“Для мяне два Святы ёсць на свеце: Гэта Новы год і Кожны дзень!”

Георгій Ліхтаровіч, фотамастак і паэт, сябра Экспертнай групы па пасткроссінгу і ўдзельнік фотавыставы «Са-тварэнне» у рамках Эстафеты «У імя жыцця»

Фотамастак і паэт, сябра Экспертнай групы па пасткроссінгу і ўдзельнік фотавыставы «Са-тварэнне»
ГЕОРГІЙ ЛІХТАРОВІЧ.
Здымак Яўгена Колчава.

Георгій, распавядзіце пра сябе.

– Я пасляваеннай выпечкі чалавек – нарадзіўся ў 1947 годзе. Першыя гады жыцця правёў фактычна ў вёсцы, але ў Мінску: мае бацькі здымалі пакой на вуліцы Дабралюбава, якая была за Камароўкай. Калі я вучыўся ў чацьвёртым класе, мой бацька, мастак, атрымаў кватэру на вуліцы Захарава (зараз частка яе стала Кісялёва) каля Круглай плошчы, якая цяпер завецца плошчай Перамогі.

Здымаць я пачаў класе ў восьмым-дзевятым. Аднойчы мы з бацькам паехалі ў вандроўку па Налібоцкай пушчы, узялі з сабой яго фотаапарат. Ён тады здымаў першы раз, а я ўжо нешта петрыў у фота. Але калі надрукавалі здымкі, атрымалася, што бацькавыя здымкі былі лепшымі за мае. Я раззлаваўся – як гэта так! Потым да мяне дайшло, што ён жа мастак, таму ведае кампазіцыю, святло, а я – аматар. Засеў за кніжкі: пачаў вывучаць фатаграфію. Памятую, кніжкі тады былі ў страшэнным дэфіцыце.

Паціху сам нечаму вучыўся. Потым дапамагло тэлебачанне, дзе з яшчэ некалькімі хлопцамі са школы мы рабілі перадачу “Вясёлая гасціная” і працавалі ў клубе “Юный патриот”, у якім адшуквалі невядомыя эпізоды і герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля школы я нікуды не паступаў: не было мэты аб канрэтнай прафесіі, а бацькі далі мне вольніцу. Я разумеў, што трэба шукаць працу. І аднойчы, ідучы ў кіно, спыніўся каля дошкі аб’яў. Чытаю: “Мінскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў патрабуюцца асістэнты кінааператара: людзі з сярэдняй адукацыяй і знаёмыя з фатаграфіяй”. Гэта ж пра мяне было напісана! Пайшоў. Мяне прынялі. Так да войска праслужыў асістэнтам аператара.

Пасля служыў у Печах, там таксама здымаў і ўжо стаў публікавацца ў прэсе. А пасля войска  працаваў фатографам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук.

Важна для мяне тое, што на розных этапах жыцця мне сустракаліся цікавыя людзі. Напрыклад, у Інстытуце мастацтвазнаўства на працу мяне прымаў Пятро Глебка, які быў у той час дырэктарам інстытута. Там жа пашанцавала  пазнаёміцца з Уладзімірам Караткевічам. Яго жонка працавала ў сектары Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

У свой час давялося працаваць над першым часопісам Дома мод, потым два гады ў газеце “Голас радзімы”.

Але газеты, часопісы – гэта ўсё часовае. Мяне ж вабіў колер, хацелася, каб праца заставалася ў кніжках. Тады адзінае сур’ёзнае месца, дзе патрабаваліся каляровыя фотаздымкі, было выдавецтва “Беларусь”. Яно выдавала асноўныя альбомы, плакаты, буклеты, паштоўкі. Стаў туды стукацца, прыносіць першыя слайды. Там пазнаёміўся з адным хлопцам, лічы калегай, пасябравалі. Аднойчы селі, пачухалі патыліцы: колькі патрэбна часу, каб нам купіць хаця б адзін “Салют” з оптыкай на дваіх. Падлічылі, што гэта амаль нерэальна. Вырашылі: калі мы працуем на дзяржаву, хай яна паклапоціцца аб тэхніцы. Хадзілі да старшыні Камітэту па друку з просьбай выдзеліць дзесяць тысяч інвалютных рублёў на імпартную тэхніку. Нам спачатку адмовілі, але прапанавалі прынесці праект вытворчасці, якая б забяспечыла патрэбы ўсіх выдавецтваў ў фатаграфіі. Мы і прынеслі – праект фотастудыі. Атрымалі грошы, закупілі сапраўдную тэхніку, фотаматэрыялы. Так упершыню ў краіне з’явілася стужка Kodak. І пачалі працаваць. Праходзілі першыя каляровыя фотавыстаўкі, выдаваліся добрыя фотаальбомы. Былі заказы нават з іншых рэспублік. Міжвыдавецкі фотацэнтр праіснаваў да пачатку дзевяностых…

З таго ж часу я – вольны фотамастак.

