Кожны з нас, незалежна ад таго, у якой краіне жыве, зведвае ўздзеянне сонечнага ўльтрафіялетавага (УФ) выпраменьвання, і пастаянна ўзрастаючая колькасць людзей адчувае ўплыў штучных крыніц УФ-выпраменьвання – у прамысловасці, гандлі і на адпачынку. Важна не забываць, што чалавек не можа фізічна адчуваць уздзеянне УФ-прамянёў. Цяпло, якое мы адчуваем ад сонца, – гэта іншы тып прамянёў, інфрачырвоны. Тое, што добра і што дрэнна для цела чалавека, калі ён зведвае натуральнае ці штучнае УФ-выпраменьванне, трэба добра ўсведамляць.
Якія асаблівасці ўздзеяння кожнага УФ-выпраменьвання на чалавека?
Якім чынам людзі падвяргаюцца ўздзеянню УФ-выпраменьвання?
Што паказваюць даследаванні пра уздзеянне штучных УФ-прамянёў у салярыях?
Ці можа рак скуры пашырацца на другія органы цела?
На якія сімптомы звяртаць увагу?
Як правільна выкарыстоўваць сонца?
Сонца – крыніца жыцця на нашай планеце. Нашы продкі, не валодаючы сучаснымі ведамі, тым не менш разумелі, што ім дае святло. У дахрысціянскую эпоху бога Сонца называлі Даждзьбог, сын Сварога, бога неба. Лічылася, што Даждзьбог апекуе і вучыць земляробаў, верылі, што ён дае фізічную сілу, здароўе, майстэрства. Імя яго не мела нічога агульнага з дажджом, а азначала “Бог, які дае”. Усё гэта было невыпадкова, бо жыццё нашых прашчураў праходзіла ў дзённы час на вуліцы, для шмат каго за заняткам сельскай гаспадаркай, а значыць, пад сонечным святлом. Яны не маглі не адчуваць розніцу нават у настроі ў розныя поры года.
У цяперашні час, маючы велізарны арсенал дыягнастычных і даследчых сродкаў, мы можам дэталёва апісаць, чаму ўлетку мы радасней, працаздольней і, магчыма, дабрэй.
Сонечнае святло добра ўплывае на кожнага чалавека. Навукоўцы прызнаюць яго выдатным антыдэпрэсантам, здольным разагнаць нуду і вярнуць адчуванне шчасця. Дзякуючы чаму гэта адбываецца? Навукоўцы ўпэўненыя, што прычына ў гармонах. У адказ на бясхмарнае неба і яркія прамяні мозг пачынае выпрацоўваць павышаную колькасць эндарфінаў – гармонаў задавальнення і радасці. Таксама выпрацоўваецца сератанін – “гармон” шчасця і выдатнага настрою. Ён у дадатак павялічвае і рухальную актыўнасць. Адсюль і антыдэпрэсіўны эфект сонца. Пад уздзеяннем сонечнага святла ў арганізме адбываецца выпрацоўка вітаміна D, які ўдзельнічае ў засваенні фосфару і кальцыя. Дэфіцыт гэтага вітаміна прыводзіць да парушэння кальцыевага абмену і засваенні кальцыя. І тады, колькі б тварагу мы не з’елі, кальцый усё роўна будзе вымывацца з костак. У гэтым выпадку ў дарослых развіваецца сумна вядомы астэапароз – крохкасць костак, якая вядзе да пераломаў на роўным месцы, а ў дзяцей – рахіт.
Нядаўна выявілі яшчэ адну ўнікальную ўласцівасць вітаміна D. Ён падаўжае жыццё. Аказалася, што людзі з нізкім утрыманнем гэтага вітаміна маюць вялікія шанцы памерці раней за тэрмін – на 26% вышэй паводле ацэнак навукоўцаў Медыцынскага каледжа А. Эйнштэйна ў ЗША. Дэфіцыт вітаміна правакуе развіццё гіпертаніі і ўзмацняе схільнасць да лішняй вагі.
Дарэчы, апроч сонечнага святла, вітамін D можна атрымліваць з ежай. Да прадуктаў з найвышэйшым яго ўтрыманнем адносяцца тлустая рыба (ласось, скумбрыя, сардзіны), рыбін тлушч, жаўток яйка і ялавічная печань. Папаўненне гэтых прадуктаў у рацыёне дапаможа падтрымаць узровень вітаміна D у норме. Таксама пры пастаянным знаходжанні на сонцы важна павялічыць ужыванне садавіны і гародніны, у якіх утрымліваецца вітамін С, таму што на сонцы ў арганізме ён хутчэй растрачваецца.
