Яшчэ Арыстоцель, які жыў каля 2,5 тысяч гадоў таму, казаў “Душа не можа думаць, не малюючы”. Магчыма, у тым ліку і дзякуючы гэтаму ўнікальнаму ўніверсальнаму чалавеку, выяўтэрапія сёння – найбольш развіты і выкарыстоўваемы кірунак у арт-тэрапіі.
Пра яе можна казаць вельмі шмат. Менавіта здольнасць псіхікі праецыраваць унутраныя перажыванні на вонкавыя вобразы ляжыць у аснове выяўтэрапіі. Акрамя гэтага, методыка спрыяе развіццю прасторавага мыслення, утварэнню новых нейронавых сувязяў.
Можна маляваць кляксамі, плямамі, ніткамі, алоўкамі, маркерамі, можна выкарыстоўваць графітавыя алоўкі, пяро і чарнілы, крэйды, вугаль… Можна маляваць спантанна, крамзолямі, як адчуваеш. Ёсць вельмі шмат напрамкаў у выяўтэрапіі. Акрамя малявання спецыялісты выкарыстоўваюць колератэрапію, малюначную праектыўную дыягностыку і г.д. Важна, што мы бачым у сваіх малюнках і ці дастаўляе гэта нам задавальненне.
У мяне быў унікальны выпадак, калі я сама ляжала ў бальніцы і праводзіла для жадаючых занятак па спантанным маляванні. Мы малявалі крамзолямі свае эмоцыі. Потым у гэтых крамзолях знаходзілі малюнкі і размалёўвалі. У кагосьці гэта было пра адносіны, у кагосьці пра здароўе. Адна жанчына, у якой на наступны дзень была аперацыя, у сваіх крамзолях убачыла мора, падарожжа, самалёт, на якім яна ляціць у Грузію. Сваю карцінку яна прымацавала ў падгалоўе ложка на сцяну і паехала на аперацыю. Калі санітарка прыйшла прыбіраць палату, яна паспрабавала сарваць, спасылаючыся, што санстанцыя не дазваляе. Але мы абаранілі. Санітарка разжалілася, уявіўшы, як пасля аперацыі жанчыну прывязуць на каталцы, яна ўбачыць сваю мару і ўсміхнецца. Так і сталася. Як толькі яна змагла хадзіць, сваю мару яна схавала ў тумбачку. Не ведаю, ці з’ездзіла яна ў Грузію пасля лячэння, мы не абмяняліся кантактамі, але мне здаецца, так. Вельмі ж ўжо ёй хацелася. Калі мы дакладна ведаем, чаго хочам, мы разумеем, што для гэтага трэба зрабіць і робім.
Выяўтэрапія вельмі добра працуе з вобразам цела. Пасля аперацыі ў некаторых людзей выдаляюць нейкія органы і трэба ўсвядоміць, прыняць змены. У сваёй практыцы я выкарыстоўваю практыкаванне з мапай свайго цела. Мы яе складаем, напаўняем ландшафтам, і знаходзім тыя кропкі клопату, якія могуць дапамагчы здабыць гэтую новую цялеснасць, прыняць яе і палюбіць.
Мандалатэрапія як частка выяўтэрапіі
Літаральны пераклад слова “мандала” значыць “малюнак у крузе”. Карані практыкі цягнуцца з народных традыцый і вераванняў. Вядомы псіхіятр, заснавальнік аналітычнай псіхалогіі Карл Густаў Юнг выкарыстоўваў старажытнаіндыйскую мандалу для працы з пацыентамі і ў сваім асабістым жыцці. Ён лічыў, што круглая форма мандалы дапамагае спраецыраваць свой унутраны космас на малюнак.
Метад можа быць карысны тым, хто хоча запаволіцца, рэлаксіраваць, усвядоміць нешта неспяшаючыся. Гэта той момант, калі я атрымліваю нейкае ўлагоджванне і разумею, што магу супакоіцца.
Сам круг мае гаючую форму. Калі я гневаюся і малюю языкі агню, то замыкаючы яго ў круг, я ўсведамляю, што магу кіраваць гэтым гневам. Такія моманты з’яўляюцца гаючымі.
Але ёсць людзі, у якіх малюнак па крузе можа выклікаць раздражненне. Ім хочацца крэсліць і штрыхаваць. Значыць, гэты метад у гэты момант чалавеку не падыходзіць. Трэба выкарыстоўваць іншы.
Г.зн. гэтая тэрапія, як і любая іншая, адных можа супакойваць, а іншых – раздражняць. Таму вельмі важна скарыстацца тым, што дапамагае вам асабіста. Да чаго не ляжыць душа, не ўжывайце.
Калі рэзюміраваць у цэлым, перавагі выяўтэрапіі ў наступным:
– Яна спрыяе эмацыйнаму выказванню: выяўтэрапія з дапамогай малюнка можа дапамагчы людзям выказаць сябе невербальным спосабам, без слоў, што можа быць асабліва карысна для тых, каму цяжка выказаць свае пачуцці.
– Яна можа знізіць стрэс і турботнасць: творчы працэс аказвае заспакойваючае і ўлагоджваючае дзеянне.
– Яна павялічвае ўзровень самасвядомасці: малюнак можа дапамагчы людзям глыбей зразумець свае эмоцыі, паводзіны і мадэлі мыслення, што становіцца магутным сродкам для асабістага росту і развіцця.
– Яна падыходзіць для любога ўзросту. Дарослыя і дзеці малююць з задавальненнем.
Не забывайце сёння і кожны дзень клапаціцца пра сябе!
Ваша анкапсіхолаг Іна Малаш.
Ці выкарыстоўвалі вы выяўтэрапію ў сваім жыцці пасля анкадыягназу? Падзяліцеся!
Тэлефануйце, пішыце на пошту oncopatient.by@gmail.com ці ў сацсеткі.