“Вокны”. Здымак Георгія Ліхтаровіча

 У Вас ёсць серыя “Вокны”, у якую ўваходзіць некалькі тысяч здымкаў. Чым і чаму яны Вас так зацікавілі?

– Сапраўды, цікавая рэч. Я ў свой час бачыў нейкія вокны, якія мне хацелася здымаць, а некаторыя і здымаў, яшчэ на стужку. Але тады ж не было такой вольніцы, якую дае лічба. Аднойчы я набыў новы аб’ектыў і вырашыў яго апрабаваць – з ўласный фортачкі зняў будыніну банка. Быў вечар, дамы падсвечвала цёплае святло і яны адбіваліся ў люстраных вокнах. У кожным – свая выява. Атрымаўся вечаровы вернісаж. Гэта паслужыла штуршком, і я пачаў дастаткова планамерна ўзірацца ў адлюстраванні і формы вокнаў. Так нарадзілася гэтая серыя. Спачатку яна была ў пэўнай ступені забавай для Фэйсбука, а потым дайшла справа і да выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Вы ж яшчэ і паэт. Як пачалася гэтая творчасць?

– Калі пачаліся размовы, што беларуская мова – бедная, мне стала крыўдна і нешта пачало пісацца на той самай “нічога не вартай” беларускай мове. А потым у 1999 годзе з’явілася магчымасць выдаць мой фотаальбом “Добры дзень, Беларусь”. І фактычна калі макет быў амаль гатовы, я адчуў, што ў ім не хапае вершаў. Хацеў звярнуцца да Рыгора Барадуліна, але ўспомніў, што быў у свой час альбом Валянціна Ждановіча ў такім фармаце. Вырашыў паспрабаваць нешта сам. Але панёс да Рыгора Іванавіча з адным пытаннем:”Вершы ці не?”.

І што сказаў дзядзька Рыгор?

– Тэлефануе праз дзень і кажа: “Ведаеце, вершы!”. Ён, канешне, зрабіў нейкія праўкі. Але не ўсе з іх я выкарыстаў, бо рука Барадуліна была занадта бачная.

Так з яго блаславення ўпершыню былі надрукаваныя мае вершы. Потым “хвароба” зацягнулася, і набралася вершаў на кніжку. Зноў патэлефанаваў дзядзьке Рыгору. “Нясіце, буду чытаць!..” – пачуў у адказ. Вынікам чытання была прадмова да майго «Агульнага сшытка», чым я вельмі ганаруся.

Вы пішаце толькі па-беларуску…

– Калі б мне хто раней сказаў, што я буду пісаць на беларускай мове, і дапішуся да Саюза пісьменнікаў, я б не паверыў. Як і ўсе, нешта спрабаваў пісаць у юнацтве, вядома, па-руску. А калі праз гады дакрануўся да нашай мовы, зразумеў, што яна невычарпальная скарбонка і ў яе значна больш магчымасцяў для паэтычнай творчасці. Я заўважаю, як сёння рэагуюць людзі на добрыя беларускамоўныя вершы ці спевы. А калі хоць у аднаго чалавека заіскрыліся вочы, – усё не дарма.

“Краявіды”. Здымак Георгія Ліхтаровіча

Мне ўспомніўся радок “Я Беларусь па сметніках збіраю”. Ці гэта пра Вас гаворка? І што Вы маеце на ўвазе, сапраўды збіраеце старыя рэчы?

– Гэта і пра мяне. Бо ва ўсіх сваіх вандроўках па нашай краіне, калі бачу кінуты дом з расчыненымі дзвярыма, я туды ўваходжу. Бывае трапляюцца нейкія цікавыя рэчы, і я іх ратую. Бо дом загіне. Іх жа зараз хаваюць, як мёртвых людзей. Робяць яміны і туды бульдозерам спіхваюць. Застаецца только некалькі пянькоў ад сада. Нешта з гэтых рэчаў трапляе ў музеі, нешта стаіць у мяне на лецішчы і лашчыць вока. Гэта ж успамін пра нашых продкаў, людзей, якія зрабілі гэтую рэч, карысталіся ёй.

