Пасля публікацыі асабістай гісторыі Іны Малаш да нас сталі паступаць пытанні, якія тычацца анкадыеталогіі. Ёсць асабліва індывідуальныя, якія тычацца спецыфічнага фізічнага стану чалавека. Ёсць больш агульныя, пазнавальныя. Напрыклад, паступіла пытанне, вынесенае ў загаловак.
Мы звярнуліся да лекара-анкадыетолага Наталлі Беляковай з просьбай адказаць на яго. Наталля Іосіфаўна з радасцю пагадзілася. І больш таго, выказала гатоўнасць і надалей дапамагаць нам развіваць тэму анкадыеталогіі для анкапацыентаў, якія маюць пытанні. Так што пішыце нам! Будзем разам шукаць адказы.
А зараз запрашаем азнаёміцца са зместам гутаркі лекара і адміністратара сайта Ірыны Жыхар аб тым, ці адрозніваецца харчаванне анкахворых людзей у перыяд актыўнага лячэння ад харчавання здаровых з улікам міфаў, якія жывуць у пацыентскім коле.
– Харчаванне анкахворага ў перыяд лячэння хутчэй адрозніваецца ад харчавання здаровага чалавека, чым не. Часцей за ўсё гаворка аб адрозненнях у харчаванні заходзіць тады, калі ў хворага чалавека назіраецца некантралюемая страта вагі. Я б у дадзены момант падзяліла страту масы цела на момант пастаноўкі дыягназу, якая часцей за ўсё характэрна для раку падстраўнікавай залозы, стрававода, лёгкіх, печані, тоўстай кішкі, страўніка, а таксама рака галавы і шыі, ад страты масы цела ў перыяд лячэння, паколькі менавіта ў гэты перыяд для многіх анкапацыентаў становіцца вострай праблема недастатковасці харчавання, знясілення шкілетных мышцаў і тлушчавай тканкі.
На фоне супрацьпухліннага лячэння хворы чалавек можа папросту страціць апетыт, альбо часта можа адчуваць прыступы млоснасці і ваніты, альбо трапіць у дэпрэсію. І гэта справакуе зніжэнне вагі. Пагоршыць сітуацыю можа змена смаку ежы, сухасць у роце і цяжкасці з глытаннем, пах страў.
Такія парушэнні звыклага ладу харчавання цягнуць за сабой недастатковае спажыванне пажыўных рэчываў і знясіленне запасаў бялку, уклад якога ў здароўе пераацаніць немагчыма.
- Чаму анкахворы не павінен адмаўляцца ад бялку?
Часам можна пачуць ад анкахворых, што яны адмаўляюцца ад ежы і будуць галадаць, каб не карміць пухліну. Выраз «карміць пухліну», які стаў вельмі знакавым, можа моцна нашкодзіць пацыентам, якія праходзяць лячэнне. Чамусьці ўсе, каго пераканалі дыеты ў інтэрнэце ці непрафесійныя дыетолагі, лічаць, што раз пухлінныя клеткі сілкуюцца бялкамі, а энергію чэрпаюць з тлушчаў і вугляводаў, то лагічна пухліну не карміць ні бялкамі, ні тлушчамі, ні вугляводамі. Тады яна памрэ з голаду сама. Гэта памылка. Калі чалавек будзе галадаць больш за 30 дзён, ён проста сам памрэ галоднай смерцю, таму што здаровыя клеткі таксама сілкуюцца тымі ж бялкамі, тлушчамі, вугляводамі. Таму галаданне – гэта сапраўды не выйсце.
Хтосьці, прачытаўшы ў інтэрнэце шмат розных парадаў, вырашае адмовіцца ад прадуктаў, у якіх шмат бялку. Гэта мяса, рыба, малочныя прадукты, яйкі (яечны бялок), крупы, збожжавыя, бабовыя. Чаму гэтае памылковае рашэнне?
Напачатку давайце ўзгадаем, навошта арганізму патрэбен бялок? Сёння па гэтым пытанні няма супярэчнасцей. Бялок патрэбен, каб абараняць наш арганізм ад віруснай, бактэрыяльнай інфекцыі, уздзеяння таксічных рэчываў, каб паскараць праходжанне хімічных рэакцый у арганізме, каб транспартаваць розныя рэчывы ў клетку, з клеткі, унутры клеткі, а таксама ў кроў і іншыя вадкасці і г.д.