Як правіла, на сонцы знікаюць вугры, болькі і розныя запаленні на скуры. Да таго ж парэзы значна лягчэй гояцца ўлетку. А ўсё таму, што ўльтрафіялетавыя прамяні маюць антыбактэрыцыдную здольнасць і забіваюць бактэрыі, вірусы і грыбкі.
! Аднак неабходна памятаць, перадазіроўка нават самых карысных лекаў прыносіць шкоду.
Залішняе знаходжанне на сонцы прыводзіць да сур’ёзных праблем са скурай. У кароткатэрміновай перспектыве ёсць рызыка зарабіць апёк ці дэрматыт. Калі падобная сітуацыя паўтараецца рэгулярна, выпраменьванне сонца стане штуршком да фармавання злаякасных новаўтварэнняў на скуры.
У наш час праводзяцца даследаванні, наколькі само па сабе шкодна сонца для скуры. Навукоўцы параўноўваюць дадзеныя ў тых, хто наогул не карыстаўся крэмамі, і тымі, што іх ужываў рэгулярна. Атрыманыя вынікі паказваюць, што небяспека натуральных сонечных прамянёў некалькі перабольшана. А вось штучныя замяняльнікі сонца – ультрафіялетавыя лямпы, салярыі – вельмі шкодныя і здольныя выклікаць рак скуры. Даследаванні ў гэтым напрамку працягваюцца.
Ультрафіялетавае выпраменьванне, або УФ-прамяні, – гэта электрамагнітнае выпраменьванне з даўжынёй хвалі карацей, чым у бачнага святла, але даўжэй, чым у рэнтгенаўскіх прамянёў. Яно падзяляецца на тры асноўных тыпу: УФ-А, УФ-Б і УФ-С, кожны з якіх мае свае асаблівасці і ўзроўні ўздзеяння на жывыя арганізмы.
Калі сонечнае святло праходзіць скрозь атмасферу, усе УФ-С прамяні і прыкладна 90% УФ-Б-прамянёў паглынаюцца азонам, парай вады, кіслародам і вуглякіслым газам. На УФ-А-прамяні атмасфера ўплывае ў меншай ступені. Таму УФ-выпраменьванне, якое дасягае паверхні Зямлі, у асноўным складаецца з УФ-А-прамянёў і невялікай колькасці УФ-Б-прамянёў.
Спусташэнне азонавага слоя, верагодна, яшчэ больш павялічыць адмоўныя эфекты для здароўя ад уздзеяння УФ-выпраменьвання. С цягам часу, як азонавы пласт вытанчаецца, атмасферны ахоўны фільтр становіцца ўсё слабейшым. У выніку людзі і навакольнае асяроддзе аказваюцца пад уздзеяннем больш высокіх узроўняў УФ-выпраменьвання, асабліва УФ-Б-выпраменьвання, якое аказвае найбольш моцнае неспрыяльнае ўздзеянне на здароўе людзей, жывёл, марскія арганізмы і жыццё раслін.
Паводле прагнозаў, складзеных з выкарыстаннем кампутарных мадэляў, 10%-е паніжэнне канцэнтрацыі стратасфернага азону можа стаць прычынай штогадовага павелічэння захворвання меланомай (на 4 500 выпадкаў), іншымі разнавіднасцямі рака скуры (на 300 000 выпадкаў), а таксама дадаткова выклікаць 1,6- 1,75 мільёнаў выпадкаў захворвання на катаракту ва ўсім свеце.
Якія асаблівасці ўздзеяння кожнага УФ-выпраменьвання на чалавека?
УФ-А-прамяні пранікаюць глыбей ва ўнутраны слой скуры (дэрму) і выклікаюць заўчаснае старэнне скуры, але ў меншай ступені спрыяюць сонечным апёкам. Тым не менш пры лішку УФ-А-выпраменьвання рызыка ўзнікнення некаторых відаў раку скуры павялічваецца.