Па сметніках таксама збіраю. Каля невялічкай вёскі,  дзе набыў дом пад лецішча, стаіць большая. І сметнік там сур’ёзны. Некалькі разоў на яго наведваўся і набраў адтуль штук пяць жорнаў. Мне шкада, калі такое выкідаецца. Гэта ж цеплыня, хлеб… І калі бачыш гэта ў занядбанні, жахліва і балюча.

Усе гэтыя гады Вы шмат здымаеце Мінск. Ці не надакучыла?

– Горад жыве сваім жыццём. У ім заўжды знаходзіш нешта новае, адметнае. Бывае патрапіш у куток, дзе ўжо быў сто разоў, але там іншае асвятленне, іншая сітуацыя з людзьмі, машынамі, і з’яўляецца новы здымак. Горад – бясконцая тэма для фатографа.

Як вам падаецца, ён змяняецца, развіваецца ў лепшы бок?

– Пад офісы штукуюць Верхні горад,
А я мяркую так на гэты конт:
Саюз пачварны – серп, даляр і молат.
Наладзіць бы ў мазгах еўрарамонт!

Гэта з “Ліхтарыкаў” (кніга вершаў Георгія Ліхтаровіча – прым.)

Шкада, што горад нясе жудасныя страты з пункту гледжання архітэктуры. У нас ставяць будынкі, якія проста душаць архітэктуру. Цырк – гэта ж манументальная будовіна была, а зараз супраць гатэля, што стаіць побач, ён быццам нейкая барадаўка. Нельга парушаць сілуэт горада. І ў шмат якіх краінах любы праект, які яго парушае, не прымаецца.

Ці ёсць у Вас страх анкалогіі?

– Я лічу, што з ёй трэба заўжды змагацца. І шмат залежыць ад настрою чалавека. Медыцына, безумоўна, павінна рабіць сваё, але з хворымі трэба працаваць яшчэ і псіхолагам. Я ведаю прыклады, калі чалавека медыкі фактычна хавалі, аб’яўлялі, колькі яму засталося месяцаў, а ён упіраўся і выходзіў з гэтага стану.

Так што ўсе рэчы, якія робяцца на карысць хворым, я лічу станоўчымі і важнымі.

Адно, што мяне раздражняе, гэта тэлевізійныя зборы грошай на лячэнне. Збіраць іх трэба на зарплату нашым дэпутатам і чынавенству, калі яны вартыя таго, а пра лячэнне цяжкіх хворых павінна рупіцца дзяржава. Не на парады грошы траціць, а першым чынам, на дзетак, а потым і дарослых лячыць.

А калі ў чалавека ўжо няма сіл змагацца?

– Нехта цень наводзіць на пляцень,
Ды пакуль жыву на той планеце,
Для мяне два Святы ёсць на свеце:
Гэта Новы год і Кожны дзень!..

Вось за кожны дзень і трэба змагацца, бо гэта цуд, што ўсё гэта ёсць.

Што Вам дапамагае пераадольваць цяжкасці?

– Бывае, сябры. Бывае і само жыццё, жаданне жыць.

У Вас ёсць улюбёная кніга, кінастужка, музыка?

– Адну кнігу назваць проста немагчыма. Аўтар… Караткевіч, здаецца, банальна, Барадулін – безумоўна. Я проста шчаслівы, што лёс звёў мяне з гэтымі людзьмі, што я жыўцом ведаў і іншых людзей гэтага пакалення.

Які твор Вы б парэкамендавалі чалавеку, які пражывае крызісную сітуацыю?

– У свой час, калі я служыў у войску, прачытаў “Чазенію” Караткевіча. Потым стараўся даць яе пачытаць камусьці яшчэ. Менавіта такія кніжкі з іх узнёсласцю, прагай жыцця, каханнем я б раіў чытаць. А таксама слухаць Высоцкага, Акуджаву, Візбара… А з нашых – Камоцкага, Вайханскіх…

Ці ёсць у Вас герой з рэальнага жыцця?

– Аднаго не назаву. Ад розных людзей нечаму навучаешся.

Што Вас натхняе?

– Абсалютна рознае. Непрадказальна, што можа натхніць ці з’явіцца штуршком да творчасці, напісання чагосьці, здымкаў. Нават сучасны горад месцамі натхняе. Тыя самыя вокны…

Ці ёсць у Вас дэвіз па жыцці?

– Напэўна, гэта канцоўка верша з альбома “Добры дзень, Беларусь”:

І пакуль я жыву – не стамлюся
Несці ў свет запавет свайго дому.
Сэрца – любай. Жыццё – Беларусі.
А свой гонар – нікому. Нікому!

Была ли эта статья полезна?

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.