У арганізме кожнага з нас, нават калі цалкам адмовіцца ад ежы, на нейкі час ёсць “запасы на чорны дзень”. У падскурным тлушчы, напрыклад, знаходзяцца запасы энергіі. Нездарма ж у народзе кажуць “пакуль тоўсты сохне, худы здохне”. І частыя перыяды голаду ў гісторыі цывілізацыі гэта даказалі. Але з бялкамі сітуацыя іншая. Запасы бялку змяшчаюцца ў іншых тканках арганізма, у першую чаргу, у шкілетных мышцах. І калі недастаткова яго ўжываць, то пухлінныя клеткі, якія развіваюцца, знойдуць бялок там і ўжывуць яго ў ежу. І ў выніку ў хворага пачнецца “усыханне мышцаў”. А без пэўнай мышачнай масы любое лячэнне анкалагічнага захворвання, няхай гэта будзе хімія- ці прамянёвая тэрапія, значна менш эфектыўна, а часам і зусім немагчыма. А калі знясільваюцца мышцы сэрца і дыяфрагмы, напрыклад, то пацыенту становіцца проста цяжка дыхаць і забяспечваць крывёй усе жыццёва важныя органы.
Таму заклікаю не проста не адмаўляцца ад бялку ў перыяд лячэння, а забяспечыць свой рацыён аптымальным якасным складам бялку з уключэннем бялкоў як жывёльнага, так і расліннага паходжання. Вычэрпванне запасаў бялку прывядзе да зніжэння як тлушчавай, так і мышачнай масы, і ў выніку да страты вагі. Гэта, у сваю чаргу, пацягне за сабой зніжэнне фізічнай актыўнасці, павышэнне стамляльнасці; знізіцца якасць жыцця, пагоршыцца пераноснасць лячэння і прагноз захворвання.
- Як вызначыць, што анкахвораму патрэбна карэкцыя харчавання?
Для гэтага трэба праводзіць рэгулярную ацэнку харчавання, рэкамендуецца пачынаць з моманту пастаноўкі дыягназу анкалагічнага захворвання і паўтараць з цягам часу, напрыклад, штотыдзень.
Праводзіць такі аналіз лепш па некалькіх пунктах:
1. кантроль вагі хворага чалавека за апошнія 3 месяцы. Калі ён зніжаецца, гэта нагода задумацца.
2. складанне індэкса масы цела. ІМЦ разлічваецца па формуле: ІМЦ = вага (кг) / рост2 (м). Напрыклад, маса чалавека = 74 кг, рост = 1,72 м. Значыць, індэкс масы цела ў гэтым выпадку роўны: ІМЦ = 74 : (1,72х1,72) ≈ 25,02 кг/м². Калі з цягам часу ў вас ІМЦ упаў ніжэй за 18,5 кг/м2, гэта нагода для кансультацыі з лекарам-дыетолагам.
3. штотыднёвы кантроль аб’ёму спажытай ежы. Важна візуальна ацаніць, з’ядае хворы звычайную порцыю ці яна паменшылася з часам.
Пры адказе “Не” на ўсе пытанні варта паўторна паўтараць ацэнку 1 раз на тыдзень.
Пры адказе “Так” хаця б на адно з пытанняў трэба звярнуцца па кансультацыю да лекара-дыетолага.
Таксама ў хатніх умовах можна ацаніць стан апетыту. Для ацэнкі можна скласці аналагава-візуальную шкалу, у якой ёсць дзяленні 0-1-2-3-4-5-6-7-8-9-10 балаў, дзе 0 азначае поўную адсутнасць апетыту, а 10 – вельмі добры апетыт. Аналіз праводзяць за нейкі папярэдні перыяд, напрыклад, тыдзень. Калі з цягам часу колькасць балаў змяншаецца, гэта азначае, што апетыт неабходна карэктаваць. Мэтазгодна ў гэты ж час пачаць весці дзённік харчавання (у выглядзе тэксту або фота), у якім будзе фіксавацца, што і колькі хворы есць. Пры наведванні лекара-дыетолага такая ацэнка стану апетыту і дзённік харчавання дапамогуць скласці максімальна карысны індывідуальны план харчавання.
Індывідуальны план харчавання абапіраецца на тую задачу, якую вызначаюць сумесна лекар-дыетолаг і анкахворы. Як правіла, асноўнымі задачамі для карэкцыі з’яўляюцца:
- утрыманне масы цела ў межах аптымальнага дыяпазону;
- прадухіленне або карэкцыя дэфіцыту макра- і мікранутрыентаў;
- павышэнне пераноснасці супрацьпухліннай тэрапіі;
- зніжэнне выяўленасці негатыўных эфектаў супрацьпухліннага лячэння;
- павышэнне якасці жыцця.
Важна ў перыяд лячэння быць уважлівымі да сябе, тады шанц паправіцца павялічваецца шматразова!
Гутарку з лекарам вяла Ірына Жыхар.
Паважаныя чытачы, чакаем вашы пытанні на электронную пошту oncopatient.by@gmail.com ці ў сацсеткі. Асаблівыя індывідуальныя пытанні мы не будзем накіроўваць лекару для адказаў, паколькі не праводзім індывідуальных кансультацый.