УФ-Б-прамяні пашкоджваюць самыя вонкавыя слаі скуры і выклікаюць большасць сонечных апёкаў скуры, кан’юнктывы і рагавіцы вока. Яны могуць напрамую пашкоджваць ДНК у клетках скуры і вока. Таксама лічыцца, што яны выклікаюць большасць відаў раку скуры.
Прамяні УФ-С, самыя небяспечныя для чалавека, на шчасце, не дасягаюць землі, паколькі рэагуюць з азонам у верхніх слаях нашай атмасферы. Таму яны звычайна не з’яўляюцца фактарам рызыкі. Але прамяні УФ-С могуць зыходзіць ад некаторых штучных крыніц, такіх як гарэлкі дугавой зваркі, ртутныя лямпы і лямпы ўльтрафіялетавай дэзінфекцыі, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння бактэрый і іншых мікробаў (напрыклад, у вадзе, паветры, ежы ці на паверхнях).
Якім чынам людзі падвяргаюцца ўздзеянню УФ-выпраменьвання?
Натуральныя крыніцы
Сонечнае святло з’яўляецца асноўнай крыніцай УФ-выпраменьвання. Колькасць УФ-прамянёў, якое атрымлівае чалавек, залежыць ад іх сілы, працягласці часу ўздзеяння на скуру і ад таго, ці абаронена скура адзеннем ці сонцаахоўным крэмам і акулярамі.
Штучныя крыніцы
– Салярыі: колькасць і тып УФ-выпраменьвання, якому чалавек падвяргаецца ў салярыі, залежыць ад канкрэтных лямпаў, часу знаходжання ў капсуле і ад частаты наведванняў. Большасць УФ-салярыяў выпраменьваюць у асноўным прамяні УФ-А, але таксама і УФ-Б.
– Фотатэрапія (УФ-тэрапія): некаторыя праблемы са скурай (напрыклад, псарыяз) лечацца з дапамогай УФ-выпраменьвання. Адзін з відаў лячэння, званы PUVA, выкарыстоўвае УФ-А-выпраменьванне разам з прэпаратам псарален, які робіць скуру больш адчувальнай да УФ-выпраменьвання. Іншы варыянт лячэння выкарыстоўвае толькі УФ-Б, без прэпарата.
– Лямпы чорнага святла: гэтыя лямпы выкарыстоўваюць лямпачкі, якія выпускаюць ультрафіялетавыя прамяні (у асноўным УФ-А). Гэтыя лямпачкі маюць фіялетавае свячэнне і выкарыстоўваюцца для дэзінфекцыі, выяўлення грыбковых і бактэрыяльных захворванняў, вугроў, меланомы.
– Ртутныя лямпы: ртутныя лямпы можна выкарыстоўваць для асвятлення вялікіх грамадскіх месцаў, такіх як вуліцы, стадыёны ці спартзалы. Яны не падвяргаюць людзей уздзеянню ўльтрафіялетавых прамянёў, калі працуюць правільна. У сапраўднасці яны складаюцца з 2-х лямпачак: унутранай, якая выпраменьвае святло і ўльтрафіялетавыя прамяні, і вонкавай, якая фільтруе ўльтрафіялет. Уздзеянне ўльтрафіялету можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі вонкавая колба разбіта. Некаторыя ртутныя лямпы сканструяваны так, каб выключацца пры паломцы вонкавай колбы.
– Ксенонавыя і ксенон-ртутныя дугавыя лямпы высокага ціску, плазменныя гарэлкі і зварачныя дугі: ксенонавыя і ксенон-ртутныя дугавыя лямпы выкарыстоўваюцца ў якасці крыніц святла і УФ-прамянёў для шматлікіх мэт, такіх як УФ-ацвярджэнне (чарніла, пакрыццяў і г. д.), дэзінфекцыі, для імітацыі сонечнага святла (напрыклад, для тэсціравання сонечных панэляў) і нават у некаторых аўтамабільных фарах. Большасць з іх, нараўне з плазменнымі гарэлкамі і зварачнымі дугамі, у асноўным выклікаюць хваляванне з пункту погляду ўздзеяння УФ-выпраменьвання на працоўным месцы.
Сонечны апёк павялічвае рызыку развіцця раку, таму што пашкоджваецца скура і арганізм спрабуе аднавіць яе. Калі клеткі скуры атрымліваюць вялікую колькасць УФ-прамянёў, ДНК у клетках можа пашкодзіцца, што прывядзе к раку скуры.
