліся праблемы пасля аперацыі на страўніку — сказала лекарцы, што са мной вось такі непарадак. Лекарка паглядзела і сказала, што ўсё ў парадку, што не трэба надумваць сабе хваробу. Я нават трошкі пакрыўдзілася на яе. Хоць лекарка добрая, яна мяне шмат гадоў вяла ў рэабілітацыі, з усімі пабочнымі эфектамі. Калі ўпаў гемаглабін да 70, прызначыла пераліванне крыві. А тут неяк абгарнула мяне, не прызначыла агляд ЛОР-лекара. Ёй здалося несур’ёзнай мая праблема.

Я стала за сабой назіраць, каб зразумець, ад чаго ў мяне такое хваравітае пачырваненне. Не зразумела. А ў мінулым годзе проста прыпякло вельмі моцна. Боль стала мацней, часцей, павольна аднаўляўся арганізм. Але зноў жа ўсё было непрагназуема: незразумела, калі высыпле, незразумела, калі пачне сціхаць. Калі ўжо стала зусім дрэнна —  не магла есці, летам не змагла з’есці ніводнай ягады з агарода, ні з цукрам, ні без цукру, я зразумела, што гэта катастрофа.

З чаго ж пачынаць? Пачала з ЛОРа ў нашай паліклініцы. Ён паглядзеў і сказаў, што гэта ня іхні профіль, трэба ісці да стаматолага. Мясцовы стаматолаг выпісала мне мазь. Калі я яе намазала, то шукала пяты кут, такое моцнае паленне здарылася. Я вярнулася да стаматолага, яна прапанавала паласкаць рамонкам. Месяц намаганняў ні да чаго не прывёў. Паехала да стаматолага ў Магілёў. Там малады лекар сказаў, што трэба здаць на алергію, таму што каронкі з рознага матэрыялу, хутчэй за ўсё ў гэтым прычына. Я здала ў Мінску ў 10-й клініцы ўсе аналізы. Аказалася, ніякай алергіі няма. Давялося шмат усяго прайсці, каб знайсці прычыну: вызначылася, што ў мяне проста не хапае вітаміна В-12. Аказваецца, людзям з выдаленым страўнікам трэба пажыццёва кантраляваць гэты В-12. Але пра гэта мне ніхто з лекараў ні разу не сказаў.

Паўгады я п’ю гэты вітамін В-12. Ужо стала спаць. Сама не веру, што сплю ў ложку, лежачы выпраставана, а не седзячы, галава — на падушцы. У мяне іх дзве. Знікла пякотка. Толькі калі пераем ці нешта не тое з’ем з’яўляецца.

Я не ведаю, ад прыёму вітаміна В-12 ці яшчэ ад чаго такія станоўчыя зрухі. Магчыма, таму што я перастала піць Амез. Калі я праходзіла ў стацыянары рэабілітацыю, мне лекарка-рэабілітолаг ўвесь час выпісвала Амез. 2 разы на дзень я яго піла, знаходзячыся ў стацыянары, і 1 раз у дзень дома. Лекар мне сказала, што яго можна піць праз увесь час, каб нейтралізаваць пякотку. Лекар пераканала мяне, што можна без перапынку піць, таму што, маўляў, Амез — гэта цалкам бяскрыўдны лек. А калі мяне дасталі пачырваненні і боль, я стала ўважліва чытаць пра гэты Амез, то прачытала, што калі гэты лек нейтралізуе кіслату, ён блакуе ўсмоктванне В-12. І я перастала піць Амез. І мне нармальна.

З часам я выпрацавала свой рэжым харчавання. Я ведаю, што мне нельга есці ўвечары наогул, сыр можна есці толькі раніцай. Узімку нельга піць гарбату на ноч, інакш не сплю. Улетку няма такога. Люблю салодкае малако і марозіва, з кісламалочнымі не сябрую, ад іх пякотка, кефір ўсе гэтыя 20 гадоў не п’ю зусім.

Уся сям’я таксама перабудавалася і ўжо прывыкла, што ў нас штодня каша па раніцах, суп на абед і ўсё гарачае толькі запякаецца-тушыцца. Смажу вельмі рэдка. Толькі калі мне вельмі моцна захочацца сала смажанага. Пасля яго ў мяне моцная пякотка. Але я не магу сабе адмовіць раз у месяцы  пасмажыць яго і з’есці.

Ты закрылася пасля анкадыягнозу?

— Я ніколі ні ад каго не хавала дыягназ. Бацькі даведаліся вельмі своеасабліва. Мы з сынам ехалі да іх на ровары, я хацела ім сказаць, што хворая. За намі ўвязаўся сабака, чапляўся за ногі сына, і ўкусіў ў выніку. І калі мы прыехалі, я была зусім засмучаная, што і са мной праблемы, і сына ўкусіў сабака. Кажу: «Мама, сына пакусаў сабака, і ў мяне анкалогія». Усе ў разгубленасці, а я плачу-плачу.

Усе неяк у сабе трымалі эмоцыі, ніхто не супакойваў, не шкадаваў, якая я бедненькая ці што такое. І я не хацела, каб мяне шкадавалі. Мне толькі хацелася, каб мяне проста абнялі і сказалі, што ўсё будзе добра. Але я гэтага не дачакалася, на жаль. Я, можна сказаць, сама сябе ратую.

І чым ты сама сябе ратуеш?

Фота Алега Мішына

— Жаданне гадаваць кветкі ў мяне было з дзяцінства. Да замужжа, яшчэ калі ў мамы жыла, у нас было тры кусты руж. Я за імі так даглядала, так іх песціла! У той час не было яшчэ кветнікаў, насення кветак нідзе нельга было купіць. Тыя ружы з’явіліся ў мамы, таму што брат служыў у Маскве і адтуль неяк прывёз. І я заўсёды марыла, што ў мяне будзе свой сад, будзе шмат усяго прыгожага. А потым пачалі часопісы розныя з’яўляцца. Я памятаю такі тоўсты часопіс «Мой цудоўны сад», там упершыню ўбачыла ёлкі, сажалкі на ўчастку.

Прыгажосць!

Я ўжо была замужам, мы мелі свой дом. Я марыла пра прыгажосць. Але я тады працавала ў банку. А там наогул праца была да ночы, пакуль усе лічбы звядзеш, зробіш справаздачы. Прыходзіла дадому позна. Потым нарадзіліся дзеці. Каб паспяваць клапаціцца пра сям’ю, перайшла працаваць у краму, там было спакайней. Але часу навесці прыгажосць у садзе ўсё роўна не было. І калі вярнулася пасля лячэння, я дала сабе зарок, што цяпер буду займацца кветкамі, бо я гэтага вельмі хачу.

Мы абмеркавалі ўсё з мужам, дамовіліся, што агарод будзе невялікі. І ўжо ў сярэдзіне лета мы з сынам выкапалі сажалку. Так замест грады бульбы ў нас з’явіліся кветкі і сажалка.

Сажалка — гэта быў пачатак, а потым пайшло. І паступова, паступова сад стаў напаўняцца. Але была праблема з насеннем: іх было не купіць. У мяне была калега, яна і цяпер у вёсцы побач жыве, якая за ўсім за гэтым ездзіла ў Мінск. Аднойчы я напрасілася з ёй. У яе ў той час у двары ўжо была такая прыгажосць… Елкі, сажалка … Я паехала з ёй і набыла шмат розных саджанцаў, кветак. Нешта прынялося, нешта не прынялося.

А ў 2007 годзе я напрасілася ў паездку ў Польшчу са сваёй сяброўкай. У яе таксама быў вельмі прыгожы двор. Мы адкрылі візу і разам паехалі ў Польшчу. У нас 20 гадоў таму немагчыма было купіць петуніі! І практычна палова ўсяго, што расце на маім двары, я прывезла адтуль.

Цяпер я стала многія расліны разводзіць сама. Усяму навучылася па інтэрнэце. У мяне ёсць гадавальнічак маленькі, дзе я ўсё разгадоўваю. Першыя туі ў мяне з Польшчы, а ўсе астатнія – гэта ўжо мае саджанцы.

Газонную траву я таксама прывезла з Польшчы. Калі я гэтую траву пасадзіла, і яна маленькая вырасла, у ёй было столькі пустазелля! У два разы больш, чым травы. І мы з дачкой усю гэтую тэрыторыю ўручную палолі. Я ж не ведала, што калі рэгулярна косіш, трава выцясняе пустазелле. Тады яшчэ Інтэрнэту ў мяне не было, каб даведацца, як правільна даглядаць. Дачка была маленькая. Раз мама просіць дапамагчы, не адмаўлялася.

Сад твая галоўная крыніца сілы?

Фота Алега Мішына

— Нават можна сказаць — на 100%. Асабліва цяпер, калі ён стаў такім дагледжаным, прыгожым. Я ж калі раніцай падымаюся, то адразу іду ў агарод. Мне здаецца, я прабегла па ім і адразу зарадзілася энэргіяй. У мяне гэта з дзяцінства. Я ўбачу прыгожае —  і не магу адарваць вачэй. Гэта дар звыш — люблю ўсё натуральнае і прыгожае.

Пра што ты марыш?

— Усе мае мары, пра якія я думала з дзяцінства, увогуле, спраўдзіліся. Я калісьці марыла мець свой дом — ён у мяне ёсць. Вельмі марыла выйсці замуж за свайго мужа — выйшла. Потым я вельмі марыла, каб у мяне былі дзеці — дзяўчынка і хлопчык — яны ў мяне ёсць. Марыла пра свой сад — ён у мяне таксама ёсць. Зараз елкі навучуся стрыгчы. У мяне задача — усе іх падстрыгчы. Я ўжо наглядзелася ў Інтэрнэце. У мяне гэта атрымаецца.

Цяпер я мару, каб мая мама пажыла як мага даўжэй, і каб усё ў сям’і было добра. Самае галоўнае – каб усе былі здаровыя.

Пажаданні хворым, настаўленне здаровым

— Вось зрабілі вам аперацыю, вы прыязджаеце дадому. Можа так здарыцца, што не будзе падтрымкі дома. Не трэба ўпадаць у паніку, а трэба сесці і падумаць, якія свае асабістыя мары вы хочаце рэалізаваць.

А здаровых хачу натхніць на абследаванні. Ніхто не ведае, што ў нас унутры. Таму трэба абследавацца, раз у год можна зрабіць зонд, УГД і здаць аналізы. І займацца любімай справай.

P.S. Пасля заканчэння гутаркі яе ўдзельнікі дэгуставалі хатнія Класічныя дранікі па сямейным рэцэпце Галіны Мішынай і гістарычны Селядзец пад мядова-гарчычнай запраўкай у адаптацыі шэф-кухара, гісторыка кулінарыі Алены Мікульчык.

Дзякуем Веры Лебядзеўскай за пераклад размовы на беларускую мову.

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.