Адзін раз абгарэць на сонцы не азначае, што вы абавязкова захварэеце на рак скуры. Але чым часцей вы будзеце абгараць на сонцы, тым вышэй рызыка.
Любы можа атрымаць сонечны апёк, але на ўзровень рызыкі ўплывае тон скуры. Людзі са светлым тонам маюць больш высокую рызыку сонечнага апёку, а людзі з цёмным тонам – ніжэйшую.
Сонечны апёк не абавязкова павінен быць вільготным, лушчаным або пухірыстым. У людзей з больш цёмным тонам скуры скура можа быць раздражнёнай, адчувальнай ці свярбець. У людзей са светлым тонам скуры яна таксама можа стаць ружовай ці чырвонай на сонцы.
Паколькі УФ-прамяні не пранікаюць глыбока ў цела, не было выяўлена, каб яны выклікалі рак унутраных органаў. Аднак некаторыя даследаванні паказалі магчымыя сувязі паміж УФ-прамянямі і некаторымі іншымі відамі раку, уключаючы карцыному з клетак Меркеля (менш распаўсюджаны тып раку скуры) і меланому вока.
Што паказваюць даследаванні пра уздзеянне штучных УФ-прамянёў у салярыях?
Даследаванні паказалі, што людзі, якія карыстаюцца салярыямі (або кабінкамі для загару), маюць больш высокую рызыку развіцця раку скуры, у тым ліку меланому, а таксама плоскаклетачны і базальнаклетачны рак скуры.
Загар у салярыі можа павялічыць рызыку развіцця базальнаклетачнага раку скуры на 24%, а плоскаклетачнага – на 58%.
Рызыка развіцця меланомы павялічваецца прыкладна на 60%, калі чалавек пачынае наведваць салярый да 35 гадоў. А рызыка развіцця базальнаклетачнага і плоскаклетачнага раку скуры павялічваецца, калі чалавек пачынае наведваць салярый да 25 гадоў.
Ці можа рак скуры пашырацца на другія органы цела?
Так. Рак скуры можа прарастаць скрозь слаі скуры і распаўсюджвацца на іншыя часткі цела.
Памятайце, калі рак скуры знойдзены на ранняй стадыі, лячэнне, хутчэй за ўсё, будзе паспяховым. Калі вы заўважылі якія-небудзь незвычайныя змены на скуры, звярніцеся да лекара.
Рак скуры можа выглядаць вельмі па-рознаму, і сімптомы могуць адрознівацца. Некаторыя сімптомы падобныя да сімптомаў іншых захворванняў.
На якія сімптомы звяртаць увагу?
Язва
Назірайце за ўчасткам скуры, на якім утварылася язва і не гоіцца на працягу 4 тыдняў, а вы не можаце зразумець прычыну гэтага.
Зацвярдзенне
Яно можа быць невялікім, павольна расці, бліскучым, ружовым ці чырвоным.
Чырвоныя плямы на скуры
Гэтыя плямы таксама могуць часацца. Гэта можа быць звязана з іншымі неракавымі захворваннямі скуры, але лепш звярнуцца да лекара.
Вяснушкі ці радзімкі
Змяненне радзімкі або вяснушкі можа быць прыкметай іншага тыпу рака скуры – меланомы.
Звярніцеся да лекара, калі ў вас ёсць які-небудзь з гэтых сімптомаў ці вас турбуюць якія-небудзь анамальныя ўчасткі скуры.
Як правільна выкарыстоўваць сонца?
Выпрацоўвайце вітамін D. У 2017 годзе праводзілася даследаванне ў азіяцкіх краінах па наяўнасці вітаміна D. Пры такім багацці сонечных дзён аказалася, што ў жыхароў Пакістана, ААЭ і іншых суседніх краін назіраецца высокі ўзровень дэфіцыту вітаміну D. Чаму? З-за традыцыйнага доўгага адзення, якое хоць і з натуральных тканін, але цалкам закрывае цела, а ў жанчын – нават твар. Таму важна бываць на сонца з адкрытымі ўчасткамі цела і ў той час, калі ваш цень карацейшы за рост, калі вы станеце супраць сонца. У адваротным выпадку выпрацоўка вітаміна D мінімальная. Таму кожны чалавек мае патрэбу ў штодзённым 15-хвілінным уздзеянні ўльтрафіялетавых прамянёў, каб у скуры ўтварылася дастатковая колькасць вітаміна D. Але пазбягайце небяспечнага часу!
Пазбягайце небяспечнага часу. Яго можна вызначаць па УФ-індэксу, які заўсёды публікуецца ў прагнозе надвор’я. Яго шкала: ад 0 да 13, дзе 0 азначае цалкам бяспечны ўзровень УФ-выпраменьвання.
- Нізкі (1-2): уздзеянне ўльтрафіялету ў гэтыя дні адносна невялікае, і рызыка сонечных апёкаў невялікая нават для людзей з адчувальнай скурай. Варта выконваць звычайныя меры засцярогі. Ідэальны час для прагулак.
- Умераны (3-5): Варта рэгулярна прымаць меры па абароне ад ультрафіялету. Шукайце цень апоўдні (з 11:00 да 16:00).
- Высокі (6-7): дбайная абарона ад сонца неабходна для абароны ад сонечных апёкаў у тых, хто схільны да сонечных апёкаў.
- Вельмі высокі (8-10): у гэтыя дні неабароненая скура можа хутка згарэць. Прыміце дадатковыя меры засцярогі, каб абараніць скуру ад апёкаў, і паспрабуйце пазбягаць актыўнага адпачынку апоўдні.
- Экстрэмальны (11+): неабароненая скура можа згарэць на працягу некалькіх хвілін. Па магчымасці мінімізуйце знаходжанне на сонца.
Звярніце ўвагу, што пясок, снег і іншыя яркія паверхні могуць амаль падвоіць уздзеянне ўльтрафіялету.
Што рабіць, калі УФ-індэкс высокі?
Тым, хто схільны да апёкаў, варта старанна абараняць скуру ад сонца ў дні з высокім УФ-індэксам. Гэта будзе ўключаць:
- Пазбягайце заняткаў на адкрытым паветры з 11:00 да 16:00.
- Наносьце сонцаахоўны крэм SPF 30+ на адкрытыя сонцу ўчасткі, калі будзеце выходзіць на вуліцу.
- Паўторна наносьце сонцаахоўны крэм кожныя 2 гадзіны знаходжання на сонцы, а таксама пасля моцнага потавыдзялення і водных заняткаў.
- Па магчымасці шукайце цень.
- На вуліцы насіце сонцаахоўную вопратку з доўгім рукавом і штанамі.
- Бараніце вочы, вушы і скуру галавы сонцаахоўнымі акулярамі і шыракаполымі капелюшамі.
Пацейце! Потавыдзяленне служыць дадатковым сродкам абароны ад сонечных прамянёў. Таму гульня ў пляжны валейбол, баскетбол і іншыя рухомыя гульні толькі вітаецца.
Што есці і піць. Піце больш воды, а таксама якаснай зялёнай гарбаты або натуральных сокаў (яблычнага, маркоўнага, апельсінавага і, асабліва, гранатавага), ешце садавіну, гародніну, бабовыя і арэхі і як мага менш смажанага і вэнджанага. Пры ўздзеянні сонечных прамянёў на скуру чалавека адбываецца пашкоджанне тканак і ўтварэнне вялікай колькасці свабодных радыкалаў. Для атрымання “рэанімуючага” антыаксідантнага эфекту да і пасля знаходжання на сонцы неабходна ўжываць пабольш прадуктаў і напояў з высокім утрыманнем элементаў, якія нейтралізуюць свабодныя радыкалы.
Беражыце вочы. Абараняць трэба не толькі галаву і цела, але і вочы, паколькі ўльтрафіялет разбурае сеткавіцу вока. Каб пазбегнуць гэтага, варта насіць сонечныя акуляры. Да іх выбару трэба падысці вельмі адказна. Акуляры нізкай якасці могуць толькі павялічыць разбуральную сілу УФ-прамянёў. Таму купляць гэты важны аксэсуар варта толькі ў оптыках, а не ў падземных пераходах і іншых сумнеўных месцах.
Будзьце ўважлівыя да сябе і свайго здароўя, не грэбуйце правіламі абароны ад сонечных прамянёў. Будзе сонца ў радасць ці прынясе непрыемнасці – залежыць толькі ад вас.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы сайтаўwww.who.int, www.cancerresearchuk.org, https://acsjournals.onlinelibrary.wiley.com, https://pub.med.